У Жабінкаўскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на мінулым тыдні адбылося мерапрыемства “Чарнобыль — наш боль”, прысвечанае 35-й гадавіне з дня трагедыі. Наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і пажылых людзей паглядзелі відэафільм пра чарнобыльскую катастрофу і паслухалі ўспаміны ліквідатараў наступстваў аварыі на ЧАЭС Рыгора Бараноўскага і Васіля Носкі, якія сёння працуюць у тэрытарыяльным цэнтры.
Рыгор Фёдаравіч расказаў, што ў чэрвені 1986-га яго як супрацоўніка УУС накіравалі па абавязку службы ў Брагін, дзе на баявой машыне пяхоты ён аб’язджаў пацярпелыя ад радыяцыі раёны з мэтай аховы. “Уразіла панурая абстаноўка, стомленыя людзі, дазіметры зашкальвалі. Але ўсе супрацоўнікі міліцыі, якімі я кіраваў, годна неслі службу, рваліся на перадавую. Ведаеце, тады мы, маладыя хлопцы, нават не ўяўлялі, якую небяспеку тоіць у сабе наша знаходжанне ў 30-кіламетровай зоне ад ачага катаст-рофы. Мы проста выконвалі загад сваіх камандзіраў, свайго начальства. Канечне, многіх з нас ужо няма ў жывых, некаторыя цяжка хворыя, іншым лёс падараваў здароўе і жыццё. Прызнаюся, што і цяпер, праз 35 год, у думках я вяртаюся туды, дзе разам з іншымі людзьмі выконваў свой пачэсны абавязак — працаваў дзеля будучыні краіны, жыцця і здароўя яе жыхароў”, — адзначыў Рыгор Бараноўскі.
З горыччу ў голасе ён прыгадаў, як цяжка было людзям, якіх эвакуіравалі з забруджанай зоны, расставацца з роднымі мясцінамі, з нажытым дабром. Як вабілі ўсіх сакавітыя яблыкі, вішні, слівы, якія ні ў якім разе нельга было есці, а ваду — піць. Над усім навісла чорная метка радыяцыйнай зоны…
Васіль Носка, у сваю чаргу, распавёў пра тое, што ён нараджэнец вёскі Белабярэжская Рудня Нараўлянскага раёна, удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сёлета ў красавіку Васіль Мікалаевіч выпісваў спецыяльны пропуск-дазвол на наведванне могілак на малой радзіме ў зоне адчужэння. Але больш, чым пра сябе, Васіль Носка расказваў пра брата-блізняца Рыгора, які працаваў электраманцёрам жыллёва-камунальнага ўпраўлення ў Прыпяці і пакідаў горад адным з апошніх, працаваў да канца эвакуацыі. Рыгор, на жаль, ужо пайшоў у іншы свет, але Васіль Мікалаевіч беражліва захоўвае ў памяць пра брата выразкі з газет і кнігі, у якіх згадваецца пра мірны подзвіг роднага чалавека.
У расповедах Рыгора Бараноўскага і Васіля Носкі гучала аднолькавая думка: урокі мінулага і работа над памылкамі не павінны прывесці да новай бяды.
Напрыканцы сустрэчы загадчык аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту Ганна Барысюк падзякавала выступоўцам і падарыла камплекты пасцельнай бялізны.
Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара

