“Свята моцных мужчын і цудоўных жанчын” – пад такім лозунгам у Жабінкаўскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва напярэдадні 8 Сакавіка адбылося ўрачыстае мерапрыемства для людзей з інваліднасцю.


Сумеснымі намаганнямі яго арганізавалі супрацоўнікі Жабінкаўскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў, тэрытарыяльнага цэнтра і раённай бібліятэчнай сістэмы.
З цёплымі віншаваннямі да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Анжэла Шыкунец. Яна павіншавала мужчын з Днём абаронцаў Айчыны, які мы святкавалі 23 лютага, а жанчын – з 8 Сакавіка. Анжэла Міхайлаўна пажадала ўсім моцнага здароўя, вясновага настрою, міру і дабрабыту.

Музычныя падарункі для прысутных падрыхтавалі наведвальніцы тэрытарыяльнага цэнтра Валянціна Чарнейка і Марыя Бахарава. Іх выступленні настроілі прысутных на лірычны лад і выклікалі безліч эмоцый.

Прыемным сюрпрызам для ўсіх стала імправізаванае выступленне аднаго з прысутных мужчын – удзельніка народнага хору ветэранаў “Тонус” Ігара Свалава, які такім чынам вырашыў павіншаваць чароўных дам з надыходзячым святам вясны і прыгажосці.

Вядучая мерапрыемства – спецыяліст Жабінкаўскага ТЦСАН Кацярына Буян – і загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Кацярына Мысліцкая парадавалі ўсіх вясёлымі прыпеўкамі і гульнямі. Удзельнікі свята адгадвалі вясновыя гукі: шум дажджу, звон капяжоў, чырыканне вераб’ёў, стук дзятла, хруст ільду, рык мядзведзя і іншыя. Цікавасць выклікалі і рыфмаваныя загадкі з падвохам, а таксама загадкі пра чароўныя ветлівыя словы: добры дзень, да пабачэння, дзякуй, калі ласка, выбачайце.




Чароўная, душэўная атмасфера, якая панавала ў тэрытарыяльным цэнтры, спрыяла цёплым зносінам людзей з інваліднасцю і падарыла ім пазітыўныя эмоцыі.


Завяршылася святочная сустрэча чаяпіццем з пачастункамі, спонсарам якіх выступіла Брэсцкая гандлёвая міжрайбаза.



Наталля КАВЯРГОВІЧ
Фота аўтара
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
