Дачка хлебароба

Самыя раннія ўспаміны Ганны Плытнік звязаны з камбайнам і фермай. Як пахаладае — да кароў і цялятак спяшаецца. Пакуль маці ўвіхаецца ля кароў, яна кожнае цялятка за вушкам палашчыць, сенам духмяным пачастуе. А як лета ў разгары, касавіца пачнецца або жніво — да таты ў камбайн просіцца. Ускараскаецца за сядзенне і сцішыцца, нібы кацяня, і навокал паглядае — як сонейка акрайчыкам кранае краёчак лесу на гарызонце, як падсыхаюць каласы і спорна знікаюць у барабане камбайна, каб потым, шумным цёплым струменем праліцца ў кузаў машыны… Кабіна старэнькай “Нівы” за дзень награецца пад сонцам, асцякі (ох, а ячменныя калючыя ды царапучыя!) за каўнер пазалятаюць, ад пылу і спякоты на вачах ажно слёзы праступаюць, ды ніколі Ганна не скардзілася: яна ж дачка хлебароба, а хлебаробы не плачуць… Заўжды марыла пабачыць зайчыка, які кожны раз тату неверагодна смачным акрайчыкам хлеба частаваў. Хацелася ўпільнаваць, ды дзе там — абавязкова задрэмле ў кабіне. Яно і зразумела — дзіця… Затое пах таго хлеба запомніла на ўсё жыццё. Бацька асцярожна разгортваў паперчыну і клаў лустачку хлеба на мазолістую ад работы далонь, перапэцканую бензінам і мазутай. Ганульцы як найменьшай часта даставаўся ўвесь “зайчыкаў пачастунак”. Шчаслівае басаногае дзяцінства засталося ў памяці на ўсё жыццё.
— Глядзі, донька, якое поле чорнае, — казаў тата, кратаючы свежаўзараную раллю. — Зіму адпачыла — сеяць пара.
Разгарнулі радок — тоненькім шнурочкам леглі зярняткі, ледзь глебай прысыпаныя. Праз колькі дзён кволыя, нясмелыя расткі прабіліся і здзіўлена паглядалі ў сіняе неба. З кожным днём мацнелі, набіраліся сілы, і ўжо зусім нядаўна чорнае, як крыло вароны, поле зарунела, пакрылася сакавітай, зялёнай шапкай. Надышоў час — і ўбралася поле ў залаты колер.
— Што ж, убіраць час, — расцёр бацька ў шурпатых далонях спелы каласок. — Заўтра пачнем.
Дзяўчынка ўспрыймала няхітрыя бацькавыя ўрокі ўсім сэрцам. Ужо падлеткам разбіралася ва ўсіх агратэхнічных прыёмах не горш прафесіянала. Іван Мікіціч радаваўся — кемлівая расце, працу сялянскую паважае. І даваў чарговы наказ:
— Трэба працу цаніць, і зямліцу любіць. Яна нас усіх корміць-поіць. А хлеб, дзетачкі, запомніце на ўсё жыццё, — гэта святое!

Жыццёвая дарога

Бацькоўскія ўрокі Івана Дубіны не прайшлі дарма. Першай з жыццёвай дарогай вызначылася Ларыса. Атрымала дыплом агранома ў Вялікалукскай сельгасакадэміі. Цяпер яна рупіцца па спецыяльнасці ў ААТ “Вазнясенскі”. Сярэдняя, Алена, скончыла інстытут сучасных ведаў у Мінску. Не падвяла сясцёр і меншая Ганна — скончыла Гродзенскі аграрны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце і цяпер працуе ў ААТ “Жабінкаўскі”. Пачынала Ганна Іванаўна аграномам участка, а цяпер — намеснік дырэктара па вытворчасці, “правая” рука Міхаіла Вячоркі.
Ганна Плытнік, нягледзячы на маладосць, умее знайсці падыход да людзей, настойлівая і цярплівая, паважае кожнага рупліўца. “Поспех гаспадаркі — гэта поспех кожнага з іх, — лічыць Ганна Іванаўна, — а любая наша грамата — узнагарода ўсяго калектыву”.
А ганарыцца тут ёсць чым: напрыклад, сёлета забяспечылі пагалоўе грамадскага статку “Жабінкаўскага” (а складае яно 5200 галоў) кармамі з пераходзячым фондам (аднаго сена 2000 тон — гэта рэкорд!). Павялічылася ўраджайнасць зерневых і зернебабовых культур, вырасла рэнтабельнасць іх вытворчасці, палепшыўся стан ворыва (а “Жабінкаўскі” раскінуўся на 6000 гектараў!). Сёлета набылі трэці па ліку “Джон Дзір” — магутны асілак, верны памочнік аратым і сейбітам.

Мары, летуценні…

Вельмі хочацца Ганне Плытнік палепшыць бытавыя ўмовы механізатараў (на фермах усё неабходнае жывёлаводам зроблена, а вось у мехмайстэрнях яшчэ ёсць над чым папрацаваць); пабудаваць складскія памяшканні для захоўвання збожжа і тукаў і, вядома, абнавіць машынна-трактарны парк. А калектыў аднадумцаў склаўся выдатны. Аляксандру Аўсяніку, Дзмітрыю Шаламаю, Аляксандру Мандру, Андрэю Кузняцу, Васілю Верамеюку, Мікалаю Кучме, Руслану Лукашыку, Міхаілу Чабоцьку, Таісе Кулік — якую задачу ні паставіш — усё выканаюць!
— Мы павінны быць лепей усіх! — гэты дэвіз Ганна Іванаўна не раз паўтарае працаўнікам гаспадаркі і бачыць у іх вачах жывы водгук. Значыць, не перавяліся на зямлі жабінкаўскай сапраўдныя хлебаробы і гаспадары ферм!
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара