З успамінаў Мікалая Ярмашука
Незажыўнай ранай на нашай зямлі дасюль застаецца лёс вёскі Драмлёва. Колькі б не мінула часу, не губляюць каштоўнасці ўспаміны, пакінутыя сведкамі. Праз чвэрць веку пасля трагедыі на месцы былога паселішча паўсталі курган і камень-валун. У тым жа 1967 годзе пра падзеі 11 верасня 1942 года расказаў Мікалай Іванавіч Ярмашук – адзін з чатырох драмлёўскіх падлеткаў, што выйшаў жывым з агню.
У час, калі Ярмашук пакінуў свае ўспаміны, яму было амаль сорак, у дзень, калі гарэла Драмлёва, – ішоў пятнаццаты год.
– Згадваць пра трагедыю Драмлёва, гібель родных, усіх яе жыхароў мне пакутліва балюча і цяжка. Хочацца забыць гэты дзень, гэты жахлівы кашмар, але яны не забываюцца і да канца жыцця застануцца са мной, – гэтак пачынаў свой расповед Мікалай Іванавіч.
Далей пастараемся не перарываць сведку, хіба ў дужках рабіць патрэбныя ўдакладненні.
– 11 верасня 1942 года мама [Ганна Лявонцьеўна] устала раненька, пайшла даіць карову. Але тут жа вярнулася ў хату і ўсхвалявана загаварыла: “У сяле і наваколлі немцы, відаць, будуць праводзіць аблаву, моладзь хапаць і забіраць у Германію. – Таму старэйшаму брату сказала: – Ты, Павел, ляжы і не паднімайся, прыкінься хворым”.
Я ў той час ужо не спаў, ляжаў на адным ложку з братам, а бацька [Іван Яўстаф’евіч] – на рускай печы, ён быў прастуджаны і выграваўся.
Не паспелі мы апамятацца ад трывожнай навіны, як у хату ўваліліся два фашысты з аўтаматамі. Адзін з іх пагразіў і на ламанай рускай мове пачаў крычаць: “Бистро собрайс, будэм выходи, бистро!” Ён тут жа сцягнуў з нас коўдру, схапіў брата за руку і сцягнуў з ложка. Я прыціснуўся спіной да сцяны і перапужанымі вачамі пазіраў на маці, брата, другога фашыста, які цягнуў з печы бацьку.
Усе мы хуценька апранулі тое-сёе і ў суправаджэнні выйшлі на двор. Адзін фашыст пад аўтаматам павёў тату, брата і мяне ў адрыну Леўчукоў, другі – маці ў пуню Якава Юрасіка. [Акрамя гэтых двух хлявоў катаванні адбываліся таксама ў сараях Івана Кіслага і Андрэя Цэсліка].
У хляве, куды нас загналі, былі ўжо дзясяткі два мужчын, старых, маладых хлопцаў, хлопчыкаў-падлеткаў. Помню, былі Фёдар Юрасік і яго сын Сцяпан, Міхаіл Ляўчук, Павел Алясюк і яго сын Андрэй, Карніл Гудко, Сцяпан Разумнік з сынамі Грышам і Васем. Пасля нашага і кожнага наступнага прыводу людзей дзверы зачынялі і вартавалі. Гэтак прыводзілі ў хлеў усіх мужчын, старых, падлеткаў з бліжніх дамоў. Апошнім запіхнулі Івана Канавальчука.
Людзей напіхалі поўную адрыну, усе стаялі на таку. Тыя, хто стаялі бліжэй да дзвярэй, у тым ліку і бацька, мелі магчымасць праз шчыліны назіраць, што адбываецца ў вёсцы. Раптам бачаць: фашыст вядзе маю сястру Марыю [Ляўчук] з трыма дзецьмі, меншага Васю яна несла на руках. І гэты кат пачаў аднімаць у Марыі дзіця, яна не аддавала, супраціўлялася. Фашыст ударыў сястру аўтаматам, тая ўпала, яе і дзяцей даставілі ў хлеў Якава Юрасіка – туды збіралі жанчын, дзяўчат і малых дзяцей.
Пасля пабачанага ўсе зразумелі: будзе бяда, фашысты рыхтуюць над людзьмі расправу. Мы, падлеткі, глядзелі ў вочы і бледныя твары старэйшых, сваіх бацькоў і па сваёй наіўнасці спадзяваліся на іх абарону. А што яны маглі зрабіць? Яны самі былі заложнікамі.
Неўзабаве праз тыя ж адтуліны ў дзвярах пабачылі трох фашыстаў, якія ішлі да нас. Двое былі з аўтаматамі ў руках, адзін – з пісталетам. Расчыніўшы дзверы хлява і прыбудовы (свірана), той, што быў з пісталетам, гучна крыкнуў: “Четыре человека, выходите!”
Усе імгненна падаліся назад. Тады карнікі схапілі крайніх і сілком упіхнулі ў адчынены свіран. Сярод іх былі мае бацька і брат Павел, Фёдар Юрасік і яго сын Сцяпан. Як толькі ўзялі тату і брата, я таксама вырашыў быць разам з імі, ускочыў у прыбудову і стаў за дзвярыма, якія былі прыпёртыя да сцяны.
Немец загадаў усім чатыром стаць на калені, тварамі да сцяны. Як толькі яны гэта зрабілі, вырадак пачаў страляць з пісталета ім у патыліцы. Першым стрэлам забіў брата, другім – бацьку. У гэты момант я выскачыў з-за дзвярэй і ўпаў паміж татам і Фёдарам Юрасікам. Фашыст стрэліў у мяне, але ў той момант на мяне схіліліся забітыя бацька і Юрасік Фёдар, што, мабыць, і ўратавала мне жыццё. Адчуў моцны боль ў нізе жывата і чуў, як з аўтаматаў растрэльвалі астатніх.
