Кацярына БУРА: “Прыемна чуць падзякі ад людзей”
Са старшым інспектарам Дзяржаўтаінспекцыі Жабінкаўскага РАУС старшым лейтэнантам міліцыі Кацярынай БУРА сустрэліся ў першы веснавы дзень, напярэдадні прафесійнага свята і Жаночага дня.
З самага маленства перад ёй быў жывы прыклад — тата Фёдар Бура служыў міліцыянерам-вадзіцелем у АДС Кобрынскага раённага аддзела ўнутраных спраў. Фёдар Фёдаравіч цалкам апраўдваў сваё прозвішча: калегам надзейна было выходзіць разам з ім на дзяжурства, не страшна выязджаць нават на самыя складаныя і небяспечныя заданні, што надараюцца ў міліцэйскіх буднях. Дарэчы, і Кацярыніна маці Таццяна Мікітаўна з часам звязала свой лёс з праваахоўнікамі — працуе ў Кобрынскім аддзеле Дэпартамента аховы.
Так супала, што ў 2011 годзе, калі Каця пад гукі апошняга званка развіталася са школай, бацька пакінуў службу ў органах правапарадку. Сын Ілья, хоць і быў у арміі памежнікам, пасля вяртання дамоў бацькавай дарогай не пайшоў. Затое служба парадку і закону здаўна прыцягвала дачку. Сёння яна гаворыць:
— Я з самага дзяцінства ведала, што буду служыць у міліцыі. Як многія аднакласнікі, узяла за аснову залатое правіла, пачутае ад нашай першай настаўніцы Людмілы Сцяпанаўны Воран: “Заўсёды абыходзься з людзьмі так, як хочаш, каб і яны абыходзіліся з табою”. Вядома, у юнацтве міліцэйская праца ўспрымалася нібыта праз ружовыя акуляры, уяўлялася падобнай на тую, што бачыла ў тэлефільмах або дэтэктыўных кнігах, якія глядзела ды чытала з захапленнем. Рэальнасць аказалася іншай. Але пра свой выбар ніколі не шкадавала, лічу яго правільным.
Каб прыйсці да пастаўленай мэты, учарашняя школьніца завочна паступіла на факультэт правазнаўства Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Адначасова дзяўчына ўладкавалася ў родным Кобрыне ў аддзел Дэпартамента аховы, дзе пачынала свой шлях шарагоўцам. А праз шэсць гадоў Кацярына Фёдараўна ўжо паспела дагнаць бацьку ў званні, калі разам з дыпломам аб заканчэнні акадэміі атрымала і пагоны прапаршчыка міліцыі.
Першапачаткова яна бачыла сябе ў ролі інспектара па справах непаўнагадовых. Аднак жыццё, як гаворыцца, унесла свае карэктывы.
Яшчэ падчас вучобы здарыўся выпадак, пра які і сёння неаднойчы нагадвае сяброўка-аднакурсніца Вольга. Выкладаўся прадмет “Арганізацыя даследаванняў злачынстваў у сферы дарожна-транспартных здарэнняў”. Не адну гадзіну давялося змарнаваць, малюючы графікі, схемы розных прадметаў у адносінах да іксоў ды ігрыкаў. Вось пасля адной такой практычнай работы Кацярына Бура і выгукнула абурана: “Каб я калі-небудзь пайшла працаваць туды, дзе гэта ўсё патрэбна будзе маляваць штодня — ды ні за якія грошы!”
І што ж думаеце? Менавіта гэтым цяпер і даводзіцца, між іншым, займацца старшаму інспектару па адміністрацыйнай практыцы АДАІ Жабінкаўскага РАУС Кацярыне Буры. У склад райаддзела яна ўлілася 1 жніўня 2018 года.
— Хацелася расці, рухацца далей, даказаць і сабе, і іншым, што здольна на большае, — тлумачыць Кацярына Фёдараўна. — З усіх прапаноў, якія атрымала ў Кобрыне, не было нічога, што лягло на сэрца. Раптам высветлілася: ёсць вакансія ў Дзяржаўтаінспекцыі ў Жабінцы. Тры дні далі на роздум — патэлефанавала ўжо на наступны. Прыйшла ў калектыў, дзе выключна мужчыны, але для сябе вырашыла адразу: “Апранула форму — і ты ўжо супрацоўнік!” Нездарма існуе непарушнае правіла: патрэбна трывала пераносіць усе цяжкасці і нягоды службы, пры гэтым не рабіць палёгку для “слабага” полу.
Усе афіцэрскія зоркі, як некалі спяваў Уладзімір Высоцкі, “упалі на пагоны” Кацярыне Фёдараўне ўжо падчас службы на Жабінкаўшчыне. Адразу стала лейтэнантам, а летась атрымала чарговае званне старшага лейтэнанта.
— Службу насамрэч лёгкай не назавеш, — дзеліцца суразмоўніца, — але ў ёй прысутнічае свой шарм. Асабліва прыемна, калі людзі, якія патрапілі ў непрыемнасці або ў бяду на дарозе, гавораць: “Дзякуй вам за дапамогу!” Так, надзвычай прыемна чуць шчырую падзяку ад людзей. Робіцца цёпла на душы ад гэткіх слоў. У такія моманты разумееш, як важна апынуцца ў патрэбным месцы ў патрэбны час.
З гэтай нагоды Кацярына Бура прыгадала леташні выпадак. Раён патруляваў экіпаж дарожна-паставой службы ў складзе капітана міліцыі Уладзіміра Саўчука і старшага лейтэнанта міліцыі Юрыя Навасада. А ў гэты самы час мужчына трапіў у калодзеж. Да бяды было зусім нядоўга. На шчасце, міліцыянеры заўважылі нешта кепскае, звярнуўшы ўвагу на просьбы дапамагчы, спыніліся, неадкладна дасталі буксіровачны трос і дапамаглі чалавеку выбрацца на паверхню. Канечне, далей да справы далучыліся медыкі, якіх выклікалі на месца здарэння праваахоўнікі. Такім чынам у чалавека адбыўся сапраўдны другі дзень нараджэння. Супрацоўнікі аддзела ДАІ і ў той дзень, і пазней пачулі шмат добрых слоў ад мужчыны, якому ўратавалі жыццё. І падобных выпадкаў, дарэчы, адбываецца даволі шмат, толькі не кожны з іх трапляе на газетныя старонкі.
Так атрымоўваецца, што вясну распачынаюць два святы — Дзень міліцыі, а за ім хутка крочыць і Жаночы дзень. Для Кацярыны Фёдараўны яны абодва адметныя. Таму ў сваім віншаванні яна не забылася не толькі калег, але й прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва:
— Усіх, для каго Дзень айчыннай міліцыі — прафесійнае свята, хочацца павіншаваць з яго надыходам. Пажадаць найперш моцнага здароўя, абавязкова — міру, а таксама мужнасці і стойкасці. Бо кожная служба па-свойму значная, і толькі агульнымі намаганнямі мы зможам забяспечыць парадак на вуліцах нашага горада і ўсяго раёна. А напярэдадні 8 Сакавіка шчыра жадаю ўсім жанчынам у гэтым прыгожым свеце заставацца цудоўнымі, загадкавымі ды пазітыўнымі!
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара
