Ужо больш за паўвека збірае, натхняе, вырошчвае юныя таленты Жабінкаўская ДШМ. Зусім блізка дзень, калі ў ёй распачнецца новы навучальны год, а таму варта паспяшацца, каб вашае дзіця далучылася да цудоўнага свету мастацтваў, які нясуць выдатныя педагогі школы.
Назву сваёй установы з гонарам прамаўляюць настаўнікі і іх выхаванцы. За дзесяцігоддзі школу мастацтваў закончылі амаль паўтары тысячы юных дараванняў, больш за сотню прадоўжылі навучанне ва ўстановах культуры. Сённяшні педкалектыў пад кіраўніцтвам Людмілы Калбаска не толькі захоўвае лепшыя традыцыі, але яшчэ больш памнажае славу нашага краю. Нездарма дзіцячая школа мастацтваў — цэнтр культурнага жыцця Жабінкаўшчыны. Тут створана 19 творчых калектываў, а дзіцячы і дарослы аркестры народных інструментаў атрымалі ганаровыя званні “ўзорны” і “народны”.
Найбольшым поспехам у слухачоў карыстаюцца феерычныя выступленні лаўрэатаў шматлікіх конкурсаў і фестываляў, у тым ліку міжнародных і рэспубліканскіх. Нават цяжка пералічыць усе творчыя спаборніцтвы, дзе ў апошнія гады паспяхова ўдзельнічалі артысты з Жабінкі. Гарачымі апладысментамі іх віталі слухачы не толькі ў роднай Беларусі, але і ў краінах-суседках — Расіі ды Польшчы. Геаграфію творчых падарожжаў можна прасачыць па шматлікіх узнагародах, якія атрымоўвалі Вераніка Анташок і На-дзея Чэчалева, Алеся Бутрым і Марыя Шчасюк, Яўген Пракопчык і Сямён Нікіцюк, Кірыл Савянок і Кацярына Зданкевіч, Кіра Рыкава і Ангеліна Плытнік, Анастасія Каршукова і Яўгенія Зотава, Аліна Ільянкова і Анастасія Прудзялюк, Марыя Кобак і Дар’я Карпук.
Калі ёсць жаданне далучыцца да цудоўнага творчага кола, створанага ў ДШМ, неабходна ведаць, што ўжо 24-28 жніўня ў прыгожым будынку на вуліцы К. Маркса, д. 2 ладзяцца экзамены для будучых навучэнцаў 1 класа і падрыхтоўчай групы.
Набор праводзіцца: на музычнае аддзяленне (дзеці 6-11 гадоў) па спецыяльнасцях: скрыпка, кларнет, труба, саксафон, флейта, баян, цымбалы, домра;
на аддзяленне выяў-ленчага мастацтва (9-11 гадоў);
на харэаграфічнае аддзяленне (6-8 гадоў).
УВАГА! Сёлета ў ДШМ да пералічаных трох аддзяленняў дадаецца новае — мастацка-эстэтычнае, на якім дзеці, пачынаючы з 6-7 гадоў, будуць навучацца адначасова музыцы, танцам, маляванню і тэатральнаму мастацтву.
Заўважым таксама: заява аб прыёме ў школу падаецца на імя дырэктара, пры гэтым патрэбна ўказаць аддзяленне і спецыяльнасць. Да заявы дадаюцца копія пасведчання аб нараджэнні і медыцынская даведка пра стан здароўя.
Усе пытанні можна ўдакладніць па тэлефонах 2-21-89, 2-22-51.
P.S. І яшчэ адна прыемная навіна для тых, хто мае дзяцей 4-6 гадоў: для юных талентаў дашкольнага ўзросту ў Жабінкаўскай ДШМ арганізуецца група ранняга творчага развіцця, дзе можна заняцца спевамі, харэаграфіяй і выяўленчым мастацтвам.
Антон БЕРАСТОК
Фота аўтара
Главные новости
