“Для выратавання” 214 тысяч еўра!

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Жабінкаўшчыну наведала кіруючая група Тамашоўскага і Грубяшоўскага павятаў Рэспублікі Польшча ў межах рэалізацыі маштабнага праекта “Для выратавання”, які меў пачатак у снежні 2016 года. Нагадаем, тады ў праект “Для выратавання. Паляпшэнне доступу да медыцынскіх паслуг пры надзвычайных сітуацыях шляхам узаемадзеяння структур хуткай медыцынскай дапамогі на прымежнай тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Украіны” трапіў наш раён. На яго рэалізацыю Жабінкаўшчына атрымала 214 тысяч еўра. Дзякуючы гэтым сродкам, сёлета райбальніца папоўніцца электракардыёграфам, дыфібрылятарам і дыхальнымі апаратамі для рэанімацыйнага аддзялення, а таксама навучальнымі манекенамі. А ў наступным годзе будуць набыты чатыры санітарныя аўтамабілі для вясковых амбулаторый і рэанімабіль для раённай бальніцы. Праект разлічаны на 27 месяцаў.
У першы дзень госці знаёміліся з Жабінкай, наведалі раённы гісторыка-краязнаўчы музей у Малых Сяхновічах. На другі дзень, падчас сустрэчы, абмеркавалі мэты і задачы праекта, абмяняліся меркаваннямі, потым наведалі раённую бальніцу і трэцюю гарадскую школу.