Да школы гатовы?

З такім пытаннем звярнулася да жабінкаўцаў, у сем’ях якіх ёсць дзеці-школьнікі. Мае суразмоўнікі паведамілі, як гэтым летам рыхтаваліся да новага навучальнага года, дзе куплялі адзенне, абутак, канцылярскія прылады, партфелі, рукзакі і што яшчэ засталося набыць да 1 верасня.

Святлана ВЕСНІЧ:
– Для дачушкі-другакласніцы Кацярынкі ўсё набылі ў нашым “Універмагу”: сарафан, спадніцу і блузку, калготкі і бялізну, кеды на фізкультуру, рукзак. Зайшлі – і адразу ўсё купілі. Засталіся задаволеныя і якасцю, і коштам тавару. За багаты выбар хочацца выказаць словы ўдзячнасці ўсім, хто мае да гэтага дачыненне. Абавязкова прыйдзем сюды яшчэ і па канцтавары, навошта некуды ехаць, калі ўсё магчыма набыць да школы ў нашым горадзе.

Ірына ЯРАШЧУК:
– Старэйшая дачушка Дана пойдзе ў пяты клас, малодшая Карына – у трэці. Паступова, на працягу ўсяго лета, набывалі неабходныя рэчы да школы. Адразу ўсё купіць няма магчымасці, ды і сродкі патрэбны немалыя. Так, канцылярскія прылады закуплялі ў “Кнігалюбе”, ва “Універмагу” і магазінчыку “Малыш”, што ў мікрараёне бальніцы. Адзенне і абутак – у Жабінцы на рынку, дзе плануем набыць яшчэ і блузкі. Паехаць дзесьці далей па пакупкі няма магчымасці – маем маленькае дзіця, таму сёлета да школы ўсё закупляем у роднай Жабінцы.

Святлана СТАСЮК:
– З траіх дзяцей у нашай сям’і пакуль толькі старэйшы сын Расціслаў школьнік, сёлета ён ідзе ў пяты клас. Усе пакупкі да школы мы здзейснілі ў асноўным на працягу жніўня. Канцтавары і партфель набылі ў “Кнігалюбе”, красоўкі і туфлі ў Брэсце ў магазіне “Марка”, дзе на школьную калекцыю абутку пакупнікам прадастаўляецца зніжка 20 %. У Жабінцы на рынку купілі штаны, а вось кашулі набылі ў Брэсце ў магазіне LC Waikiki. Так што да школы Расціслаў гатовы.

Аліна КАВЯРЭЦ:
– У мяне двое дзяцей-школьнікаў: дачка Алена – дзесяцікласніца, сынок Ігар пойдзе ў чацвёрты клас. Неабходныя рэчы да школы куплялі ў асноўным у Брэсце. Так, спартыўныя штаны для абоіх, блузку для Лены – у ЦУМе, абутак – на рынку, канцтавары – у “Дзіцячым свеце”, апошнія патрэбна будзе яшчэ дакупіць. А вось рукзакі набылі ў Драгічыне, калі гасцявалі ў родзічаў. З леташняга года засталіся многія рэчы, яны ў добрым стане, таму і сёлета дзеці будуць іх насіць. У планах – прыдбаць восеньскія курткі, не за гарамі той час, калі пачнуцца дажджы і пахаладае.

Наталля БЯЛЫХ:
– Традыцыйна ўсе пакупкі да школы ажыццяўляем у Брэсце. Сёлетні год стаў выключэннем, бо ў ліпені адпачывалі ва Украіне і ўсё неабходнае для дачушкі Ксеніі, якая ідзе ў дзявяты клас, набылі там. А менавіта, спадніцу і блузку, спартыўны касцюм і красоўкі, школьную сумку. Канцтавары куплялі ў Жабінцы. Засталося набыць ручкі і алоўкі, а таксама дзённік. Да 1 верасня яшчэ ёсць час, каб дакупіць тое, чаго не хапае.
Апытвала і фатаграфавала Алёна НІКАНЧУК.