Да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін

“Дрэмле памятка дзён…”

Гэтыя бессмяротныя купалаўскія радкі з паэмы “Курган” міжволі згадваюцца ўсялякі раз, калі бачыш шматлікія помнікі, на якія багата наша зямля. Кожны абеліск, стэла, мемарыял, старажытнае збудаванне або простая шыльда з лаканічным надпісам захоўваюць нашчадкам памяць пра людзей і падзеі, якімі мы ганарымся.
Штогод з асаблівай пашанай адзначаецца ва ўсім свеце Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін, усталяваны ў 1983 годзе.
Сваю багатую гісторыка-культурную спадчыну мае і Беларусь. Зараз у краіне амаль 10 тысяч помнікаў. Такія з іх, як Белавежская пушча, Камянецкая вежа, Мірскі замак, Нясвіжскі палац, геадэзічная дуга Струвэ, якая цягнецца праз Беларусь ды іншыя краіны ад Белага да Чорнага мора, аднесены ЮНЕСКА да каштоўнасцяў сусветнага маштабу.
Ёсць свае багацці і на Жабінкаўшчыне. У нашым невялічкім раёне размешчана ажно сем дзясяткаў помнікаў, і ў кожнага свая цікавая, у нечым павучальная гісторыя. Бо, як даводзіў адзін філосаф: “Помнікі — гэта адзнакі прысутнасці народа на зямлі. Формула простая: ёсць помнікі — быў народ і будзе ён надалей… Няма помнікаў — згіне ў Леце. Менавіта таму ворагі старанна знішчалі помнікі — сляды шматвекавой прысутнасці на гэтай зямлі нашага народа”.
Таму захаванне такіх “слядоў” — абавязак кожнага чалавека, які шануе і паважае сваю гісторыю, жадае захаваць спадчынныя карані. Па добрай традыцыі ў красавіцкую пару, напярэдадні Першамая і Дня Вялікай Перамогі, не толькі ўласнікі помнікаў, але й прадпрыемствы, арганізацыі, простыя неабыякавыя людзі праводзяць добраўпарадкаванне вакол памятных мясцінаў.
Асобна вылучым тыя помнікі Жабін-каўшчыны, якія з мая 2007 года паводле адпаведнай пастановы Савета Міністраў краіны ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
Найперш гэта дзесяць праваслаўных храмаў Жабінкаўшчыны: Свята-Пакроўская і Свята-Мікіцкая цэрквы ў райцэнтры, Свята-Успенская — у Булькове, Спаса-Праабражэнская — у Хмелеве і Свята-Пакроўская — у Арэпічах, храмы ў гонар святых Мікалая (у Азятах і Вялікіх Сяхновічах), Іаана Хрысціцеля (у Мацеевічах), Архістраціга Міхаіла (у Сцяпанках) і Уладзіміра Хрысціцеля (у Чыжэўшчыне). Вернікі, як заўсёды, напярэдадні Вялікадня прыво-дзяць у належны стан свае святыні.
Падчас суботнікаў сіламі ўласнікаў, школьнікаў, грамадскасці прыбіраюцца навакольныя тэрыторыі помнікаў, прысвечаных героям Вялікай Айчыннай вайны. Асаблівы клопат — месцам, дзе знайшлі свой апошні спачын мірныя ахвяры таго ліхалецця, воіны і партызаны, што змагаліся супраць ворага і гінулі ў атрадах, на франтах, пры вызваленні Жабінкаўшчыны ў памятным ліпені сорак чацвёртага. Бу-дзе карысным нагадаць гэтыя памятныя мясціны, унесеныя ў Дзяржаўны спіс. Пералічым іх па гадах.
1942-і: магіла ахвяр фашызму ў Ракітніцы, брацкія магілы ў Старым Сяле, Сцяпанках і колішнім Сцяброве.
1943-і: магілы ахвяр фашызму ў Пятровічах і Чыжэўшчыне, пар-тызанскія могілкі ў Старасельскім лесе (так званы “Шалаш”) і брацкая магіла партызан у самім Старым Сяле.
1944-ы: брацкія магілы ў Агародніках, Саках, Азятах, пахаванне паблізу Арэпічаў адважнага танкіста Фёдара Рацюка.
Найбольш памятак з часоў Вялікай Айчыннай, вядома, у самой Жабінцы. У горадзе два значныя мемарыялы: у самым цэнтры на вуліцы Кірава — брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, а на вуліцы Міру — магілы Соф’і Чубук і Аляксея Дзмітрука, пахаванні невядомага савецкага лётчыка, савецкіх і польскіх партызан.
Кожнае гэта месца ўзята на ўлік. Аднак клопат жабінкаўцаў не толькі пра помнікі, афіцыйна ўзятыя дзяржавай пад ахову. Пакрысе ўзнікаюць новыя адзнакі даўніны. У 2010 годзе пабудаваны гожы помнік у памяць жыхароў Азяцкага сельсавета, якія загінулі на вайне. А праз два гады па ініцыятыве беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і суполак, якія прадстаўляў знакаміты архітэктар — стваральнік мемарыяльнага комплексу “Хатынь” Леанід Левін у Жабінцы, паблізу старых могілак, размешчаных на вуліцы Міру, паўстаў вялікі валун у памяць пра ахвяр фашысцкага генацыду на нашай зямлі, у напамін пра знішчанае карнікамі Жабінкаўскае гета.
Справа абнаўлення старонак мінулага не спыняецца і зараз. Апошнімі па часе ў 2017-2020 гадах сталі рамонтныя работы ў мемарыяле “Драмлёва”, перапахаванне ў Жабінцы астанкаў савецкага байца, які загінуў каля Булькоўскага моста, і значная рэканструкцыя помніка воінам-інтэрнацыяналістам.
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара
На здымку: на вуліцы Міру, дзе месцяцца побач шчымлівыя памяткі даўняй вайны.