3-4 верасня на Брэстчыне адбыўся рэспубліканскі аўтапрабег-марафон “Сімвал адзінства”. Яго мэта — аб’яднанне жыхароў краіны, прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, грамадзянскай супольнасці ў рамках Года і Дня народнага адзінства.
Да 17 верасня акцыя ахопіць усе вобласці краіны, а старт ёй быў дадзены ў Брэсцкай крэпасці.
Удзельнікі аўтапрабегу, сярод якіх прадстаўнікі грамадскіх арганізацый Брэстчыны, прадпрыемстваў, прафсаюзнага і маладзёжнага руху, аддалі даніну павагі подзвігу абаронцаў Цытадэлі — усклалі кветкі да Вечнага агню.
Старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Патрыёты Беларусі” Сяргей Рачкоўскі адзначыў: “Наша задача — за кароткі час аб’ехаць усю Беларусь. Хочам паказаць, якая прыгожая ў нас краіна, якія гасцінныя тут жывуць людзі. Па шляху запланаваны розныя мерапрыемствы, удзельнікі аўтапрабегу ўскладуць кветкі да памятных месцаў, паўдзельнічаюць у мітынгах”.
Сімвалам адзінства выступае збожжа ўраджаю сёлетняга года. У кожным раённым цэнтры працаўнікі перадаюць мяшэчак з золатам палёў удзельнікам аўтапрабегу. Затым з сабранага збожжа плануецца спячы вялікі каравай. Першы такі мяшэчак уручыў арганізатарам акцыі інжынер па механізацыі ААТ “Маладая гвардыя” Брэсцкага раёна Уладзімір Каванька.
З Брэста аўтакалона накіравалася ў Маларыцкі раён, а затым — у Кобрын. Каля гадзіны дня пятніцы ўдзельнікі акцыі прыехалі ў Жабінку. Урачысты мітынг адбыўся каля помніка загінулым воінам і партызанам.
“Для патрыётаў Жабінкаўшчыны вялікі гонар стаць удзельнікамі грандыёзнага аўтапрабегу, які аб’яднае населеныя пункты Брэсцкай вобласці, а далей і ўсю Беларусь, — заўважыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк. — Значэнне акцыі “Сімвал адзінства” немагчыма пераацаніць. У грамадска-палітычных умовах, якія сфарміраваліся, важна паказаць, што беларускі народ адзіны і гатовы пастаяць за сваю Радзіму. Нашы нядобразычліўцы вымушаны канстатаваць, што Беларусь выстаяла перад моцным знешнім напорам. Мяняюцца формы і метады супрацьстаяння, аднак наша палітычная сістэма змагла адаптавацца да новых выклікаў. Мы захавалі нашы ключавыя каштоўнасці і павінны разумець, што падзеі мінулага года — гэта не толькі выклік усім нам, але і ўмовы для абнаўлення, мадэрнізацыі нашай краіны. Пра што сведчыць працэс, накіраваны на паляпшэнне Асноўнага Закона”.
Гаварылася на мітынгу і аб тым, што Беларусь — гэта краіна будучыні. Заможнай, бяспечнай, камфортнай для ўсіх і для кожнага. Трэба цаніць мір на нашай зямлі і хлеб на нашым стале. Поспехі ў аграрным сектары эканомікі — аснова далейшага руху наперад. Хлеб здаўна стаў часткай нашага культурнага кода. Калі асобныя прадстаўнікі выхваляюцца колькасцю сваіх баявых адзінак, мы ганарымся нашымі людзьмі, якія ўносяць свой уклад у раённы, абласны ды рэспубліканскі каравай.
У працяг гэтых слоў вадзіцель-тысячнік ААТ “Ракітніца” Андрэй Панасевіч пера-даў арганізатарам аўтапрабегу мяшэчак са збожжам ад урадлівай жабінкаўскай землі. Затым аўтакалона рушыла ў аграгарадок Хмелева, дзе былі ўскладзены кветкі да помніка загінулым землякам.
На працягу двух дзён удзельнікі аўтапрабегу праехалі па Брэстчыне каля 700 кіламетраў. У маршруце пасля Жабінкаўшчыны значыліся Камянец, Косава, Бяроза, Драгічын, Іванава, Столін, Пінск, Ганцавічы, Ляхавічы, Баранавічы…
У суботу Брэстчына перадала патрыятычную эстафету Гродзенскай вобласці. Арганізатары расказалі, што фінальнай кропкай маршруту стане сталіца нашай краіны, дзе 17 верасня на “Мінск-Арэне” пройдзе вялікае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня народнага адзінства, якое падагульніць аўтапрабег “Сімвал адзінства”.
Наталля ВАЛОШКА
Фота Святланы БЯЛЯК






