Дарыць радасць дзецям прыемна

Наталля ВАЛОШКА.
Напрыканцы жніўня грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз жанчын” правяло дабрачынную акцыю “Збяром партфель разам”, арганізаваную дзеля падтрымкі дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, дзяцей-інвалідаў, шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў.
У рамках акцыі прадстаўнікі раённай арганізацыі “Беларускага саюза жанчын” наведалі шматдзетную і дружную сям’ю Збайчаковых з вёскі Старое Сяло, Кірылюкоў з Буснёў, сям’ю Лапко з Чыжэўшчыны, Лабаставых і Міхневічаў з Жабінкі. Не абышлі ўвагай і дом сямейнага тыпу, дзе сямёра дзетак выхоўваюць Віктар і Алена Янушы. Маленькім школьнікам у гэтых сем’ях уручаны рукзакі, наборы канцы-лярскіх прылад, якія несумненна спатрэбяцца ім падчас вучобы. Прыемна было бачыць у вачах хлапчукоў і дзяўчынак непадробную радасць, бо якое ж дзіця не любіць падарункі?
У дабрачыннай справе самы актыўны ўдзел прынялі індывідуальныя прадпрымальнікі раёна Васіль Селязнёў, Андрэй Леснічук, Аляксандр Леванюк. Гэта не толькі паспяховыя бізнесмены, але, у першую чаргу, людзі з чулымі сэрцамі. Таксама падтрымалі ініцыятараў акцыі ПГУП “Палсан-сэрвіс”, ТАА “Рэнарт Компані” (“Піца Італьяна”), упраўленне па рабоце з плацельшчыкамі па Жабінкаўскім раёне ІМПЗ па Брэсцкім раёне, рэдакцыя раённай газеты “Сельская праўда”, Ірына Карабан і многія іншыя неабыякавыя жабінкаўцы.
Кіраўнік раённай арганізацыі “Беларускага саюза жанчын” Марыя Сянішына выказвае шчырую падзяку ўсім, хто далучыўся да карыснай і патрэбнай справы і паўдзельнічаў у акцыі. Асобны дзякуй за актыўнасць і дапамогу старшыні пярвічнай арганізацыі ўпраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Жабінкаўскім раёне ІМПЗ па Брэсцкім раёне Наталлі Храмцовай, а таксама старшыням Ленінскага сельвыканкама Мікалаю Лугаўскому і Азяцкага сельвыканкама Ларысе Харс.
Навучальны год пачаўся з падарункаў, і няхай ён дорыць дзецям радасць кожны дзень.