Дапамога ад кваліфікаваных юрыстаў

Паслугі правазнаўцаў з Федэрацыі прафсаюзаў і супрацоўнікаў пракуратуры прыносяць плён. У апошні чацвер студзеня яны ў чарговы раз завіталі ў ДРБУ-103, дзе праводзілі прававы прыём грамадзян.

Да слова, практыка агульных прыёмаў, распачатая восенню 2017 года, ужо стала традыцыйнай. Летась іх было на Жабінкаўшчыне восем, усяго па дапамогу звярнуліся 24 чалавекі, ад якіх паступілі 28 пытанняў. Кожнаму наведвальніку дадзены вычарпальныя юрыдычныя кансультацыі. Адначасова прававымі інспектарамі прафсаюзаў і пракурорам раёна (або яго намеснікам) праводзілася і прававая асвета па пытаннях працоўнага заканадаўства.

26 студзеня на сустрэчу да дарожнікаў завіталі прававы інспектар працы БелПрафТрансу Кацярына Шастак і пракурор Дзмітрый Марачук, а таксама старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская. Яны спыніліся на прававой дапамозе па пытаннях, звязаных з абаронай працоўных правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў грамадзян.

Як падкрэсліла Кацярына Валянцінаўна, заўсёды ў фокусе асаблівай увагі і клопату як органаў улады, пракуратуры, так і прафесійных саюзаў – жыццё і здароўе чалавека працы. Таму прадпрымаюцца шматлікія меры, у тым ліку прафілактычныя, каб пазбегнуць траўматызму на вытворчасці.

Дзмітрый Юр’евіч, са свайго боку, падкрэсліў:

– Ёсць асобныя механізмы, прадугледжаныя дзяржавай, каб абараняць грамадзян, вырашаць іх праблемы. Ніводны зварот у адрас пракуратуры не застаўся без разгляду.

Студзеньскі прававы прыём у чарговы раз засведчыў: у нашым раёне склалася практыка добрых узаемадзеянняў паміж прафсаюзнымі і пракурорскімі работнікамі. А гэта бясспрэчна спрыяе вырашэнню многіх пытанняў, якія хвалююць жабінкаўцаў.

Анатоль РОСТАЎ

Фота аўтара