Сёлета споўнілася б 140 гадоў з дня нараджэння айца Антонія Катовіча (1881–1938) — прадстаўніка разгалінаванага святарскага роду, які на працягу стагоддзяў служыў справе веры на Палессі ды Падляшшы.
Яго малой радзімай стала сяло Вежкі, дзе, пачынаючы з 60-х гадоў ХІХ стагоддзя, правіў службы ягоны бацька Пётр Катовіч.
Вежкі — месца старадаўняе, вядомае ажно з 1513 года, калі аб’ядноўвала вакол сябе асобную воласць на ўскрайку Кобрынскай эканоміі. Неўзабаве ў паселішчы ўжо меліся дзве вуліцы — Мацясоўская ды Песцянецкая, якія паказвалі накірункі да вёсак Мацясы і Песценкі. А вось першая згадка пра Вежкаўскую (тады ўніяцкую) царкву, у якой з пакалення ў пакаленне правілі службы Катовічы ды іх родзічы, датавана 1668 годам. У гэты час кароль Ян ІІІ Сабескі зацвердзіў яе статут. Праз стагоддзе з’явілася пагадненне апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага на імя Яна Жалязкевіча, якому дазвалялася стаць вікарыем у Вежкаўскім Свята-Успенскім храме.
Нарэшце, яшчэ праз век у ім быў ахрышчаны будучы святар Антоній Катовіч. Ужо на той час драўляная царква патрабавала абнаўлення, таму была перабудавана і асвечана ў 1912 годзе ў гонар Узнясення Гасподняга. А праз пару гадоў выбухнула Першая сусветная вайна. Гэтае ліхалецце, падчас якога кайзераўцы ўладкавалі ў Божым Доме ваенны шпіталь, храм перажыў. Аднак быў знішчаны ў агні ў наступную, Вялікую Айчынную вайну. Здарылася тое неўзабаве пасля Вялікадня 1943 года.
Аднак даведацца пра тое Антонію Катовічу не было суджана: святар, якому давялося прайсці цярністым шляхам па зямлі, загінуў раней…
Блуканні па пакутах пачаліся яшчэ ў Першую сусветную, калі ў жніўні пятнаццатага года фронт падступіў да нашых земляў. На той час Антоній, які бачыў сябе выключна прадаўжальнікам сямейнай справы, закончыў Літоўскую духоўную семінарыю ў Жыровічах. Ён стаў настаяцелем у Царкоўніках (цяпер — Зарэчаны) пад Камянцом. Да слова, у ягоны прыход уваходзіла вёска Шастакова — малая радзіма генерала-паўстанца Рамуальда Траўгута.
Антоній Пятровіч не меў ваяўнічага характару, аддана служыў Богу і людзям, але і гэтага аказалася дастаткова, каб стаць пакутнікам у часы барацьбы супраць веры. Спачатку, калі Брэстчыну акупіравалі кайзераўцы, святар з сям’ёй падаўся ў бежанцы. Іх прытулілі вяскоўцы з Кукалаўкі Херсонскай губерні, дзе Антоній стаў другім свяшчэннікам мясцовай Свята-Пакроўскай царквы.
Вайна, між тым, адкацілася, як хваля, ад гэтай зямлі. Прыйшлі бальшавікі. Некалькі разоў айцец Антоній трапляў пад арышт па справе, якую завялі супраць першага святара. Калі ж у царкву прызначылі настаяцеля, лаяльнага савецкай уладзе, Катовіч пачаў праводзіць літургію дома. За тое быў звольнены і зноў арыштаваны. Цяпер ягоны шлях пралягаў ажно праз усю вялікую Расію, на берагі магутнага Енісея, у Краснаярскі запаветны край. Зведала арышт і матушка Ніна Феафілаўна. Іх зямныя лёсы разышліся па чалавечай, а не Божай волі. Яго чакалі многія гады невыноснай працы, фізічнага і маральнага прыніжэння.
У гэты неспакойны час загінула мноства служыцеляў царквы. У іх ліку апынуўся і нараджэнец нашых Вежак Антоній Пятровіч Катовіч. Хуткі і несправядлівы суд адбыўся ў пачатку красавіка 1938 года, за тры дні да вялікага праваслаўнага свята — Дабравешчання.
…Расстрэльная каманда прагучала. І невядома, дзе шукаць магілу. Але памяць пра Катовіча і тых, хто папакутаваў за веру, засталася.
У лістападзе 1981 года Руская права-слаўная царква за мяжой здзейсніла ўслаўленне святых навамучанікаў расійскіх. Дзень іх памяці — апошняя студзеньская нядзеля. Сярод 525 імёнаў значыцца і айцец Антоній Катовіч. Летам 2007-га Руская праваслаўная царква ўз’ядналася з Замежнай РПЦ, у выніку пачалі складвацца агульныя спісы навамучанікаў. Справа гэта працягваецца дасюль.
Пастскрыптум
Які ж лёс чакаў Вежкаўскую царкву, у якой 140 гадоў таму быў ахрышчаны пакутнік?
Пасля пажару сорак трэцяга года ў сорак сёмым быў узведзены часовы храм. Аднак, нездарма кажуць, што няма нічога больш пастаяннага за часовае. З’яўлення новай, цяпер ужо каменнай, Свята-Узнясенскай царквы ў Вежках вернікі чакалі больш за паўвека. Яна мае тры купалы і званіцу, пабудавана з чырвонай цэглы. Храм ствараўся паміж 1990 і 1997 гадамі з дапамогай мясцовай гаспадаркі, якая цяпер у гонар святыні называецца ААТ “Вазнясенскі”. У асвячэнні новага храма непасрэдна прымаў удзел тагачасны экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Філарэт. У той лістападаўскі дзень царкоўныя званы абвяшчалі вялікую радасць, славілі веру, нагадвалі сваімі гулкімі галасамі пра тых, хто служыў людзям і нёс свой цяжкі крыж, услаўляючы Бога. І сярод іх, пакутных, быў наш зямляк святы Антоній.
