У першую суботу лютага былыя выпускнікі з розных куточкаў спяшаюцца на спатканне з юнацтвам, роднай установай, настаўнікамі і аднакласнікамі. Так і я, паехала на малую радзіму ў вёску Гарадная, што на Століншчыне, бо сёлета наш выпуск святкаваў 30-годдзе пасля заканчэння школы. Сустрэча атрымалася незвычайна цёплай і душэўнай і пакінула незабыўныя ўражанні ды эмоцыі.
Спецыяльна для выпускнікоў была зроблена сценгазета, што сустрэла нас у фае ўстановы. На ёй фотаздымкі нагадалі, якімі вучнямі мы былі. Кожны раз з хваляваннем і радасцю я пераступаю парог роднай школы: тут прайшлі цікавыя і насычаныя гады жыцця, тут працавалі настаўнікамі бацькі, якія зараз на заслужаным адпачынку. У памяці не толькі ўрокі і хатнія заданні, але й розныя мерапрыемствы, у якіх удзельнічалі, школьныя вечары, якія рыхтавалі. Памятаюцца піянерскія зборы і камсамольскія сходы, паходы, экскурсіі ў Брэсцкую крэпасць і Мінск. Адной з іх наш клас узнагародзілі за першае месца ў зборы металалому, другой — за перамогу ў зборы шышак: такім чынам дапамагалі лясніцтву. Прыходзілі на дапамогу калгасу “Зара”, наведвалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, выпускалі сценгазеты. Мы заўсёды імкнуліся быць лепшымі і першымі ва ўсім: вучобе, спорце, грамадска-карыснай працы. Наш 10 “А” быў актыўным, дружным і згуртаваным. Немалаважная заслуга ў гэтым класнага кіраўніка Адама Аляксеевіча Дарошкі, майго бацькі, які выкладаў спевы і музыку, а мая мама Ала Паўлаўна вяла ў нас урокі рускай мовы і літаратуры. Зараз яны, як і я, жывуць у Жабінцы, маюць шаноўны ўзрост — летась тата адсвяткаваў 80-гадовы юбілей, а матуля набліжаецца да гэтай даты.
Тое, што наш клас вылучаўся сярод іншых, адзначалі на сустрэчы і былыя настаўнікі, якія памятаюць нас вучнямі-пачаткоўцамі і старшакласнікамі. Мы радыя былі ўбачыць Алімпіяду Дзмітрыеўну Леанавец, якая з пятага па дзясяты клас навучала роднай мове; Івана Іванавіча Кісяля, што выкладаў дакладную навуку фізіку; Галіну Піліпаўну Вячорка, якая на ўроках геаграфіі знаёміла з далёкімі краінамі і іх народамі; Васіля Андрэевіча Казачка, з якім вучыліся маляваць і заўважаць вакол сябе прыгожае і незвычайнае. На жаль, ужо няма нашай першай настаўніцы Паліны Якаўлеўны Літвінчык і многіх педагогаў, якія потым выкладалі ў нас. Адышлі ў іншы свет і чацвёра маіх аднакласнікаў — іх памяць ушанавалі хвілінай маўчання.
Успомніць школьныя гады дазволіла ўрачыстая частка мерапрыемства. Быццам на машыне часу з дапамогай цікавай прэзентацыі мы зноў апынуліся ў класных пакоях, на стадыёне і ў сталоўцы, прайшліся па знаёмых калідорах і з задавальненнем на імгненне зазірнулі ў нашу маладосць. Быў момант і для гульняў, і для вясёлай віктарыны. Вучні паказалі гасцям сцэнку са школьнага жыцця, а таксама падарылі музычныя нумары, прысвечаныя школе, юнацтву.
Затым кожны выпуск размясціўся ў сваім класе, дзе гутарка прадоўжылася ў вузкай кампаніі аднакласнікаў. З нашага 10 “А” на сустрэчу прыехалі 14 чалавек. Кожны расказаў пра сябе, сваю сям’ю, поспехі і дасягненні. Многія ўжо маюць унукаў. Ганаруся тым, што мае аднакласнікі сталі годнымі людзьмі, знайшлі сваё месца ў жыцці, выбралі прафесію па душы. Так, сярод нас ёсць настаўнікі і медыкі, ветэрынары і фармацэўты, швачкі і повары, бухгалтары і святары, журналісты і супрацоўнікі міліцыі. Лёс раскідаў нас па розных гарадах і краінах. Мае аднакласнікі пусцілі карані на Брэстчыне, Гро-дзеншчыне і Міншчыне, а таксама ў Расіі, Італіі і Ізраілі. Хтосьці застаўся верным свайму раёну і малой радзіме — жыве і працуе ў Століне ці Гарадной. Нашы размовы межаваліся песнямі, якія спявалі пад гармонік, і танцамі пад хіты 80-90-х.
Памяць аб сустрэчы будуць захоўваць шматлікія фотаздымкі. На развітанне дамовіліся не чакаць зноў дзесяці гадоў, каб сустрэцца, а зрабіць гэта значна раней.
Алёна ДАРОШКА (зараз НІКАНЧУК), выпускніца Гараднянскай школы 1989 года.
