Амаль 16 гадоў у жабінкаўскім гарадскім ліцэі навучаюць і выхоўваюць таленавітую і адораную моладзь. Сёння гэта ўстанова адукацыі дае профільнае навучанне і арыгінальныя метады выкладання. Канец навучальнага года — самы час падвесці вынікі, пагаварыць пра здабыткі ліцэя, яго навучэнцаў і педагогаў з дырэктарам установы Ганнай КУЛАГІНАЙ.
— Ганна Яўгенаўна, гэта для Вас першы год у якасці кіраўніка ліцэя. Якім ён быў для ўстановы і для Вас асабіста?
— Для мяне ганарова працягваць справу майго папярэдніка Аляксандра
ПАЛЕШЧУКА — таленавітага кіраўніка і педагога, цудоўнага чалавека, жыццё якога абарвалася заўчасна. Гэты навучальны год быў для нас вельмі насычаным, цікавым, разнапланавым. Як вядома, у ліцэі функцыянуюць пяць профіляў: фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны, філалагічны, эканамічны і правазнаўчы. Гарадскі ліцэй прымае старшакласнікаў з усіх школ раёна. Трэба сказаць, яны прыходзяць да нас з добрай базай ведаў, за што мы вельмі ўдзячныя нашым калегам-педагогам. Сёння ў нас навучаюцца 113 юнакоў і дзяўчат. У ліцэі яны рыхтуюцца да дарослага жыцця, да паступлення ў ВНУ. Кадравы патэнцыял дазваляе нам арганізоўваць адукацыйны працэс на дастаткова высокім узроўні. У нашай установе працуюць сапраўдныя прафесіяналы, адданыя сваёй справе, 80 працэнтаў педагогаў маюць вышэйшую катэгорыю, многія з іх друкуюць свае метадычныя распрацоўкі ў рэспубліканскіх выданнях. Мэта ліцэя — даць выдатную адукацыю, каб вучні змаглі добра здаць ЦТ, паспяхова ўдзельнічаць у абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах, цалкам рэалізаваць сябе, стаць пазней запатрабаванымі ў прафесіі.
— Наколькі я разумею, добразычлівая атмасфера супрацоўніцтва паміж настаў-нікамі і вучнямі становіцца ўрадлівай глебай для высокіх дасягненняў у вучобе, навуцы, творчасці.
— Так, сапраўды, ліцэісты паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, разнастайных конкурсах. Нам ёсць кім і чым ганарыцца. Да прыкладу, Вераніка СІНЬКЕВІЧ узнагароджана дыпломам у секцыі “Хімія” і сертыфікатам асаблівага ўзору па выніках другога тура міжнароднай алімпіяды па агульнаадукацыйных і спецыяльных дысцыплінах, што праходзіла на базе Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Вікторыя ВАЙНОЎСКАЯ перамагла ў абласным конкурсе даследчых работ “З навукай у будучыню” ў секцыі “Матэматыка” (педагог Ніна Захараўна СТАРЫЦКАЯ) і атрымала дыплом ІІІ ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама.
Багдана ШКАДЗЮК прыняла ўдзел у ХХІХ абласным конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ, дзе была ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені (кіраўнік Наталля Мікалаеўна ПРАТАКОВІЧ).
13 дыпломаў прынеслі ўстанове пераможцы другога этапа рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах. Яны рыхтаваліся пад кіраўніцтвам педагогаў Эліны Уладзіміраўны ЧАРНЕЦКАЙ, Наталлі Мікалаеўны ПРАТАКОВІЧ, Ніны Захараўны СТАРЫЦКАЙ, Кацярыны Фёдараўны МІСІЮК, Алены Георгіеўны ЦАЛЬ, Святланы Канстанцінаўны ПТАШНІК і іншых настаўнікаў.
— У чым адметнасць жабінкаўскага гарадскога ліцэя?
— “Фішка” нашай установы ў тым, што сёлета мы выпускаем групу педагагічнай накіраванасці. На працягу двух гадоў юнакі і дзяўчаты асвойвалі факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Ра-зам з навучэнцамі мы стварылі ўнікальны праект “Pedagog. Klass!”, накіраваны на павышэнне прэстыжу прафесіі настаўніка, вельмі запатрабаванай у нашым раёне.
21 красавіка мы ездзілі на IV Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю “Педагагічныя класы: вопыт і перспектывы” ў сталічны педуніверсітэт імя Максіма Танка, дзе прэзентавалі свой праект. Юнакі і дзяўчаты распрацавалі медалі з выявай ліцэя і Жабінкі як горада-спадарожніка, тэматычныя паштоўкі “Я настаўнік”, стыкерпакі, настольныя гульні.
Акрамя таго, у нас наладжана цеснае ўзаемадзеянне з Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам імя Пушкіна, куды 26 красавіка нашы ліцэісты накіроўваюцца на сустрэчу са студэнтамі педагагічных спецыяльнасцей. Будзе арганізавана дыялогавая пляцоўка “Я настаўнік, і гэта модна!”. Увогуле, сувязь з ВНУ вельмі важная для прафарыентацыі старшакласнікаў. Да таго ж трэба адзначыць, што навучэнцы, якія асвоілі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”.
Цесна супрацоўнічаем мы і з абласным ліцэем імя Машэрава, на базе якога заўсёды праходзяць навукова-практычныя канферэнцыі, адкуль нашы навучэнцы штогод вяртаюцца з узнагародамі. Сёлета яна адбудзецца 29 красавіка. Жадаю поспехаў пяці нашым ліцэістам, якія прымуць у ёй удзел.
Што тычыцца праектаў, то ў лістападзе мінулага года нашы навучэнцы — сябры маладзёжнай арганізацыі БРСМ — прадставілі сацыяльны праект турысцка-краязнаўчага накірунку “Вандруй! Гатуй! Смакуй!” на “100 ідэй для Беларусі”. Яго сутнасць у тым, што вандруючы па роднай краіне, дзеці збіраюць цікавыя самабытныя рэцэпты, гатуюць па іх і з задавальненнем смакуюць. Ролікі, якія яны здымаюць, можна паглядзець на ютубе. Гэты праект ужо прынёс перамогу ліцэістам у конкурсе бізнес-ідэй і бізнес-праектаў “Ступені поспеху”.
Дарэчы, жабінкаўскі гарадскі ліцэй мае свой сайт http://licey.zhabinka.edu.by і старонку ў інстаграме @lyceum_zhabinka, дзе шырока асвятляецца дзейнасць установы.
— Час не стаіць на месцы. Што новага ў правілах прыёму ў ліцэй?
— Сёлета яны змяніліся. Уступныя экзамены неабходна здаць не ніжэй чым на шэсць балаў. У кожнага, хто прыйдзе да нас вучыцца і стане часткай ліцэйскай сям’і, будзе магчымасць наведваць адначасова тры факультатывы па профілі, аб’яднанні па інтарэсах спартыўнага і танцавальнага накірункаў.
30 красавіка ў ліцэі пройдзе Дзень адчыненых дзвярэй, падчас якога бацькі і дзеці атрымаюць адказы на ўсе пытанні, што іх цікавяць. Мерапрыемства будзе ладзіцца ў інтэрактыўным фармаце, у выглядзе майстар-класаў. Прыходзьце, шчыра запрашаем!
Інтэрв’ю правяла Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота аўтара
Ліцэй горада Жабінкі ў лічбах:
● За папярэднія 15 гадоў ліцэй скончыў 781 навучэнец, з іх 34 — з залатым медалём, адзін — з сярэбраным.
● у актыве ліцэя 73 перамогі ў навукова-практычных канферэнцыях і інтэлектуальных конкурсах на раённым узроўні, 16 — на абласным, 2 — на рэспубліканскім, 5 — на міжнародным.
● 4 ліцэісты ўзнагароджаны спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
