Усім нам знаёмы з дзяцінства салодкі ласунак – гематаген. Карысць яго для арганізма бясспрэчная. У перакладзе з грэчаскай мовы слова “гематаген” абазначае які адраджае кроў. У складзе гематагену апрацаваная сухая дэфібрыніраваная кроў буйной рагатай жывёлы, у якую могуць дабаўляцца розныя інгрыдыенты: аскарбінавая кіслата, мёд, цукар, згушчанае малако, шакаладная ці какосавая стружка, арэхі і іншыя смакавыя рэчывы. У гады Вялікай Айчыннай вайны такая біядабаўка шырока прымянялася ў шпіталях для лячэння параненых і паляпшэння складу іх крыві, а таксама з’яўлялася абавязковым прадуктам, што ўключаўся ў харчаванне салдат дзеючых войскаў.
Гематаген карысны тым, што ў яго складзе ёсць бялкі, жалеза, без якога немагчыма фарміраванне ў крыві эрытрацытаў – чырвоных крывяных цельцаў. А ўтрымліваецца яно ў выглядзе бялку – гемаглабіну, які выдатна засвойваецца арганізмам. А яшчэ ў прадукце ёсць многа вітаміну А, асабліва неабходнага для росту арганізма, і вялікая колькасць амінакіслот, мікраэлементаў.
Эфект і карысць гематагену заключаецца ў агульнаўмацавальным, прафілактычным дзеянні на арганізм чалавека. Гэтую карысную біядабаўку актыўна выкарыстоўваюць у якасці дапаможнага сродку пры прафілактыцы і лячэнні многіх захворванняў. Яе рэгулярны прыём павышае ўзровень гемаглабіну ў крыві, нармалізуе натуральны працэс кроваўтварэння, з’яўляецца яшчэ і крыніцай амінакіслот, такіх патрэбных для нармальнай работы ўсіх сістэм. Вітамін А, што ёсць у гематагене, паляпшае стан скуры, валасоў, пазногцяў, станоўча ўздзейнічае на зрок. Цяжка пераацаніць карысць біядабаўкі пры лячэнні анеміі – хваробы, якая ўзнікае пры недахопе ў арганізме жалеза. Неабходна абавязкова ўключаць яе ў ежу людзей, аслабленых інфекцыйнымі захворваннямі і цяжкімі аперацыямі. Асабліва карысны гематаген дзецям у перыяды актыўнага росту.
Ірына АСТРОЎСКАЯ, урач-валеолаг Жабінкаўскай ЦРБ.
Главные новости
