Часцінка Жабінкі ў сэрцы Брэста

Жабінкаўцы паўдзельнічалі ў першым конкурсе ландшафтнага мастацтва
“Горад-сад”, які ладзіўся ў Брэсце

У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел старшыня аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА і міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй ХМЕЛЬ. Ён падкрэсліў, што брэнд “Чыстая Беларусь” ствараецца не толькі рукамі камунальнікаў, але й кожнага жыхара нашай краіны. А старшыня гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК падзяліўся прыемнай навіной: рашэннем Савета Міністраў Брэст прызнаны самым добраўпарадкаваным горадам сярод абласных цэнтраў рэспублікі.
Конкурс ландшафтнага мастацтва праходзіў на працягу пяці дзён, падчас якіх жыхароў і гасцей горада над Бугам чакала мноства цікавых падзей. Гэта і выстава-кірмаш “Садовы маркет”, і адкрыццё арт-аб’екта “Парк валуноў”, і многае іншае.
Арганізатары вызначалі лепшых у трох намінацыях: “Зялёны горад”, “Фестываль кветак”, “Выс-таўка праектаў і рэалізаваных ідэй у ландшафтнай архітэктуры”. Канкурсанты прадстаўлялі праекты сучасных дасягненняў ландшафтнага мастацтва з папулярызацыяй новых ідэй і тэхналогій з улікам сусветных тэндэнцый азелянення і добраўпарадкавання.
Работнікі Жабінкаўскай ЖКГ паў-дзельнічалі ў “Фестывалі кветак”. Яны аформілі ў брэсцкім парку культуры і адпачынку тэматычную экспазіцыю ў касмічнай тэматыцы — увасабленне Жабінкі як горада-спадарожніка (на здымку). Нашы камунальнікі не ўвайшлі ў тройку лідараў, аднак не вельмі засмуціліся, таму што сам удзел у конкурсе і працэс афармлення кветніка прынёс задавальненне.
Сузаснавальнік фермерскай гаспа-даркі “Ева-Лэнд” Людміла КУХАРЧУК, якая прадстаўляла Жабінкаўшчыну на выставе-кірмашы “Садовы маркет”, адзначыла: “Конкурс ландшафтнага мастацтва — выдатная пляцоўка для абмену вопытам і зносін з прадстаўнікамі фермерскіх гаспадарак”. На выставе “Ева-Лэнд” прапаноўвала шырокі асартымент тавараў: аднагадовыя дэкаратыўныя расліны і шматгадовыя хвойныя. Як заўважыла Людміла Кухарчук, класічныя ўзоры раслін — выдатнае дапаўненне ў афармленні ландшафтных прастор.
Сваю прадукцыю прапаноўвалі і работнікі Жабінкаўскага камбікор-мавага завода.
Удзел у такім маштабным мерапрыемстве падарыў жабінкаўцам шмат пазітыўных эмоцый. Яны прапануюць завітаць у парк культуры і адпачынку ў Брэсце і пабачыць на свае вочы цудоўныя, незвычайныя кветкавыя кампазіцыі ад сямнаццаці прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай службы Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей, у тым ліку і наш кветкавы “спадарожнік”.
Служба інфармацыі “СП”