Ва ўсе часы ў школах асаблівая ўвага надавалася выхаванню дзяцей і падлеткаў, развіццю іх здольнасцей і талентаў. На гэта накіравана і работа ўстаноў адукацыі ў шосты школьны дзень. Раней шасцідзёнка была абавязковай, зараз жа ёсць выбар — ісці ці не. Нягледзячы на гэта, у суботу дзеці спяшаюцца ў Ленінскую школу на аб’яднанні па інтарэсах, спартыўныя секцыі, розныя цікавыя мерапрыемствы. Жыццё ўстановы заўсёды насычанае і разнастайнае!
Не стала выключэннем і мінулая субота. Так, вучні 4-6 класаў здзейснілі незабыўную экскурсію ў нашу сталіцу — горад Мінск. Там яны наведалі Нацыянальную бібліятэку, пабывалі ў цырку.
Адзінаццацікласнікі разам са сваім класным кіраўніком ажыццявілі веласіпедна-пешаходны маршрут па Белавежскай пушчы. Вярнуліся дадому стомленыя, але шчаслівыя: пазнаёміліся з жывёльным светам нацыянальнага запаведніка і ўбачылі цудоўныя краявіды.
Вучні пачатковых класаў спабор-нічалі ў рухомых гульнях і эстафетах, якія арганізавалі для іх настаўнікі фізічнай культуры і здароўя.
Спецыялісты сацыяльна-псіхала-гічнай службы правялі для навучэнцаў 3-4 класаў гульню-віктарыну “Хто для цябе мама?”, а з вучнямі 5-7 класаў — “Геаграфічны калейдаскоп”, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі паказаць свае поспехі ў вывучэнні геаграфіі і веданне навакольнага свету.
Дзейнічалі рэсурсныя цэнтры, якія дапамагаюць паглыбіць свае веды ў вывучэнні пэўных прадметаў і падрыхтавацца да алімпіяд. Працавалі таксама аб’яднанні па інтарэсах “Вакальны ансамбль” і “Асновы праваслаўнай культуры”.
У той дзень вучні нашай установы прынялі ўдзел і ў раённых мерапрыемствах. Васьмікласнікі разам з педагогам-арганізатарам школы адправіліся на інтэлектуальную гульню “Мазгавы штурм” у трэцюю гарадскую адзінаццацігодку, а Уладзіслаў Ясінскі і Паліна Пашкевіч паспяхова выступілі ў раённым этапе рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”.
Субота ў нашай установе — гэта насычаны дзень, у якім кожны вучань знойдзе для сябе занятак ці мерапрыемства па душы, правядзе час з карысцю ў дружнай кампаніі аднадумцаў — школьных сяброў і педагогаў. Запрашаем далучыцца да цікавых спраў, якімі поўніцца кожны шосты дзень Ленінскай адзінаццацігодкі.
Надзея МОТЫЛЬ, педагог Ленінскай сярэдняй школы
Главные новости
