У мінулую суботу ў СДЮШАР Жабінкаўскага раёна на адзінаццатай раённай спартакіядзе работнікаў аграпрамысловага комплексу спаборнічалі ў сіле, хуткасці, спрыце і вытрымцы прадстаўнікі адкрытых акцыянерных тава-рыстваў “Жабінкаўскі”, “Арэпічы”, “Хмелева”, “Вазнясенскі”, “Рагазнянскі”, “Азяты Агра”, “Жабінкаўская сельгастэхніка”, “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, “Жабінкаўскі цукровы завод”, ПМК-19 УП “Брэстводбуд”. Такія мерапрыемствы праводзяцца штогод, прапагандуюць здаровы лад жыцця і садзейнічаюць развіццю фізічнай культуры і спорту сярод працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўшчыкаў прадукцыі палёў і фермаў.
Адкрыў спартакіяду і звярнуўся з прывітальным словам да яе ўдзельнікаў першы намеснік старшыні Жабінкаўскага райвыканкама Аляксандр Кучынскі. Ад райкама прафсаюза работнікаў АПК выступіла Наталля Карпук. Яна выказала шчырую ўдзячнасць кіраўнікам прадпрыемстваў і сельгасарганізацый, якія штогод імкнуцца не толькі да працоўных перамог, але і да спартыўных. Удзельнікам спаборніцтваў былі ўручаны духмяныя караваі, а калектыў “Непаседы” падарыў танец. Затым усе разышліся па спартыўных залах, каб паказаць, на што здольныя ў дзевяці відах спорту.
У валейболе і футбольных баталіях перамогу святкавала каманда цукровага завода. Вельмі эмацыянальна праходзіла эстафета па плаванні. Адразу было бачна, хто ў басейн ходзіць рэгулярна, а хто — “за кампанію”. Цукравары сталі пераможцамі, на некалькі секунд абагнаўшы плыўцоў “Жабінкаўскага” і “Вазнясенскага”. У асабістым заліку спрыт на вадзе паказалі сярод жанчын — Рэгіна Дзяменцьева, Юлія Сянішына, Лілія Буян, сярод мужчын — Ілья Цалапаў, Яўген Якавук, Сяргей Бакун (узроставая група — да 35 год). Сярод старэйшых у ліку пераможцаў Алена Казак, Алена Рычко, Таццяна Цалапава , а таксама Анатоль Касянкоў, Ілья Крывец, Пётр Пашкевіч.
Самымі трапнымі ў дартсе ў асабістым заліку сталі Павел Шастачук, Ігар Лабада, Андрэй Іванюковіч, Алена Лашч, Ганна Плытнік і Кацярына Гарохава.
У шашках найбольшую колькасць ачкоў набралі Міхаіл Чарнецкі і Алена Сянішына, Віктар Калішук і Яўгенія Новік, Дзмітрый Гордзін і Аксана Шлык. У настольным тэнісе перамаглі Ганна Данільчанка і Сцяпан Кавальчук, Вольга Гардзейчык і Аляксандр Шкуратаў, Ганна Пятрэнка і Дзмітрый Селівонік.
Відовішчна праходзілі спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Тут у лідарах Людміла Лясная, Святлана Шматко і Ганна Якімовіч, а таксама Віктар Якубук, Павел Шыдловіч і Анатоль Зозан. Найлепшымі ў стральбе з пнеўматычнага пісталета былі Яўген Сапко, Аляксандр Еўтуховіч і Аляксандр Лукашэвіч. Сапраўдныя асілкі працуюць на нашых прадпрыемствах: найбольш разоў адціснулі 24-кілаграмовую гіру Павел Шыдловіч, Міхаіл Варабей і Віталь Ігнатовіч (вагавая катэгорыя — звыш 90 кг), а таксама Анатоль Касянкоў, Мікалай Будзяркевіч і Мікіта Курылёнак. У більярдзе ў асабістым заліку перамогу святкавалі Сяргей Пятручык, Святаслаў Мянькоў і Пётр Пашкевіч.
Нарэшце — доўгачаканы момант аб’яўлення пераможцы. Па колькасці набраных балаў трэцяе агульнакаманднае месца ў спартсменаў з ААТ “Жабінкаўскі”, другое — у камбікормавага завода, а ганаровае першае — у цукровага.
Усе пераможцы: сярод каманд і ў асабістым заліку ў розных відах спорту — атрымалі дыпломы і грашовыя сертыфікаты ад Жабінкаўскага райкама прафсаюза работнікаў АПК. Віншавала пераможцаў і ўручала заслужаныя ўзнагароды яго старшыня Наталля Карпук. Ніна Калыбская ад раённага аб’яднання прафсаюзаў уручыла грамату і грашовыя сертыфікаты “За волю да перамогі” камандзе ААТ “Азяты Агра”. Суцяшальны прыз ад ГА “Белая Русь” дастаўся рупліўцам ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”, а першы сакратар РК ГА “БРСМ” Яўген Мацюшын узнагародзіў спецыяльным прызам “Самая згуртаваная маладзёжная каманда” прадстаўнікоў ААТ “Вазнясенскі”.
Спартакіяда, якая доўжылася амаль увесь суботні дзень, завяршылася. Пра самыя вясёлыя, яскравыя моманты будуць нагадваць дыпломы і прыгожыя кубкі.
Святлана БЯЛЯК

