Яна па-ранейшаму такая ж баявая і гарэзлівая, як у маладосці. Выпісвае і ад коркі да коркі чытае раёнку. Можа спець “Касіў Ясь канюшыну” і вышыць ручнік. Нягледзячы на свой узрост, Ганна Барысаўна Раманюк (у дзявоцтве Коктыш) умела спраўляецца са сваім агародам і гаспадаркай — дзвюма козачкамі і шасцю казлянятамі, качкамі і курачкамі.
На думку Ганны Барысаўны, не “здавацца” ўзросту ёй дапамагаюць дом, як надзейная крэпасць, любімыя справы і добрыя ўспаміны.
А жанчыне ёсць што расказаць. Нараджэнне яе супала з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. І хаця зусім маленькая была, памяць захавала холад, голад, нястачу і выбухі снарадаў. Пасля вайны, як крышку падрасла, дапамагала бацькам у полі — навучылася сеяць, жаць, малаціць. Работы хапала заўжды, праца дапамагала дзяўчыне адчуць цану акрайчыка хлеба і радасць падтрымкі родных людзей.
З дзяцінства Ганна любіла жывёл. Таму пасля школы паступіла ў Пінскі ветэрынарны тэхнікум, затым — у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Працоўную біяграфію пачала ў кобрынскім калгасе “Запаветы Ільіча”. А з 1972 па 1996 рупілася старшым заатэхнікам Жабінкаўскага раёна на племстанцыі. Пры гэтым, дзе б ні працавала, заўжды прысвячала любімай справе сваю энергію і сілы. Яе самаадданасць была заўважана і ўзнагароджана паездкамі ў Маскву на ВДНГ і ў Прыбалтыку. Ганна Барысаўна захоўвае стос грамат абласнога і раённага ўзроўню, узнагароджвалася Граматай Вярхоўнага Савета СССР, ордэнам Пашаны і іншымі.
Разам з мужам Сцяпанам яна выхавала траіх дачушак — Галіну, Наталлю і Алёну, якія выраслі годнымі людзьмі. Калі Раманюкі пайшлі на заслужаны адпачынак, перабраліся жыць у Панцюхі.
Як былы заатэхнік Ганна Барысаўна любіць клапаціцца пра козачак Мілку і Малышку і іх казлянят. Паднесці ім сена, падаслаць, насыпаць корм з радасцю дапамагаюць частыя і жаданыя госці — дочкі і шасцёра ўнукаў.
Напрыклад, Вадзім, адзін з унукаў, заўжды з задавальненнем едзе да бабулі. Заўважае, што яна вельмі працалюбівая і жыццярадасная. Дачка Галіна адзначае ўменне матулі не пускаць негатыў у душу, бо яна — чалавек незвычайнай душэўнай шчырасці і шчодрасці. А якім кранальным клопатам і любоўю яна акружае дзяцей і ўнукаў!
Ганна Барысаўна лічыць сябе чалавекам шчаслівым.
— Хочаце жыць доўга? Працуйце і жывіце ў гармоніі з навакольным светам! — раіць яна.
Кацярына ЦІТОВА.
Фота Святланы КІСЛАЙ.
Главные новости
