На шляху да адзінай Рэспублікі
Хроніка змагання
Анатоль РОСТАЎ.
Падзеі 80-гадовай даўніны — шматвекавы крок на шляху аб’яднання нашага народа. Змаганне ўзмацнілася пасля таго, як у 1921-м паўстала савецка-польская мяжа, што падзяліла беларусаў на ўсходніх і заходніх. Барацьба за ўз’яднанне прыкметна ўзмацнілася на памежжы 20-х і 30-х гадоў. У шэрагах тых, хто аказаўся на вастрыі рэвалюцыйных выступленняў, былі і жабінкаўцы. У Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці дастаткова шмат дакументаў тае пары, што распавядаюць пра ўнёсак у агульную справу нашых землякоў.
ВЯЛІКУЮ АКТЫЎНАСЦЬ праяўляла Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). Ужо 20 лютага 1927 года яе сябры арганізавалі паблізу Булькоўскай царквы першую прыкметную дэманстрацыю, дзе заклікалі да супраціўлення польскім уладам, што “трымаюць мясцовы люд у чорным целе”, гучалі і заклікі за аб’яднанне з Беларускай ССР.
Адным з першых, хто быў увязнены за свае погляды ў турму, стаў Васіль Яцэвіч з Дзяменічаў. За кратамі ён вёў дзённік. На жаль, захаваліся пранікнёныя запісы толькі за 1927 год. Выняткі, напісаныя рукой палітвязня, уражваюць загартаванай сілай: “Ах, воля! Якія дні стаяць харошыя, сонечныя! З акна (турэмнага) шпіталя добры від на свабоду… Дні марозныя. Дрэнна днём, а асабліва ноччу. Клікалі на лекарскі агляд з прычыны пабояў. За крыкі і песні прызначана пакаранне: не даюць спатканняў… Турма для мяне азначае паступовае, павольнае, але верна разлічанае забойства”. Альбо вось запіс ад 16 жніўня: “Цікава было назіраць, як па “шпацэру”, не думаючы адступаць перад дажджом, бегалі “палітычныя” дзяўчаты”. Гэта сёння многія дзяўчаткі мараць пра подыум, у тыя суровыя часы зусім інакш “шпацыравалі”…
А змаганне “за волю і лепшую долю” насуперак усяму працягвалася. Неўзабаве, 27 чэрвеня 1928 года, каля Ракітніцы адбылася партканферэнцыя, на якой абмяркоўвалася, як агітаваць супраць падаткаў, змагацца за адкрыццё школ на роднай мове ды інш. Калі гэтыя намеры былі раскрыты паліцыяй, 28 снежня ў Кобрыне прайшоў так званы працэс “24-х” над членамі Жабінкаўскага райкама КПЗБ. За кратамі, між іншымі аказаліся Іван Бандарук і Васіль Бурва, Іван Клімук і Аляксей Дзмітрук.
Насуперак рэпрэсіям у вёсках Багуславічы (зараз Залуззе), Рачкі, Сцяброва патаемна ўзнікалі ячэйкі асветніцкіх арганізацый “Сельраб” і “Прасвіта”. Апошняя спрабавала далучаць тутэйшых і да тэатральнага мастацтва. Так, 19 мая 1929 года “прасвітаўцы” паказалі ў Якаўчыцах спектакль “Хмара”, на які сабраліся 200 чалавек, а 28 чэрвеня ў Жабінцы — пастаноўку “Няшчасная”. Да таго ж у майскія дні паблізу Мышчыцкай царквы паліцыя знайшла лістоўкі.
З 1930 года ў Жабінкаўскі райкам уваходзілі Ігнат Снітко, Юльян Падліпскі і Дзмітрый Семянюк. Раённы камітэт меў падпольны цэнтр у Ракітніцы, аб’ядноўваў 20 вясковых ячэек.
Папулярным стала правядзенне так званага дня “3 Л”(пад гэтым меліся на ўвазе тры камуністычныя лідары: Ленін, Лібкнехт, Люксембург). Як тое адбылося ў пачатку 1931 года ў Саках, Сцяброве, Булькове, Рачках і Сцяпанках.
У трыццаць другім палескі ваявода, моцна занепакоены ростам актыўнасці камуністычных арганізацый, разаслаў кіраўнікам паветаў цыркуляры пад грыфамі “зусім сакрэтна”, “асабіста”, “трымаць пад замком”. Цяпер, калі дакументы страцілі сваю таямнічасць, можна даведацца пра інструкцыі, як улады планавалі ліквідаваць незадаволенасць насельніцтва беднасцю і прыгнётам. У паперах не толькі аналізаваўся палітычны стан у краі, але і дапускалася вялікая магчымасць узброенага паўстання. Як засведчылі падзеі, хваляванні ваяводы, падмацаваныя данясеннямі паліцыі і шпегаў, былі недарэмныя.
