Сёлета спаўняецца 70 гадоў з часу, як у свеце адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. З гэтага свята традыцыйна пачынаецца прыемная летняя пара.
На нашай планеце ў першы чэрвеньскі дзень свята ладзіцца ў 50 краінах, у тым ліку ў Беларусі. Яно прызвана нагадаць дарослым аб неабходнасці выканання правоў дзяцей. Найперш — на жыццё, адукацыю, адпачынак і вольны час. Пры гэтым ніякім чынам не дапускаць гвалту, эксплуатацыі дзіцячай працы, а наадварот, беражліва падтрымліваць развіццё маленькіх зямлян, наталяць іх прагу да творчасці, забяспечваць права на свабоду думкі і сумлення.
У першы летні дзень у кожнага ёсць яшчэ адна нагода ўспомніць, што дзяцей, пакуль яны малыя і кволыя, трэба бараніць. Ад хвароб і халадоў, небяспекі і злых людзей. Маленькія чакаюць не толькі цацкі ды святы, яшчэ часцей — бацькоўскую любоў, якая даражэй за ўсё на свеце.
Дзень абароны дзяцей мае свой сцяг. На ім усё сімвалічна. У цэнтры зялёнага палотнішча, якое азначае маладосць, рост і гармонію, месціцца выява Зямлі. Вакол яе — пяць фігурак чырвонага, жоўтага, сіняга, белага і чорнага колераў. Гэта сімвал разнастайнасці, што пануе на планеце — агульным доме для ўсіх дзяцей.
На сённяшні дзень у нашай дзяржаве пражываюць каля 1 мільёна 700 тысяч юных грамадзян ва ўзросце да 15 гадоў. Абарона іх правоў і інтарэсаў замацавана ў Канстытуцыі краіны, Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, Законе “Аб правах дзіцяці”.
Клопат адчуваюць і маленькія жыхары Жабінкаўшчыны, чыё дзяцінства з дапамогаю дарослых напоўнена шматлікімі радаснымі імгненнямі, нібыта лета — цеплынёй і сонцам. Хочацца, каб малыя адчувалі любоў не толькі ў сваё “каляндарнае” свята, каб купаліся ў пяшчоце штодзённа, штогадзінна, штохвілінна.
Анатоль РОСТАЎ
Фота Святланы БЯЛЯК
Главные новости
