Час аратых і сейбітаў

Палохала-пужала зіма завеямі і маразамі, а як надышоў сакавік, дык хуценька ў ранішніх туманах растварылася… Як хораша навокал: сонейка прамяні на зямлю кідае, нібы кліч — прачынайся, зямліца, вясна прыйшла!
Для мяне вясна — гэта залівісты спеў жаўранка ў небе, набрынялыя пупышкі на вербах, раніцай зацягнутыя ледзяной скарыначкай лужыны ў каляінах, яркае сонейка і абавязкова пах ворыва. Які водар ідзе ад перавернутых пластоў ачунялай ад зімовага сну глебы! Адпачыла крыху зямелька, час прымаць ёй аратых і сейбітаў!
— Для мяне таксама вясна — любімая пара года, — кажа механізатар ААТ “Жабінкаўскі” Руслан Лукашык (на здымку). — Паглядаў на заснежаныя палі і з нецярпеннем чакаў, калі ж можна будзе выводзіць “Джон-Дзір” у поле. Прыйшоў сакавік і адкрыў сезон палявых работ сёлетняга года. Зараз рыхтую глебу да сяўбы каля вёскі Залуззе — усяго трэба ўзараць каля двухсот гектараў. Нібыта і снегу зімой выпала нямала, а вільгаць змяншаецца з кожным днём, таму з сяўбой нельга марудзіць. З палівам праблем няма, працаўнікоў у нашай гаспадарцы цэняць, думаю, справімся ў адведзеныя тэрміны. Настрой вясновы, жаданне працаваць пад пошчак жаўранкаў ёсць — а што яшчэ трэба?
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара