Да Дня энергетыка

Дзяніс ШЫШЧЫЦ: “Святло нясе ўтульнае жыццё”

ЖАБІНКАЎСКІ РЭС у лічбах

У Жабінкаўскім раёне электрычных сетак зараз працуюць 58 спецыялістаў.
Арганізацыя абслугоўвае 390 км сетак 0,4 кВ і яшчэ 390 км — на 10 кВ.
Ёсць таксама 333 падстанцыі, бесперапынную дзейнасць якіх забяспечваюць энергетыкі.
Увогуле, на аператыўным абслугоўванні 4 падстанцыі (“Жабінка”, “Цукровы завод”, “Глыбокае” і “Гатча-Осаўскі”) напружаннем 35-110 кВ, якія з’яўляюцца асноўнай крыніцай электразабеспячэння Жабінкаўшчыны.

Яшчэ стагоддзе таму лямпачка, якая выпраменьвала святло, была сапраўдным цудам. А зараз мы проста не ўяўляем жыцця без электрычнасці. 22 снежня сваё прафесійнае свята адзначаюць тыя, хто штодзённа забяспечвае крыніцай святла і цяпла не толькі магутныя прадпрыемствы, але і асобных людзей, альбо, як сказаў Дзяніс ШЫШЧЫЦ, “разам са святлом прыносяць кожнаму ўтульнае жыццё”. Напярэдадні свята карэспандэнт “Сельскай праўды” паразмаўляў з кіраўніком Жабінкаўскага раёна электрычных сетак.

— Дзяніс Алегавіч, у чым вы бачыце галоўнае прадвызначэнне вашай прафесіі?
— Жыццё цяпер такое, што ад электраэнергіі залежыць як не ўсё, дык вельмі многае. Калі яе няма, не працуюць помпавыя станцыі і людзі застаюцца без вады, спыняюцца кацельні і няма цеплыні, дый у доме знікае ўтульнасць. Каб такое не здаралася, электрыкі штохвілінна на пасту.
— Кожны бачыць: горад наш расце, развіваецца. Што робіцца, каб забеспячэнне электраэнергіяй паспявала за тэмпамі развіцця Жабінкі і раёна?
— Сёлета мы пачалі надзвычай важны для горада-спадарожніка праект па рэканструкцыі падстанцыі 110 кВ “Жабінка”. Дзякуючы гэтаму павялічыцца яе магутнасць, што вельмі значна для горада, які імкліва развіваецца. Вы ж ведаеце, наколькі павялічылася будаўніцтва ў Жабінцы. Узведзены дзевяці- і сяміпавярховыя дамы, новы цудоўны дзіцячы сад № 6 ды іншае. Будаўніцтва пры гэтым не спыняецца, а значыць будзе патрэбна больш электраэнергіі. Таму рэканструяваная падстанцыя стане вельмі карыснаю. Акрамя таго, каб задаволіць патрэбы людзей, якія жывуць у прыватным сектары, наш аб’ект таксама надзвычай неабходны. Разам з тым, у рамках праекта, пра які ідзе гаворка, будуецца паветраная лінія 110 кВ працягласцю каля сямі кіламетраў, што дазволіць павялічыць надзейнасць падачы электрычнасці не толькі ў райцэнтры, але і па ўсёй Жабінкаўшчыне.
— Мабыць, гэта не адзіны праект, які рэалізуецца?
— Так, у рамках капітальнага будаўніцтва персанал Жабін-каўскага РЭС займаецца аўтаматызацыяй размеркавальнай сеткі 10 кВ. Сёлета ўжо ўладкавана 12 аўтаматызаваных секцыяніруючых апаратаў “Рэклоўзер”. Гэта дазваляе дыспетчару на месцы кіраваць апаратамі, што ў выніку скарачае час ліквідацыі аварыйных сітуацый.
Ёсць таксама значная праграма, якая тычыцца надзейнасці электразабеспячэння. У яе рамках мы актыўна мяняем нашы камплектныя трансфарматарныя падстанцыі. У бягучым годзе ўжо здадзена ў эксплуатацыю дзевяць такіх сучасных аб’ектаў.
Нашу працу без перабольшвання можа пабачыць кожны, бо мы займаемся і асвятленнем вясковых вуліц. Сёлета метадычна мянялі старыя ліхтары на сучасныя энергазберагаючыя святлодыёдныя. У годзе, які сыходзіць, было заменена паўсотні такіх ліхтароў у Філіпавічах, Ленінскім, Вялікіх Якаўчыцах і іншых населеных пунктах.
А ў рамках праграмы “Камфортнае жыллё” ў 2021-м здзейснілі рэканструкцыю ў Мацясах, Баярах і Ханьках, сёлета яна працягвалася ў Лойках ды Падрэччы. Гэта дазволіць людзям карыстацца электрычнасцю для ацяплення і гарачага водазабеспячэння.
Увогуле, за гэты год ахоплена капітальным рамонтам прыблізна восем дзясяткаў кіламетраў, адрамантавана таксама 40 падстанцый.
— Дзяніс Алегавіч, за кожным дасягненнем стаяць канкрэтныя людзі. Вядома, усіх пералічыць цяжка, аднак варта ўсё ж назваць лепшых з лепшых, кім ганарыцца прадпрыемства.
— Вядома, наша праца патрабуе вялікіх прафесіяналаў і зладжанасці ўсяго калектыву. І ўсё ж хочацца прыгадаць работнікаў, якія з году ў год вызначаюцца сваімі добрымі паказчыкамі і надзейнай працай. Гэта электраманцёры па эксплуатацыі размеркавальных сетак Вячаслаў АНДРАСЮК, Васіль НАГАР, Яўген ПАЎЛОВІЧ, майстар Міхаіл БІЧУК, дыспетчар Сяргей МАЦЮШЫН. Увогуле, усе, нават тыя, каго мы не згадалі, разумеюць сваю адказнасць, маюць значны прафесіяналізм, што вельмі важна ў нашай дзейнасці. Прыемна, што працу калектыву заўважаюць і ацэньваюць на розных узроўнях. Так, пазалетась Жабінкаўскі РЭС быў занесены на Дошку гонару раёна. Мы і цяпер робім усё неабходнае, каб святло прыносіла нашым кліентам утульнае жыццё.
Напярэдадні прафесійнага свята ўсім зычу моцнага здароўя. Шаноўныя жабінкаўцы! Сустракайце ў шчасці, радасці Новы год і Каляды, а мы, са свайго боку, будзем старацца, каб і святы, і будні былі для вас цёплымі ды светлымі.

Перадсвяточныя меркаванні

Напярэдадні прафесійнага свята папрасілі падзяліцца разва-жаннямі не толькі кіраўніка, але і іншых спецыялістаў Жабінкаўскага раёна электрычных сетак. І вось што пачулі ў адказ.

Андрэй СОБАЛЕЎ:
— Пачынаючы з моманту, калі чалавек уліваецца ў наш калектыў, ён адчувае таварыскую атмасферу. З новым працаўніком праводзяцца аба-
вязковыя інструк-тажы, у нас развіта настаўніцтва, спецы-ялісты, якія ўжо не адзін год у прафесіі, добразычліва дапамагаюць і парадамі, і справамі. Адным словам, робіцца ўсё, каб малады спецыяліст як мага хутчэй атрымаў патрэбныя навыкі і веды ды праз пэўны час стаў паўнавартасным членам брыгады. Калектыў на сённяшні дзень сапраўды малады, практычна ўкамплектаваны. І ўсё ж запатрабаванасць у кваліфікаваных і адказных кадрах існуе. Таму той, хто хоча звязаць свой лёс з працай у РЭС, можа звярнуцца да нас ды паспрабаваць сілы ў прафесіі, вельмі патрэбнай людзям.

Марына ДЗЕМІДЗЮК:
— Больш за 10 гадоў узначальваю пярвічку арганізацыі. У нас дзейнічае адзін з найлепшых калек-тыўных дагавораў, шчыльна супра-цоўнічаем з адміні-страцыяй. Выплаты і сертыфікаты выдаюцца работнікам з нагоды юбілеяў, нараджэння дзяцей, на шлюб і ў выпадку, калі, на жаль, у дом стукаецца бяда, бо наш прафесійны саюз і тады не застаецца ўбаку…
Лічыце, на носе Новы год, а гэта значыць, будзе многа клопату ў прафсаюзнага Дзеда Мароза. Яму давядзецца шмат пашчыраваць, каб павіншаваць не толькі сённяшніх работнікаў, але і нашых дарагіх ветэранаў. Усім святла, спакою і цяпла, няхай ліхтарыкамі ззяюць самыя прыгожыя мары, якія абавязкова спраўдзяцца ў 2023-м!

Інтэрв’ю браў і фота ствараў Анатоль БЕНЗЯРУК