Мабыць, калі паўвека назад бацькі давалі сваёй дзяўчынцы імя Вікторыя, дык марылі, што доля дачушкі будзе шчаслівай: ёй па сіле будзе перамагчы цяжкасці, каб быць паспяховай у жыцці і працы. А на самай справе, на жаль, атрымалася, што свой залаты юбілей яна сустракае, маючы дзве судзімасці. Чаму так здарылася? Бо вока Вікторыі Д. пазарылася на чужое дабро. Аднак яму (таму карысліваму воку) было немагчыма абхітрыць пільны прыбор відэаназірання. Але ж аб усім па парадку…
У народзе вякамі было праверана: не бяры таго, што табе не належыць, і спі спакойна. Яшчэ ў верасні мінулага года жанчына трапіла ў паліклініку. Там заўважыла, што каля гардэроба пакінулі для зарадкі мабільны тэлефон, а побач нікога няма. Адразу з’явілася думка забраць яго сабе. Вікторыя Д. разумела, што тэлефон будуць шукаць, і, упакаваўшы яго ў пакет, схавала ля агароджы на тэрыторыі бальніцы.
Аднаго не ўлічыла яна, што крадзеж зафіксаваў прыбор відэаназірання, таму неўзабаве Вікторыю выклікалі ў аддзел міліцыі. У выніку жанчына чыстасардэчна прызналася і паказала, дзе схаваны мабільнік. Раённы суд вынес пакаранне ў выглядзе двухсот гадзін грамадскіх работ.
Аднак гераіня не стала на шлях перавыхавання. І трох месяцаў не прайшло, як Вікторыю Д. зноў улічылі ў зладзействе. У магазіне “Санта-65” яна, хаваючыся ад усіх, запіхнула за пояс пляшкі настойкі горкай “Белавежская” і “Кока-кола”, якія каштавалі прыблізна 17 рублёў. Не разлічыўшыся, жанчына паспрабавала пакінуць краму.
На гэты раз яе выявілі і прыбор відэаназірання, і прадавец. Яна хацела дагнаць і вярнуць зладзейку, але тая, азірнуўшыся, толькі паскорыла крок, а пасля ўзяла пляшкі ў рукі, каб яны не выпалі з-за пояса, і ўцякла.
Ды ад прыбора відэаназірання надоўга не збяжыш. Калі работнікі магазіна звярнуліся ў міліцыю, вартавыя правапарадку хутка вызначылі, хто несумленны быў у той дзень у магазіне “Санта-65”. Зноў справа на Вікторыю Д. трапіла ў суд.
Выносячы пакаранне, былі ўлічаны характар і ступень грамадскай небяспекі здзейсненага, чыстасардэчнае раскаянне і добраахвотная кампенсацыя стратаў для магазіна. Вікторыя Д. прызнана вінаватай у крадзяжы маёмасці (грабяжы), здзейсненага паўторна.
Злачынства падпадала пад частку 2 артыкула 206 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, жанчына не да канца адбыла пакаранне, накладзенае судом напрыканцы мінулага года. Яго далучылі да сённяшняга, і разам атрымалася пакаранне ў выглядзе арышту на тэрмін адзін месяц і пяць дзён.
Згодна з медыцынскім заключэннем, Вікторыя Д. хварэе сіндромам залежнасці ад алкаголю. У адпаведнасці з часткай 1 артыкула 107 Крымінальнага кодэкса краіны, суд абавязвае прымяніць меры прымусовага супрацьалкагольнага лячэння.
Людміла РУБАШЭЎСКАЯ, старшыня суда Жабінкаўскага раёна; Анатоль РОСТАЎ