Спачатку вясной ужо новага 1933 года ў многіх населеных пунктах з’явіліся камуністычныя транспаранты і шматлікія лістоўкі, у Якаўчыцах і Кобрыне невядомыя ўпрыгожылі магілы чырвонаармейцаў, загінулых у савецка-польскую вайну 1920 года. Затым з цягніка паблізу Жабінкі зніклі ручныя гранаты, якія разам з іншай зброяй апынуліся ў Брэсцкім акруговым камітэце КПЗБ. Нарэшце выбухнула Навасёлкаўскае ўзброенае выступленне сялян — мацнейшае паўстанне на “ўсходніх крэсах” за ўсе часы Другой Рэчы Паспалітай.
Яно распачалося ў ноч з 3 на 4 жніўня 1933 года ў Булькове. Гэты буйны маёнтак на ўзбярэжжы Мухаўца знаходзіўся ва ўласнасці роду Мілачэўскіх. Напярэдадні сяляне, узначаленыя актывістамі, дамовіліся распачаць шырокую акцыю пратэсту, бо лічылі, што паны не плоцяць сваім работнікам годныя грошы, прыгнятаюць іх без усялякай меры. Надвячоркам 3 жніўня пратэстуючыя сабраліся паблізу Радванічаў і адтуль арганізаванымі калонамі рушылі ў Булькова. Планавалася, шэсце будзе мірным, у маёнтку пройдзе мітынг, а затым усе разам накіруюцца ў Брэст-над-Бугам з петыцыяй да ваяводы. Сярод завадатараў вылучаліся Васіль Ласковіч (будучы ганаровы грамадзянін Брэста), Міхаіл Чарнак, Лявонцій Багдановіч (пасля прыходу савецкай улады яны сталі першымі старшынямі Азяцкага і Старасельскага сельсаветаў). Большасць сялян павінны былі прыйсці з вёсак Паўлопаль, Дарапеевічы, Навасёлкі. Узнікла сутычка з паліцэйскім, прагучаў першы стрэл. Паранены паліцэйскі здолеў дабрацца да пастарунка і паведаміць пра сялянскі бунт. Калі паўстанцы падышлі да Навасёлкаў, патрапілі пад агонь. На гэта таксама адказалі зброяй. Перастрэлка цягнулася некалькі гадзін, пакуль не скончыліся патроны і сяляне не падаліся па хатах.
Ранкам наступнага дня прыбылі войскі. Экспедыцыяй кіраваў камісар следчага ўпраўлення Будзінскі. Было аб’яўлена асаднае становішча. Дзясяткі чалавек арыштаваны і накіраваны ў кобрынскую турму. Яны рыхтавалі план уцёкаў, але былі раскрыты. Дзевяць арганізатараў — Лявон Багдановіч, Аляксей Гузюк, Рэгіна Каплан, Іван Кіцель, Раман Мацюк, Васіль Ніканчук, Іван Лісковіч, Сямён Казловіч, Рыгор Цімашук — былі аддадзены пад ваенна-палявы суд. Ён адбыўся на пачатку верасня. Пракурор абвясціў: “Смяротнае пакаранне праз павешанне будзе добрым урокам для ўсёй Кампартыі!”. Аднак грамадскасць разгарнула шырокую кампанію, каб выратаваць жыцці асуджаных. Тысячы лістоў з просьбамі і патрабаваннямі дараваць ім і нават вызваліць з-пад арышту паступіла ў адміністрацыю польскага прэзідэнта. І ўлады змусілі адступіць. Смяротны прысуд замянілі пажыццёвым зняволеннем.
Верасень 39-га, час аб’яднання, расчыніў перад імі дзверы вязніцы. А паўстанне і судовы працэс, што прайшоў пасля яго падаўлення, увайшлі ў гісторыю як адзін з найбольш яркіх і памятных эпізодаў барацьбы жыхароў Заходняй Беларусі за свае правы.
На здымках: ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл КАРНЕЕЎ, Аляксандр ГОГАЛЕЎ, Пётр ЧАРГІНЕЦ, Міхаіл ВАШКЕВІЧ каля стэндаў, прысвечаных КПЗБ у мемарыяльным пакоі СШ № 1 (фота 1980-х гадоў).
