Да выздараўлення – праз плаванне

IMG_1302

Алёна НІКАНЧУК.

Фота аўтара.

Двойчы на тыдзень Алена Прыган з аграгарадка Вістычы Брэсцкага раёна прывозіць у басейн спартыўнага комплексу “Бадзёрасць” сваіх дачушак Наталлю і Дзіяну. Дзяўчынкі займаюцца лячэбным плаваннем у трэнера Алены Алексяюк. Перапынак робяць толькі на той час, калі летам басейн зачыняюць на рамонт. Але і тады плаваюць у прыродных вадаёмах. Для іх гэта неабходнасць: дзяўчынкі змагаюцца са скаліёзам. А пры гэтым захворванні адным з эфектыўных метадаў лячэння з’яўляецца плаванне.
Калі ў 2011 годзе Наташы Прыган паставілі дыягназ “s-падобны скаліёз
3 ступені” (пры ім пазваночнік скрыўлены ў двух аддзелах і ў два розныя бакі, дугі скрыўлення ў дзяўчынкі склалі 39 і 28 градусаў), урачы парэкамендавалі плаванне ў басейне і заняткі ЛФК у рамках спецмедгрупы. Перад бацькамі паўстала пытанне: куды вазіць дачушку плаваць? Знаёмыя параілі Жабінку. Галоўным аргументам стала цёплая вада ў басейне СК “Бадзёрасць”, чым не могуць пахваліцца спартыўныя ўстановы абласнога цэнтра. Выбар быў зроблены на карысць Жабінкі. З верасня 2011-га Наташа пачала займацца ў трэнера Алены Алексяюк. Два разы на тыдзень заняткі праходзілі ў басейне і адзін раз у спартыўнай зале. Як расказала Алена Віктараўна, такое спалучэнне практыкаванняў, якія выконваюцца ў вадзе і на сушы, неабходны пры лячэнні скаліёзу. Іх комплекс падбіраецца індывідуальна ў залежнасці ад тыпу і ступені крывізны пазваночніка і ўключае ў сябе практыкаванні, накіраваныя на агульнае ўмацаванне арганізма і дыхальнай сістэмы, а таксама на карэкцыю скрыўлення. Пры занятках у басейне перавага аддаецца стылям “брас” і “кроль”.
Тры гады плавання, а таксама спецыяльныя практыкаванні, якія выконвала Наташа спачатку з трэнерам, а пасля дома ўжо пад кантролем мамы, далі пэўныя вынікі: дугі скрыўлення пазваночніка паменшыліся і склалі 38 і 8 градусаў. Наступныя два гады жыцця дзяўчыны – 2014-ы і 2015-ы – былі звязаны з Брэсцкім вяслярным каналам, дзе наведвала басейн. Са снежня 2016-га яна вяртаецца ў Жабінку, ды не сама, а разам з малодшай сястрычкай Дзіянай, якой летась быў пастаўлены дыягназ “скаліёз 1 ступені” (вугал скрыўлення пазваночніка склаў 8 градусаў). Алена Віктараўна пачала займацца з дзвюма дзяўчынкамі. Паўгода заняткаў прынеслі выздараўленне дзесяцігадовай Дзіяне. Кантрольны рэнтгенаўскі здымак паказаў: дугі скрыўлення пазваночніка няма! Каб замацаваць вынік, дзяўчынцы патрэбна яшчэ займацца як мінімум год. У кастрычніку кантрольны здымак чакае і Наташу. Яна, а таксама родныя і трэнер спадзяюцца, што дугі скрыўлення пазваночніка ў яе зменшацца.
Я пабывала ў басейне на адным з заняткаў, якія наведваюць сястрычкі Прыган. Адзначыла для сябе, што паміж трэнерам і дзяўчынкамі пануюць добразычлівыя адносіны і ўзаемаразуменне (гэта адразу відаць) і займаюцца яны з задвальненнем, што пацвярджалі пад час плавання іх добры настрой і ўсмешкі.
Пачалі дзяўчаты з размінкі, а гэта чатыры басейны брасам. Потым выконвалі спецыяльныя практыкаванні з выкарыстаннем вялікай і малой дошак асобна для рук і для ног, чаргуючы брас і кроль, а паміж імі – дыхальныя. Выдзяляўся час і для свабоднага плавання. І ўсё гэта пад пільным вокам трэнера, які сочыць, падказвае і выпраўляе. Сама Алена Віктараўна аддала прафесійнаму плаванню 14 гадоў. У мінулым яна – майстар спорту, рэкардсменка Гродзенскай вобласці, пераможца першых юнацкіх гульняў Рэспублікі Беларусь па плаванні. Шмат гадоў аддала трэнерскай рабоце. Навучае выхаванцаў гэтаму віду спорту і вядзе заняткі лячэбнага плавання з дзецьмі, што хварэюць на скаліёз. Гэта тэма ёй вельмі блізкая: муж Сяргей Мікалаевіч – майстар спорту па фехтаванні – напісаў дысертацыю на тэму “Прафілактыка скаліёзу” пад кіраўніцтвам прафесара Віктара Сакалова. Тыя практыкаванні, якія аўтар прапанаваў у сваёй рабоце для папярэджання і лячэння скаліёзу на сушы і ў вадзе, паспяхова прымяняе на практыцы на працягу многіх гадоў яго жонка – Алена Алексяюк.
У пачатку верасня Наташа і Дзіяна зноў сустрэнуцца са сваім любімым трэнерам, і заняткі прадоўжацца. Адлегласць у 50 кіламетраў для сям’і Прыган не перашкода. Яны прывыклі змагацца з цяжкасцямі. Мама Алена Кірылаўна не апускае рукі перад жыццёвымі выпрабаваннямі. Разам з трэнерам яны вераць: калі з хваробай змагацца сумесна і рабіць гэта комплексна, то яна абавязкова адступіць.