Паранены, абліты крывёю сваёю і забітых, я ляжаў пад мёртвымі, на нейкі час згубіў прытомнасць. Калі ачуняў, фашыстаў у хляве ўжо не было.
Асцярожна выбраўся з-пад забітых і ўскочыў у адрыну. Тут пабачыў жудасную карціну: ляжалі груды трупаў старых, мужчын, падлеткаў. Некаторыя былі яшчэ жывыя, цяжка дыхалі, прасілі дапамогі. Я быў у страшным шоку. Такое нельга бачыць нават у сне. Плакаў, рыдаў, падыходзіў то да брата, то да бацькі, кранаў іх, але яны былі мёртвыя.
Нечакана нешта зашамацела ў пучках лёну, што ляжалі ў куточку хлява. Прыўзняў пучок і пабачыў там Мішу Данілюка. Яму было гадоў шэсць-сем. Убачыўшы мяне, ён ускочыў і кінуўся да свайго бацькі [Рыгора Міхайлавіча], яшчэ жывога. Міша енчыў, прасіў: “Татачка, міленькі, уцікаймо адсюль!”
Бацька дакрануўся да яго шчакі і скрозь слёзы сказаў: “Ты бяжы, сынок, бяжы, а я ўжо не магу”.
А куды бегчы? У вёсцы – страляніна, каровы равуць, свінні вішчаць. Немцы нешта грузяць у машыны. І мы з Мішам схаваліся пад тыя ж пучкі лёну. З жахам чакалі сыходу немцаў з вёскі. Мінуў нейкі час, калі мы перажылі новыя выпрабаванні. У хлеў зайшлі два фашысты, зрабілі некалькі адзіночных стрэлаў, дабіваючы параненых. Нас не заўважылі. Пасля гэтага хлеў замкнулі і падпалілі.
Мы адчулі гар, полымя ўварвалася ўнутр. Вырашылі ўцякаць. Пад дзвярыма вылезлі на двор, ды адразу трапілі на вочы карнікам, якія пачалі па нас страляць. Зноў давялося лезці ў палаючую адрыну. Ад дыму і гарачыні сталі захлынацца, гарэлі салома, неабмалочанае жыта, чалавечыя целы. На нас закурылася адзежа. I раптам, адкуль толькі ўзяліся ў нас сілы і разуменне, пачалі выграбаць, выварочваць камень з-пад сцяны. Праз зроблены лаз і выбраліся з вогненнага пекла. Уцякалі па дымавой паласе ў бок мажэйкаўскіх хутароў. Фашысты заўважылі нас і распачалі страляніну, аднак мы ўжо былі далёка. Мне куляй перабіла рэмень для штаноў, але цела не зачапіла.
Я і Міша ўскочылі ў канаву, парослую хмызняком. У гэты самы час беглі людзі з навакольных хутароў, каб ратаваць Драмлёва, але, пабачыўшы нас, абгарэлых і акрываўленых, ды машыны з немцамі, павярнулі назад.
Я пабег у вёску Мажэйкі, дзе жыла сястра таты Пелагея Магер, а Міша накіраваўся на Сцяпанкі.
У Мажэйках дзядзька Філімон Магер дастаў з мяне кулю, якая засела ў пахвіне, перавязаў рану і паклаў спаць. Але ж ці можна было заснуць пасля таго кашмару, пасля таго жаху і пакутаў?..
Дзякую цётцы Полі і дзядзьку Філімону, якія прытулілі, замянілі мне бацькоў. У іх жыў, пакуль у 1948-м не быў прызваны ў Савецкую Армію. Служыў ва Украіне. Пасля дэмабілізацыі ажаніўся і застаўся ў горадзе Цецераў.
Некалькі разоў прыязджаў на малую радзіму, якой не стала. Заходзіў у сваю неіснуючую вёску, падаў на калені, цалаваў зямлю, перамешаную з попелам яе жыхароў, і плакаў. Бывала, забіралі мяне адтуль знясіленага жонка альбо дзядзя Філімон.
Няхай будуць праклятыя ўсімі, хто жыве на зямлі, тыя гітлераўскія галаварэзы, якія забівалі, вешалі, палілі бязвінных людзей.
Пастскрыптум
У снежні 1942 года карнікаў, якія расчарцілі вогненна-крывавы “Трохкутнік” на нашай зямлі, перакінулі з Палесся пад Варонеж і Сталінград. Але “ваяваць” паліцаі маглі толькі з мірнымі жыхарамі. Праз месяц, у студзені сорак трэцяга, увесь 15-ы полк, які забіў Драмлёва, быў знішчаны. Аднак толькі ў пачвары адсеклі адну галаву, адразу пачала расці другая. 24 лютага 1943 года полк быў сфарміраваны наноў, цяпер ужо ў складзе войск СС. У жніўні яго перакінулі на поўдзень – у Турын, Мілан, Трыест, дзе паліцэйскія батальёны заняліся звыклай для сябе справай: забойствамі, здзекамі, катаваннем мірных жыхароў. Пакуль не склалі зброю перад брытанцамі.
…Аднак гэта, як гаворыцца, ужо зусім іншая гісторыя.
Анатоль БЕНЗЯРУК
На здымках: піянеры на ганаровай варце каля кургана; жыхары былога Драмлёва Андрэй ГУДКО, Мікалай ЯРМАШУК і Вера ЮРАСІК падчас жалобнага мітынгу на месцы спаленай вёскі. Архіўныя фота Мікалая Ахметава, 1967 год.

