Раство святога Прарока Іаана Прадцечы, Хрысціцеля Гасподняга, – адзін з найвялікшых святаў, якое адзначаецца штогод 7 ліпеня. У гэты дзень вернікі узгадваюць, як у сям’і іўдзейскага свяшчэнніка Захарыі і яго жонкі Лізаветы нарадзіўся будучы прарок, які павінен быў прадказаць прыход Месіі – Ісуса Хрыста, а затым ахрысціць яго в водах ракі Іардан.
У нашым раёне, у аграгарадку Мацеевічы, дзейнічае храм, асвечаны ў гонар Раства Прарока і Хрысціцеля Іаана Прадцечы. Сёлета храму спаўняецца 300 гадоў.
Першая згадка пра будаўніцтва царквы адносіцца да 1718 года, калі прадстаўнікі сям’і Касцюшкаў-Сяхновіцкіх выдаткавалі сродкі на храм у Маціевічах. Гэтыя ахвяры прыносіліся і пазней, у 80-я гады XVIII стагоддзя.
Прамавугольная ў плане царква ўзводзілася з дрэва, мела гонтавы дах і вызначалася невялікімі памерамі. Утульны і кампактны храм паўстаў на ўсходнім ускрайку вёскі, паблізу могілак. Поўная першапачатковая яго назва гучала наступным чынам: “Царква ў імя святога Іаана Хрысціцеля, Сімяона Стоўпніка і вялікамучаніцы Варвары”.
Старадаўні храм з часам патрабаваў да сябе больш пільнай увагі і перабудовы, што і рабілася неаднаразова, асабліва ў ХІХ і ХХ стагоддзях. У 1838 годзе, маючы нязначны прыбытак ды малы прыход, царква цалкам прыйшла ў заняпад. Яе прыпісалі да Сяхновіцкага Свята-Мікалаеўскага храма, з гэтага часу і да нашых дзён службы тут праводзяць настаяцелі з Вялікіх Сяхновічаў. Фактычна царква ў Маціевічах была пабудавана наноў у 1863 годзе намаганнямі святара Іаана Лявіцкага, паблізу ўзнікла званіца і каменная агароджа. У Свята-Іаанапрадцечанскім храме захоўвалася копія (спіс) асабліва ўганараванага і шануемага на Гродзеншчыне абраза цудатворнай Багародзіцы Ляснінскай.
У часы Першай сусветнай вайны храм уцалеў, аднак польскія ўлады перадалі будынак царкоўнапрыходскай школы, што належала Маціевіцкаму храму, пад пачатковую школу. Некалькі разоў выдаткоўвалі грошы і матэрыялы на аднаўленне царквы, у тым ліку мянялася гонтавае пакрыццё даху, а ў 1957 годзе было выканана электрычнае асвятленне. Негледзячы на тое, што храм знаходзіўся ў добрым стане, у ім рэгулярна праходзілі богаслужэнні, у 1960 годзе савецкія ўлады пайшлі на закрыццё царквы, якая прастаяла ў заняпадзе тры дзясяткі гадоў. За гэты час сталі прыкметнымі сляды разбурэнняў: дах прыйшоў у непрыгоднасць, абрынуліся столя і гарышча. Царква мела надзвычай прыгнечаны выгляд.
Яе адраджэнне адбывалася ў 1991–1993 гадах намаганнямі мясцовай гаспадаркі. Пабудаваны Дом Божы мае форму выцягнутага прамавугольніка з невялікай прыбудовай-тамбурам. У плане вылучаюцца дзве часткі: асноўны аб’ём храма, пакрыты двухскатным дахам з купалам і прытвор з вежай-званіцай. Дахавае пакрыццё – бляха, перакрыццё – драўлянае. Сцены з брусу мацаваны сцяжкамі, гарызантальна ашаляваныя. Купал увенчвае васьмігранная вежка з галоўкай-цыбулькай і крыжом. Галоўны фасад храма, размешчаны з заходняга боку, вылучае прамавугольная трох’ярусная званіца. Першы яе ярус, які займае аб’ём на ўсю вышыню храма, уяўляе сабою прытвор. Над асноўным зрубам усталяваны паўсферычны купал на глухім васьмігранным барабане. У параўнанні з былымі часамі, пасля аднаўлення, зменены канструкцыя і знешні выгляд званіцы.
Храм у Маціевічах мае цудоўную рарытэтную рэліквію, вакол якой даследчыкамі даўніны часам множацца паданні. Маецца на ўвазе старадаўні звон, у якім размешчаны званіцы. Яго вышыня крыху больш за паўметра, а шырыня ніжняй часткі амаль раўняецца вышыні. На звоне захоўваецца надіс на лацінскай мове. Гэта становіцца прычынай спрэчак, скуль ён патрапіў у Свята-Іаанапрадцечанскую царкву? Вядома, што тры сотні гадоў таму храм будаваўся як грэка-рымскі (альбо уніяцкі). Аднак у 1863 годзе, калі царква была перабудавана адпаведна праваслаўным канонам, звон быў усталяваны ранейшы. Як прыгадваюць тутэйшыя, да рамонту, праведзеным напрыканцы ХХ стагоддзя, ён захоўваўся ў каплічцы, размешчанай на вясковых могілках. У час аднаўлення звон узнялі на званіцу, дзе і ў нашыя дні ён сваім меладычным голасам працягвае склікаць прыхаджан на Богаслужэнні.
Главные новости
