Чытач ставіць праблему
Цячэ вада ў…
Думаеце, у ярок, як хораша ў песні спяваецца? У выпадку нашай пастаяннай чытачкі з райцэнтра Галіны Пацапні вадзіца цячэ прама ў яе агарод.
— Ноччу з аўторка на сераду лівень добра-такі паліў Жабінку, — кажа Галіна Уладзіміраўна. — Дасталася і нашай вуліцы Зубачова. Не, я не скарджуся — летам дождж агарод палівае, ужо нам палёгка, з лейкамі хадзіць не трэба. Толькі вось апошнім часам я і мае суседзі сталі дажджоў баяцца: пасля іх нашы хаты “плывуць”, бо стаяць у нізіне. Ліўнёвая каналізацыя, відаць, са сваёй задачай не спраўляецца, і з калодзежа праз адтуліны ручайкамі льецца вада.
І сапраўды, літаральна за два метры ад дома на падворку Галіны Пацапні месціцца каналізацыйны калодзеж. У яго, па словах пенсіянеркі, збіраецца ліўнёвая вада з усёй вуліцы Зубачова. Побач з ім з-пад зямлі б’юць шматлікія крынічкі, і вада па разорах паўз агарод сцякае ў меліярацыйны канал. Буракі, бульба, фасоля на градках затоплены. Гаспадыня з сумам адзначае: “Ураджай згніе на корані”. Па яе словах, такія патопы пасля ліўняў за гэта лета былі ўжо чатыры разы. Аднак апошні – самы моцны. Раней такога не было: відаць, у камунальнікаў з адкачваннем сцёкаў не ўзнікала праблем.
Гаспадыня ў роспачы пазваніла ў мясцовую ЖКГ. Але дапамогі ў той дзень не атрымала. Калі праблему з вадою з калодзежа не вырашыць, то не толькі падворак, але і дом жанчыны можа быць сур’ёзна пашкоджаны.
Служба інфармацыі “СП”
