Для матулі самай лепшай

Для кожнага яна, канечне, найлепшая, вельмі любімая і дарагая, адным словам, самая-самая. Гэтыя і шматлікія іншыя цёплыя словы змаглі напісаць на паштоўках вучні 4 “Б” з другой гарадской школы ў кінатэатры “Юбілейны”. Сюды яны завіталі разам з настаўніцай Святланай МОРГАЛЬ.
Гэтак у панядзелак, 10 кастрычніка, стартавала рэспубліканская акцыя “Павіншуем маму разам”, арганізаваная раённым аб’яднаннем прафсаюзаў на чале з яго старшынёй Нінай КАЛЫБСКАЙ. Ініцыятыву прафесійных арганізацый з ахвотай падхапілі супрацоў-нікі кінавідэасеткі, у іх ліку метадыст Валянціна ЛЯЎЧУК. Так-так, тым, хто нам дапамагае пазнаёміцца з навінкамі кіно, заўсёды ў радасць стварыць добры настрой і дарослым, і дзецям.
Хлопчыкі і дзяўчынкі пакідалі на паштоўках свае аўтографы і пажаданні, адрасаваныя матулям, фата-графаваліся на памяць, а затым з задавальненнем праглядзелі відэаролік “Дзень маці” і мастацкі фільм “Шчаня”.
У той самы дзень эстафету віншаванняў падхапілі і вучні СШ № 1. Вядома, будзе і працяг, паколькі прыгожая акцыя працягнецца да 16 кастрычніка.
Спяшайцеся сказаць і напісаць добрыя словы родным матулям. Далучайцеся да акцыі, якая павінна стаць для кожнага бясконцай, пакуль смяецца мама і грэе для нас сонца!
Анатоль РОСТАЎ
Фота Наталлі ВАЛОШКІ