Да жніва ўсё гатова

Святлана Кіслая.

У ААТ “Рагазнянскі” адбылося пасяджэнне выязнога выканкама, якое вёў в.а. кіраўніка раёна Аляксандр Кучынскі, па пытанні гатоўнасці сельгасарганізацый Жабінкаўшчыны да ўборкі зерневых і зернебабовых культур ураджаю сёлетняга года. На яго былі запрошаны кіраўніцтва райсельгасхарчу райвыканкама, кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў раёна, кіраўнікі абслугоўваючых арганізацый.
З уступным словам да прысутных звярнуўся першы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Кучынскі. Ён падкрэсліў, што ўборка ўраджаю – завяршальны, аднак не менш адказны этап вырошчвання зерневых культур. І важна забяспечыць максімальную якасць уборкі пры найменшых стратах збожжа, захоўваючы пры гэтым харчовыя, пасяўныя і кармавыя якасці прадукцыі.
Дырэктар ААТ “Рагазнянскі” Аляксандр Семянюк расказаў, як у гаспадарцы арганізавана работа па ўборцы ўраджаю зерневых бягучага года. І хаця ў іх самая высокая ў раёне нагрузка на камбайн – 278 га – уборачная кампанія заўжды праходзіць зладжана і арганізавана, замінкі могуць унесці, бадай, толькі капрызы надвор’я. У “Рагазнянскім” адрамантавалі і паставілі на лінейку гатоўнасці шэсць зернеўборачных камбайнаў; на жніве будуць задзейнічаны тры прэс-падборшчыкі, па столькі ж пагрузчыкаў і спецыяльных прычэпаў. Для ачысткі збожжа гатовы зернесушыльны комплекс КЗСВ-40Г.
Затым пра асаблівасці ўборкі збожжа расказала Аліна Вайтовіч, намеснік начальніка аддзела арганізацыі вытворчасці райсельгасхарчу. Яна яшчэ раз нагадала пра тэрміны і ўмовы ўборкі азімага рапсу, трыцікале, піваваранага ячменю, пшаніцы, каб атрымаць максімальную аддачу ад палёў.
Пасяджэнне выканаўчага камітэта мела працяг у Доме культуры аграгарадка Ленінскі. Асноўны дакладчык Аляксандр Чэрнік, начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці райсельгасхарчу, паведаміў аб гатоўнасці сельгасарганізацый Жабінкаўшчыны да жніва-2018.
Так, згодна з дзяржаўнай праграмай развіцця аграрнага бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь на 2016-2020 гады на Жабінкаўшчыне аб’ём вытворчасці збожжа рапсу складае 58,2 тысячы тон, масланасення рапсу – 5 тыс. тон. Дзяржзаяўку па здачы збожжа неабходна выканаць у аб’ёме 7510 тон. Каб выканаць плануемыя аб’ёмы вытворчасці збожжа, на палях Жабінкаўшчыны зерневыя і зернебабовыя культуры пасеяны на плошчы 15907 га. Уборачная плошча зерневых, зернебабовых культур, грэчкі і проса складае 12363 га, азімы рапс пасеяны на плошчы 1680 га, да ўборкі захавалася 1540 га.
Праводзілася хімічная і фунгіцыдная апрацоўка пасеваў, уносіліся мінеральныя і азотныя ўгнаенні.
Ад спёкі і недахопу дажджоў пашкоджана 1950 га пасеваў азімых і яравых зерневых культур – гэта 12 % ад усёй пасяўной плошчы зерневых у раёне. Уборка іх на зернесянаж дазволіць атрымаць дадаткова каля 2,7 тыс. тон кармавых адзінак, ці 1,2 ц. к. адз. на ўмоўную галаву.
У цэлым, для ўборкі хлеба ў сельгасарганізацыях і ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” налічваецца 62 зернеўборачныя камбайны, 49 прэс-падборшчыкаў, 32 пагрузчыкі і 35 спецыяльных прычэпаў. Для іх падрыхтоўкі да работы на жніве спатрэбілася каля 410 тыс. рублёў.
Плануецца ўключыць у работу 60 камбайнаў, 48 грузавых аўтамабіляў будуць адвозіць збожжа ад іх на зерняток, і яшчэ 14 будуць абсталяваны для выканання дзяржзаказу.
Для сушкі збожжа плануецца задзейнічаць 14 комплексаў і 7 мабільных зернесушылак тыпу “Мекмар”. У сельгасарганізацыях усе аўтамабільныя вагі спраўныя.
ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” будзе аказваць дапамогу на жніве: мае два спраўныя камбайны, а таксама арганізаваны тры звяны па ўборцы саломы.
Каб сабраць ураджай і звесці з палёў салому, неабходна 600 тон дызпаліва, 86 тон бензіну і 17 тон масла. На сушку збожжа неабходна каля 100 тон пячнога паліва і 120 тыс. куб. м прыроднага газу. На набыццё ГЗМ і прыроднага газу сельгасарганізацыям неабходна 950 тыс. рублёў.
Тэхнічная забяспечанасць сельгас-прадпрыемстваў раёна дазваляе правесці ўборку збожжа за 14-16 дзён.