Да біялогіі праз інфармацыйныя тэхналогіі

Сёлетні год выдаўся надзвычай слаўным для настаўніцы біялогіі сярэдняй школы № 2 Таццяны Ярмаловіч. Спачатку яе імя заззяла промнямі славы на раённай Дошцы гонару па выніках актыўнай, плённай працы ў 2020-м, а ў жніўні на традыцыйнай педагагічнай канферэнцыі Таццяну Лявонцьеўну ўзнагародзілі Граматай Міністэрства адукацыі нашай краіны. Прымала ўдзел педагог і ў рабоце рэспубліканскай настаўніцкай нарады ў сталіцы.
Нягледзячы на шматлікія ўшанаванні-ўганараванні і сваю вядомасць далёка за межамі маленькай Жабінкі, Таццяна Ярмаловіч лічыць сябе чалавекам сціплым, непублічным. Гэта тым больш здзіўляе, калі даведваешся, што ў свой час яна займала пасады намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Хмелеўскай сярэдняй школы і другой гарадской.
Менавіта знакамітае Хмелева стала першым месцам працы і пражывання маладога педагога-арганізатара пасля атрымання атэстата аб сярэдняй адукацыі. Дарэчы, пачынала вучобу Таццяна ў першай гарадской школе, а заканчвала СШ № 3 — іх клас быў першым выпускам новай дзесяцігодкі.

З удзячнасцю — пра калег, з гонарам — пра выпускнікоў

З удзячнасцю і цеплынёй прыгадвае Таццяна Лявонцьеўна многіх сваіх настаўнікаў: Аляксандру Іванаўну Дзяжко, якая выкладала хімію; Ганну Аляксандраўну Саевіч, што навучала нямецкай мове; Валянціну Афанасьеўну Талокіну і Валерыю Міхайлаўну Галаўчынер, якія захаплялі рускай мовай і літаратурай (Валерыя Міхайлаўна яшчэ й выкладала этыку ды асновы сямейнага жыцця, вучыла быць сумленнымі людзьмі).
Падчас працы ў Хмелеве і Жабінцы давалі парады ды ўсяляк падтрымлівалі Таццяну Ярмаловіч Мікалай Рыгоравіч Каржук, Марыя Пятроўна Лазавік, Тамара Дзмітрыеўна Барысюк, Мікалай Пятровіч Кавальчук, Ірына Міхайлаўна Кашчэва. Пасада намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце была цікавай, але няпростай, а праца, як здавалася, — неахопнай. Аднак Таццяна Лявонцьеўна цудоўна спраўлялася з абавязкамі, дапамагаючы настаўнікам выхоўваць дзяцей разумнымі, улюбёнымі ў свой край, быць творчымі, актыўнымі, ініцыятыўнымі. За-вуч і сама пастаянна вучылася. Завочна скончыла Брэсцкі педагагічны ўніверсітэт імя Пушкіна па спецыяльнасці “Біялогія”, штогод удзельнічала ў семінарах, канферэнцыях, метадычных фестывалях. Яны тычыліся актуальных праблем выкладання біялагічных дысцыплін у ВНУ і школах, арганізацыі эфектыўнай метадычнай работы ва ўстановах адукацыі, выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе па навучальным прадмеце “Біялогія”.
Асвоіўшы праграмнае забеспячэнне SMARTNOTEBOOK 10, сэрвісы WEB 2.0 і блог настаўніка ў выкладанні біялогіі, Таццяна Ярмаловіч пачала даваць майстар-класы на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях. Таленавіты педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі неаднаразова ўганароўвалася граматамі за актыўны ўдзел ў Міжнародных кірмашах сацыяльна-педагагічных інавацый, а на ўроках намагалася актывізаваць пазнаваўчы інтарэс дзяцей да біялогіі, прымяняючы розныя тэхналогіі.
Сваім вучням яна стараецца менш расказваць, а больш паказваць наглядна, заахвочвае дадаткова займацца біялогіяй, таму што на ўроках немагчыма ахапіць неабдымны і такі цікавы раслінны ды жывёльны свет.
І бывае так, што ўжо з шостага класа сярод іншых навучэнцаў вылучаюцца тыя, што праяўляюць непадробную цікавасць да навукі пра жыццё і жывых істот. Таццяна Лявонцьеўна прапануе ім у далейшым факультатывы “Займальны свет жывёл” (8 клас) і абагульняльны курс для дзевяцікласнікаў.
Яна ганарыцца многімі выпускнікамі, якія ўдзельнічалі ў алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях, а затым паступілі ў профільныя хіміка-біялагічныя класы ў наш гарадскі ліцэй і абласны ліцэй імя Машэрава. Сярод лепшых — Юрый Піліповіч, які сёлета стаў адзіным стобальнікам на Жабінкаўшчыне, атрымаўшы запаветную сотню менавіта па біялогіі. А яшчэ — дыпламантка трэцяй ступені дыстанцыйнага конкурсу навукова-даследчых работ “Зялёны дом” Соф’я Калішук, залатая медалістка Марыя Мешчанчук, якая вучыцца зараз у Гомельскім медыцынскім універсітэце, і Кацярына Максімчук — студэнтка Гродзенскага.

Пра біялогію — у блогу

Пяць гадоў таму, рыхтуючыся да ўдзелу ў конкурсе “Самы класны класны”, Таццяна Ярмаловіч стварыла блог класа, а потым блог па навучальным прадмеце “Біялогія для вас”. Ён дае магчымасць вучням пад-рыхтавацца да ўрокаў, факультатываў, алімпіяд, цэнтралізаванага тэсціравання. Як, скажыце, вучням не ўлюбіцца ў такога суперсучаснага педагога-блогера?! А зацікавіш сабой — улюбіш і ў свой прадмет. На ўроках Таццяны Лявонцьеўны сумна дзецям дакладна не бывае.
Яна распрацавала чатыры ўрокі для вучняў 9 класаў з тэстамі і віктарынамі ў праграме Power Point, якія размешчаны на Адзіным інфармацыйным адукацыйным рэсурсе.
Ва ўсіх пачынаннях яе падтрымліваюць муж Сяргей Рыгоравіч, дачка Марына — менеджар юрыдычнай кампаніі ў сталіцы — і сын Аляксандр, які вучыцца ў 11 класе другой гарадской школы.
Вольны ад работы час наша гераіня праводзіць на ўлонні прыроды — у яе тры агароды: уласны, бацькоўскі і школьны. Сярод іншых захапленняў Таццяны Ярмаловіч — кветкаводства, чытанне кніг, вывучэнне радаводу сям’і і гісторыі школы. Жартуе: многія думаюць, што яна гісторык, а не біёлаг. А яна проста зацікаўлены, неабыякавы чалавек, які любіць усё жывое, сваіх родных, сваіх вучняў, а галоўнае — справу, якой жыве.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота Святланы КІСЛАЙ