Чым небяспечны туман?

Туман — адна з найбольш небяспечных для вадзіцеля атмасферных з’яў, характэрных для восеньскай пары. Кіраванне аўтамабілем у тумане — гэта складанае майстэрства вадзіцеля з прычыны дрэннай бачнасці дарогі, знакаў разметкі, адлегласці да сустрэчнага транспарту, дрэннай чутнасці і вялікай стамляльнасці. Асабліва небяспечная такая з’ява, як скажэнне адлегласці. Часам яна здаецца ў многа разоў большай, чым у рэальнасці.
Як правільна весці сябе ў час туману?
— Зніжайце хуткасць, а пры ўмове, калі туман спусціўся настолькі, што прамая бачнасць стала меншай за 10 метраў, далейшы рух становіцца небяспечным і паездку неабходна перарваць і зрабіць прыпынак (у кемпінгу, на АЗС і інш.);
— у выпадку непрадбачнага прыпынку (зламаўся аўтамабіль) кіроўца абавязаны абазначыць сваю прысутнасць на дарозе для іншых удзельнікаў дарожнага руху;
— у любы час сутак неабходна ўключыць заднюю супрацьтуманку (калі ёсць), а таксама блізкае святло фар. Павялічвайце дыстанцыю ад транспартнага сродку, што рухаецца спераду;
— калі надвор’е зусім дрэннае, дазволена ўключаць аварыйную сігналізацыю: мігаючае святло фар дазволіць вызначыць і вырашыць важнае пытанне: ці знаходзіцца транспартны сродак у руху або стаіць на месцы;
— калі вы спыніліся на абочыне дарогі, пакіньце ўключанымі габарыты, аварыйную сігналізацыю і выстаўце за 50 метраў знак аварыйнага прыпынку;
— пры руху ўлічвайце стан дарожнага пакрыцця, бо можа спатрэбіцца рэзкае тармажэнне. Неабходна памятаць: уключаць патрэбна блізкае, а не далёкае святло;
— асабліва дапамагаюць супрацьтуманныя фары, яны аблягчаюць кіраванне машынай. Пры бачнасці не больш за 100 метраў уключайце далёкае святло разам з супрацьтуманнымі фарамі;
— рухаючыся ў тумане ў патоку транспарту, пастарайцеся прыстроіцца за большым аўтамабілем, які сваёй масай рассейвае туман, пры гэтым заўсёды памятайце пра захаванне дыстанцыі, пры бачнасці 10 метраў хуткасць руху павінна быць не больш за 5 км/г.
Па статыстыцы, дзве трэці ўсіх аварый у час туману складаюць спадарожныя сутыкненні. Адбываецца гэта, перш за ўсё, з-за няправільнай ацэнкі адлегласці паміж аўтамабілямі і незахавання бяспечнай дыстанцыі. Усе прадметы пры такіх умовах надвор’я губляюць свае абрысы, што перашкаджае вызначыць іх сапраўдныя памеры. У густым тумане адлегласці здаюцца ўдвая большымі, чым на самой справе. Пры гэтым асаблівую небяспеку ўяўляюць транспартныя сродкі, якія стаяць на дарозе і абочыне — незалежна ад таго, уключана на іх аварыйная сігналізацыя ці не. Нават калі вадзіцель адразу прыкмеціў агні на сваёй паласе, з-за высокай хуткасці збліжэння з нерухомай перашкодай часта не застаецца часу на прыпынак ці манеўр.
У туманныя дні звычайна стаіць сырое надвор’е, таму за горадам пешыя ўдзельнікі дарожнага руху ідуць па самым краі праезнай часткі, а не па бруднай абочыне. Такім чынам, патэнцыяльнымі ахвярамі абмежаванай бачнасці могуць стаць пешаходы, а таксама ціхаходы-веласіпедысты, якія не маюць паўнацэнных светлавых прыбораў.
Галоўная ўмова бяспечнага руху ў тумане — правільна выбраная хуткасць. Яна павінна быць такой, каб тармазны шлях не перавышаў адлегласці бачнасці. Вызначаючы яе межы, патрэбна арыентавацца на светлыя аб’екты, паколькі яны прыкметны горш, чым цёмныя, і становяцца бачнымі пры дыстанцыі, на 20-30 % меншай. І памятайце: пры павышанай вільготнасці добра перадаецца любы гук, пагэтаму прыадчыненае акно і выключанае радыё дапамогуць вадзіцелю арыентавацца ў дарожнай абстаноўцы.
Раман КРУПКО, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Жабінкаўскага РАУС.