Усё больш сонейка радуе сваімі цёплымі промнямі, сагравае зямлю. І хаця ноччу слупок тэрмометра імкнецца ніжэй за нуль, затое днём спяшаецца на дзясятку і вышэй. Губляць час нельга: самая пара сеяць, пакуль глеба вільготная.
– Начныя прымаразкі не даюць сеяць зрання, даводзіцца чакаць, пакуль глеба адтае. Сёння, напрыклад, увайшоў на ўчастак значна раней, – расказвае сеяльшчык ААТ “Жабінкаўскі” Андрэй КУЗНЕЦ. – Вільгаці нібыта хапае, а за сеялкай месцамі адно пыл курыць… Таму часу на раскачку няма. У нашай гаспадарцы пасяўны працэс адладжаны, затрымак не назіраецца. Вось ужо 57 гектараў ячменю засеяў. Будзе надвор’е – справімся!
Р.S. Як паведамілі ў райсельгасхарчы, раннія яравыя і зернебабовыя культуры сёлета запланавана пасеяць на 16980 гектарах. На раніцу 21 сакавіка прыступілі да пастаўленай задачы ва ўсіх сельгасарганізацыях, акрамя ААТ “Арэпічы” і “Рагазнянскі”. У лідарах сёлетняй вясновай кампаніі ААТ “Вазнясенскі”, “Мацеевічы” , “Ракітніца”, ”Жабінкаўскі” і “АграАзяты”, пасеяна ад 57 да 100 гектараў аўса і ячменю. Паралельна вядзецца падкормка азотам азімых зерневых і рапсу, а мінеральнымі ўгнаеннямі – сенакосаў, пашаў і шматгадовых траў. Нездарма ў народзе кажуць: “Як вясной папрацуеш, так зімой падсілкуешся”.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара
