Сёлета будзе паўвека, як прамовілі клятву вернасці, злучылі свае рукі ды абмяняліся ў Жабінкаўскім загсе пярсцёнкамі Валянціна і Аляксандр Еўтуховічы. З таго часу для Валянціны Іванаўны і Аляксандра Васільевіча менавіта сямейныя святы, на якія год багаты, самыя любімыя ды дарагія.

Мабыць, самае доўгае і вельмі чаканае свята, якое Еўтуховічы адзначаюць ажно два дні, прыпадае на 10 і 11 лютага. Так у іх сталася, што першая дата азначае дзень нараджэння гаспадыні ўтульнага і гасціннага дома на вуліцы Садовай. Пагэтаму святочны настрой штогод 10 лютага адчыняе дзверы ў гэтым прыгожым доме, а затым яго не пакідае, бо і Аляксандр Васільевіч праз дзень прымае віншаванні ад родных, блізкіх ды шчырых сяброў. Гэткім чынам у Еўтуховічаў атрымалася сапраўднае накаванне: яны быццам нездарма завіталі на гэты белы свет у лютаўскія халады, каб сагрэць адзін аднаго каханнем і пяшчотай, а затым пайсці па гэтай зямлі агульнаю дарогай. Крыху раскажам, як сышліся іх жыццёвыя зоркі і стварылі ў рэшце рэшт сапраўды залатую сям’ю.
Валя нарадзілася ў самым сэрцы Беларусі, у вёсачцы з мілагучнай назвай Міраслаўка пад Мінскам у інтэлігентнай адукаванай сям’і. Тут на свет прыйшла яе матуля Аня ды яе брат Аляксей Каўко.
– Дзядзька Лёша – Аляксей Трафімавіч, – з гонарам гаворыць Валянціна Іванаўна, – пакінуў глыбокі след у журналістыцы, быў рэдактарам янаўскай раённай газеты “Чырвоная Звязда”, яго абвясцілі заслужаным дзеячам культуры Беларусі, а таксама ганаровым грамадзянінам Іванаўскага раёна.
А сама Валянціна па прыкладзе татавай сястры Кацярыны вырашыла звязаць свой лёс з медыцынай. Ужо ў юнацтве вызначалася смеласцю, патрэбнай прадстаўніку гэтай няпростай прафесіі. Нават такое бывала: некаму патрэбна зуб выдаліць, іншыя адмаўляюцца, а Валя смела бярэцца за справу. Раз – і няма таго шкоднага зуба! Лёгкая рука, упэўненыя рухі ў дзяўчыны, таму родныя ахвотна верылі, што белы халат будзе Валянціне да твару. Так і атрымалася. Паспяхова ў 1974 годзе яна скончыла Брэсцкае медвучылішча, стала фельчарам і размеркавалася ў Жабінку, дзе ажно сорак шэсць гадоў адпрацавала ў аздараўляльным пункце цукровага завода. Вельмі шмат тых пацыентаў, што прыходзілі да яе хворымі, неўзабаве выказвалі падзяку за дапамогу, залатыя рукі і добрае сэрца. У выніку і грамат за працоўны век сабраўся вялікі стос. Аднак найлепшая ўзнагарода, лічыць наша суразмоўца, – бачыць побач каханага мужа, чуць ласкавыя словы ад цудоўных дзяцей ды ўнукаў.

– Я прыйшоў на гэты свет у Іванаўскім раёне, ў пасёлку торфапрадпрыемства “Агдэмер”, – уступае ў размову гаспадар дома. – Мы з Валяй, як бачыце, нарадзіліся далёка адзін ад аднаго, а сустрэліся 50 год таму ў Жабінцы раз і назаўсёды.
Аляксандр Васільевіч ганарыцца, што школу-дзесяцігодку скончыў у Варацэвічах на радзіме знакамітага мастака, кампазітара і грамадскага дзеяча Напалеона Орды. Некалі, у лютым 1870 года, вядомы ва ўсім свеце творца наведваў і маляваў на Жабінкаўшчыне, а праз стагоддзі Аляксандр Еўтуховіч воляй-няволяй паўтарыў шлях Орды і ў выніку тут і застаўся.
На календары быў красавік 1976-га. Аляксандр Васільевіч скончыў у горадзе над Бугам будаўнічы тэхнікум і быў накіраваны ў Жабінку ў перасоўную механізаваную калону. Згадвае пачатак свайго працоўнага шляху. Цагліна да цагліны на радасць будаўнікам і жыхарам узводзіліся будынак гарадскога Дома культуры ў райцэнтры, школа ў Старым Сяле, склады маёмасці і абсталявання грамадзянскай абароны і ўнутраных спраў у Сасновым Бары… Усяго і не пералічыш, да чаго прыклаў свае майстравітыя рукі і востры розум Аляксандр Еўтуховіч з калегамі. А затым на працягу сарака гадоў яго чакала доўгая і прадуктыўная праца на цукровым заводзе.
– Аднак самая-самая салодкая частка майго жыцця звязана з сям’ёй, з маёй Валянцінай Іванаўнай, з якой ужо прайшоў дарогу, лічыце, адлегласцю ў паўвека. І кожны дзень у радасці, шчасці ды саладосці! – весела прызнаецца Аляксандр Васільевіч і шырока ўсміхаецца: – Мы пазнаёміліся яшчэ ў 1971 годзе, у студэнцкую пару. А потым, як у народзе кажуць, правяралі свае пачуцці. Адбылося нашае спатканне выпадкова. А мо ўсё ж заканамерна? Можа, Бог дапамог надзейна злучыцца нашым рукам і сэрцам?!
Яны разам прыгадваюць тую першую іх вясну, калі буяла квецень, а на сэрцах было цёпла і чыста. Гэтае адчуванне засталося на ўсё жыццё. Саша здымаў кватэру ў Брэсце, а да гаспадыні прыйшлі дзяўчаты, у іх ліку – Валянціна, Валя, Валечка, сапраўдная лялечка, для душы хлопца аддушына, для жыцця – радасць. Пра тое Аляксандр зразумеў амаль адразу.
50 год – свой залаты скарб – яны падзялілі папалам. Вядома ж, рознае было за гэты працяглы час, але агульным – і ў гэтым салідарныя муж з жонкаю – застаецца радасць агульнага суіснавання. Яны сапраўды, як нітачка з іголачкай, што цягнуцца адзін за адным, дапамагаюць жыць і ў радасці, і ў горы. А гэта, як вядома, горы дазваляе зрушыць!

Вынікам іх цудоўнага кахання сталі дзве дачушкі Юля і Наташа. Старэйшая разам з зяцем Сярожам падаравала бабулі і дзядулю ўнучку Аню. Дзяўчына зараз вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і электронікі на эканаміста-праграміста, атрымоўвае самыя запатрабаваныя сучасныя спецыяльнасці. Малодшая дачка Еўтуховічаў працуе ў айці-кампаніі пасля вучобы ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, а яе муж Дзмітрый захапляецца пісьменніцкай справай. Але ж найбольшае іх дасягненне – сын Сашка, які з першых дзён радасць бацькоў, а асабліва дзеда (усё ж нездарма хлопчык атрымаў дзедава імя!)
А завяршылі свой расказ нашы героі прызнаннем у любові да Жабінкі:
– Цудоўная ў нас станцыя. На ёй сустракаюцца не толькі цягнікі, але і людзі, каб стварыць выдатныя моцныя сем’і, дзяцей нарадзіць, унукаў узгадаваць і жыць у міры.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
