ЧЫРВОНЫ ДЗЕНЬ КАЛЕНДАРА

Дзесяцігоддзямі на календары палымнее чырвоным колерам сёмы лістападаўскі дзень. Сёлета свята, якое адзначаюць у Беларусі, юбілейнае — роўна 105 гадоў таму ў Петраградзе адбыліся падзеі, якія літаральна перавярнулі свет, адкрылі новую старонку ў гісторыі. Сёння мы ведаем іх як Вялікую Кастрычніцкую Сацыялістычную рэвалюцыю.

Цяпер ужо, вядома, не засталося жывых сведкаў тых рэвалюцыйных узрушэнняў. Аднак, наколькі ўсё ж важны перыядычны друк, здольны і праз гады данесці галасы ўдзельнікаў даўніх падзей!
Гартаючы старыя падшыўкі “Сельскай праўды”, адразу ў пяці нумарах раёнкі за 1981 год незнарок адшукаў артыкул “Рэвалюцыі радавы” — успаміны ўдзельніка Кастрычніцкай рэвалюцыі, ветэрана грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, кавалера ордэна Чырвонай Зоркі, старшыні калгаса ў Арэпічах Пятра АНТОСЕНКІ. Гэты заслужаны чалавек лічыў, што ў яго жыцці было “самае галоўнае, што ўзвышае чалавека, узнімае яго над усім чыста асабістым — была барацьба, барацьба за волю і шчасце людзей”.
Калі пачалася Першая сусветная вайна, Пётр Прохаравіч служыў у лейб-гвардыі Валынскім палку, ра-змешчаным у Петраградзе. У памятную ноч на 24 кастрычніка (7 лістапада) 1917 года полк паўстаў. Салдаты разам з рабочымі ўдзельнічалі ў захопе жандармерый на Нарваўскім баку. А затым Пётр Антосенка бараніў горад на Няве, на які насоўваліся войскі кайзера Вільгельма. 23 лютага 1918 года быў у баі пад Нарваю. З гэтага дня пачаў святкавацца Дзень Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту.
Увогуле, у рэвалюцыйных падзеях і ўстанаўленні Савецкай улады ўдзельнічала нямала жабінкаўцаў, у іх ліку — нараджэнец вёскі Панцюхі Раман БУКСА, прускавец Рыгор САЛЕЙ, Васіль ДЗМІТРУК і Ніфант СЫЧ з Дзяменічаў. Апошні пражыў усяго трыццаць гадоў, аднак пакінуў яркі след у кастрычніцкім паўстанні бальшавікоў на караблях Балтыйскага флоту і загінуў ад смяротнай раны, атрыманай у баі супраць войскаў барона Урангеля.
Праз паўвека ў азнаменаванне юбілейнай гадавіны падзей 7 лістапада 1917 года ў СССР была ўведзена другая па значнасці (пасля ордэна Леніна) узнагарода — ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Сярод тысяч кавалераў гэтай высокай узнагароды былі і 17 жабінкаўцаў. Першымі ў спісе сталі ў 1971 годзе перадавыя даяркі Вольга ГЕРАСЕВІЧ, Соф’я СЯРГЕЕВА, Аляксандра СТАРЫНСКАЯ і Еўдакія ПАДАРЭЎСКАЯ, калгасны брыгадзір Васіль ЛІНКЕВІЧ і дырэктар саўгаса “Рагазнянскі” Мікалай ПРАСМЫЦКІ — будучы Ганаровы грамадзянін Жабінкаўскага раёна.
…Зараз відавочна: падзеі, якія адбыліся больш за стагоддзе таму, кардынальна змянілі свет, паўплывалі на тое, што Беларусь набыла сваю дзяржаўнасць. Таму працягваецца шматгадовая традыцыя, калі ў гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі да памятных мясцін айчынных гарадоў ускладаюцца кветкі.
Жабінка разам з усёй краінай адзначае Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Урачыстасці з нагоды свята традыцыйна ладзіліся на вуліцы Леніна. Да помніка правадыру рэвалюцыі былі ўскладзены кветкі. У сваіх прамовах гістарычную значнасць гэтай падзеі падкрэслілі старшыня райсавета Анатоль ШАЛТАНЮК і кіраўнік ветэранскай арганізацыі Анатоль СТАРЫЦКІ.
Анатоль РОСТАЎ