Сорак гадоў мінула з трагічнага дня 26 красавіка 1986 года, калі нашу зямлю накрыў чорны саван чарнобыльскай трагедыі. Аварыя найбольш закранула Беларусь, дзе радыяцыйнае забруджванне ахапіла звыш за 20 працэнтаў тэрыторыі краіны. Цяпер, праз чатыры дзесяцігоддзі, ліквідатары аварыі на ЧАЭС успамінаюць часы, калі яны ратавалі людзей ад бяды, бо цудоўна разумелі: не бывае болю чужога.
Зямля за калючым дротам

Сёння ўдзельнікі тых падзей – заслужаныя ветэраны. Пасля выбуху рэактара чацвёртага энергаблока Чарнобыльскай АЭС на ліквідацыю вынікаў аварыі тэрмінова былі накіраваны і жабінкаўскія праваахоўнікі. У іх ліку аказаўся Сяргей Лаўрысюк.
Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы (на той час – старшы інспектар дарожна-паставой службы ДАІ) згадвае, як летам векапомнага 1986 года трапіў на Гомельшчыну. Гэтая зямля была апалена бядой і патрабавала чалавечай дапамогі.
– Пра тое, што на ЧАЭС здарылася сур’ёзная аварыя, я даведаўся праз некалькі дзён пасля яе, – расказвае Сяргей Савіч. – У маі ў нашым РАУС аб’явілі: радыяцыя дайшла нават да Брэстчыны, хоць афіцыйных паведамленняў пакуль яшчэ не існавала. Праз пэўны час для накіравання ў зону, з якой праводзілася эвакуацыя насельніцтва, з розных аддзелаў унутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама сталі фарміравацца зводныя атрады з ліку супрацоўнікаў міліцыі і пажарных. Мы тады не ведалі маштаб катастрофы і нават прыблізна не ўяўлялі яе вынікі.
У сярэдзіне ліпеня ў складзе трэцяга такога атрада з Жабінкі на дапамогу пацярпелым выправіліся Сяргей Лаўрысюк, Фёдар Вашчула і Аляксандр Беларус. Месцам дыслакацыі была выбрана вёска Савічы Брагінскага раёна, штаб і месца пражывання – сярэдняя школа.
Да станцыі – прыкладна 20 кіламетраў. У яснае надвор’е яе можна было ўбачыць няўзброеным вокам.
– Пасля прыбыцця на месца нас расфарміравалі па ўзводах, зачыталі загад аб замацаванні транспарту і ўчасткаў нясення службы, – згадвае Сяргей Савіч. – У той самы дзень супрацоўнікі неадкладна заступілі на дзяжурства. Мы павінны былі забяспечваць захаванне таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў усіх форм уласнасці, а таксама ў вёсках Калыбань, Крукі, Залессе ды іншых населеных пунктах несці ахову аб’ектаў, каб ніхто з грамадзян не мог пранікнуць у зону адчужэння і парушыць закон і парадак. Так, першарадная наша задача – не дапускаць вываз з тэрыторыі, абнесенай калючым дротам, уласнай і дзяржаўнай маёмасці, а таму на кантрольна-прапускных пунктах працавалі вельмі зладжана.
Некаторыя паселішчы знаходзіліся ўсяго за тры-пяць кіламетраў ад чацвёртага энергаблока Чарнобыльскай атамнай станцыі. Службу ліквідатарам даводзілася несці па дванаццаць гадзін. Са сродкаў індывідуальнай абароны былі толькі рэспіратар і дазіметр, які пасля змены здаваўся на паверку ўрачу-рэнтгенолагу. Узровень радыяцыі ўтрымліваўся вельмі высокі і ў кустах, і ў траве, і ў закрытых памяшканнях. Пастаянна пяршыла ў горле, у роце прысутнічала саладосць з металічным прысмакам, часта-часта білася сэрца, галаву здушвала, нібыта жалезным абручом.
– Аднак, нягледзячы на гэтыя сімптомы, кожны стараўся выканаць пастаўленыя перад ім задачы, – запэўніў наш суразмоўца.
Ён згадвае месяц, праведзены на атручанай зямлі. Яблыкі, грушы ды іншыя фрукты ў той год выраслі надзвычай вялікімі і сакавітымі. Іх вельмі хацелася пакаштаваць. Аднак існавала строгае папярэджанне: нічога з прыродных дароў нельга есці, нават дакранацца да іх небяспечна. А яшчэ ліквідатарам было сказана, каб яны не спыняліся пад дрэвамі, бо лістота збірае радыеактыўны пыл.
Сяргей Лаўрысюк лічыць, што трагедыя згуртавала ўсіх, хто прыехаў на яе ліквідацыю. Штодня даводзілася аб’язджаць вёскі і наваколлі, блізкія да ЧАЭС, якія амаль усе абязлюдзелі. Праваахоўнікі правяралі, як захоўваюцца пакінутыя хаты, дзе нядаўна бурліла жыццё. Цікавіла іх і тое, ці зберагаюцца крамы, будынкі школ, дзіцячых садоў і іншыя памяшканні з маёмасцю.
Электрычнасць ў паселішчах была адключана, а таму станавілася надзвычай жудасна, калі сярод цёмнай ночы пачыналі выць сабакі, пакінутыя гаспадарамі. Ад гэтых дзікіх гукаў рабілася не па сабе. Толькі дзе-нідзе заставаліся ў адселеных вёсках адзінкі тутэйшых жыхароў, найчасцей старажылаў.
– Памятаю, – гаворыць Сяргей Савіч, – у адной вёсцы жыла старая жанчына. Ёй было ужо больш за восемдзесят гадоў. Яна катэгарычна адмаўлялася ад высялення, і мы ёй дапамагалі: прывозілі прадукты, ваду, медыкаменты, бо выдатна разумелі: не бывае болю чужога.
Камандзіроўка Сяргея Лаўрысюка скончылася 15 жніўня 1986 года. Да выхаду на пенсію ён працягваў службу ў Жабінкаўскім райаддзеле міліцыі, але заўсёды ў час квецені згадвае зону, абнесеную калючым дротам, і сакавітыя плады, якія нельга было есці…
Несвяточны юбілей

Роўна праз год пасля камандзіроўкі Сяргея Лаўрысюка паблізу ЧАЭС місію ліквідатара давялося выконваць і Анатолю Самайлюку.
Сваё трыццацігоддзе Анатоль Афанасьевіч сустрэў далёка ад роднага парога – у 30-кіламетровай зоне адчужэння. Так, выдалася нечаканая і небяспечная месячная камандзіроўка на Гомельшчыну, а таму і юбілей атрымаўся не зусім святочным.
– У Хойніках нас пераапранулі, – успамінае тыя далёкія дні суразмоўца. – Як інспектар дарожна-паставой службы я быў накіраваны на ліквідацыю вынікаў Чарнобыльскай аварыі па лініі Дзяржаўтаінспекцыі. Быў размеркаваны ў Брагін, таму ў аператыўным плане наша група з 15 ліпеня па 15 жніўня 1987 года падпарадкоўвалася мясцоваму раённаму аддзелу ўнутраных спраў.
У гэты перыяд Анатоль Самайлюк аказаўся адзіным жабінкаўцам, што шчыраваў у чарнобыльскай зоне. Прыбыў на машыне, паколькі тэхніка патрабавалася для праваахоўнікаў-ліквідатараў. Уразіла, наколькі шмат было рэзервістаў, прызваных з запасу на зборы, якія ў народзе называюць «партызанамі». У асноўным яны былі з прыбалтыйскіх рэспублік і Сібіры, працавалі паблізу чацвёртага рэактара.
Самому Анатолю Афанасьевічу выпала толькі аднойчы пабываць у гэтым страшным месцы. На вуліцах адселенага горада атамшчыкаў Прыпяці нібыта раз і назаўсёды спыніліся стрэлкі гадзінніка. Запомніўся надпіс, пакінуты нечай рукой: «Хай будзе мірны атам…» Уражвала месца, дзе з горкай іроніяй нехта нагадваў пра «мірны атам», што вырваўся 26 красавіка 1986 года на волю і парушыў жыццёвыя планы соцень тысяч людзей у Беларусі, Украіне, Расіі. Гэтыя словы былі пакінуты на будынку загса – там, дзе звычайна людзі адзначалі самыя прыемныя моманты жыцця: нараджэнне сямей і дзяцей. Цяпер усяго гэтага ў Прыпяці не засталося…
Група, у якую ўваходзіў жабінкавец, жыла ў адселеным доме. Даводзілася займацца аховай грамадскага парадку, у тым ліку затрымліваць тых, хто сядаў нападпітку за руль або спрабаваў рабаваць рэчы, пакінутыя гаспадарамі ў дамах і на падворках.
Служылі праваахоўнікі добра, нездарма аднойчы ўсіх міліцыянераў, якія прыбылі з Брэстчыны, выклікаў начальнік Брагінскага РАУС. Ён выказаў падзяку за тое, што берасцейцы надзейна падтрымлівалі парадак, які да гэтага навялі ў забруджаным раёне іх калегі з Віцебскай вобласці.
Згадваючы той час, ліквідатар са скрухой гаворыць і пры гэтым сумна ўсміхаецца, мабыць, згадвае міжволі папулярную некалі песню:
– «Усё мінула: і смутак, і радасць». Нічога добрага там не было!.. Памятаю, якая пякельная гарачыня стаяла, калі прадувалі саркафаг… Графік у нас быў такі: суткі працуем, паўдня адсыпаемся. Ды хіба так атрымоўвалася? Не паспееш адпачыць, як званок з Брагіна: прыязджайце, дапамажыце… Што зробіш? Ехалі на дапамогу…
У апошні ліпеньскі дзень 1987-га Анатоль Афанасьевіч адзначыў свой юбілей. Было вельмі прыемна, што павіншаваць супрацоўніка завітаў нават начальнік ДАІ.
– А я ўжо тады, на гэтым юбілеі, думаў: колькі ж мне жыць застаецца? Мо яшчэ пяцігодка наперадзе? Максімум – дзесяць год… Многія ліквідатары падхапіўшы дозы радыяцыі, сапраўды даўно ўжо ў магіле. А я, слава Богу, выжыў, хоць нават і блізка не думаў, што гэтак доўга пражыву.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара і Дзіяны МЕЛЬНІКАВАЙ
