Алеся ДАБРАВЕСТ.
У рамках рэспубліканскага праекта “Навукова абгрунтаваныя метадычныя рэкамендацыі па вызначэнні даступнасці аб’ектаў і адаптацыі паслуг, якія прадастаўляюцца насельніцтву з улікам асаблівых патрэб інвалідаў” праўленнем Жабінкаўскай РА ГА “БелТІЗ” на тэрыторыі раёна быў праведзены ў чэрвені маніторынг прыпынкаў грамадскага транспарта на адпаведнасць патрабаванняў па стварэнні бяспечных умоў для пасажыраў з інваліднасцю па зроку. Падчас яго правераны наступныя прыпынкі: “Бальніца”, “Школа”, “Свабоды”, “Камсамольская”, “Новая”, “Мышчыцы”, “Камарова”, “Кобрынская”, “Шчэглікі”, “Здзітава”, “Сцяпанкі”. Было выяўлена, што яны абсталяваны пляцоўкамі з лаўкамі, урнамі для смецця, павільёнамі ці навесамі для пасажыраў (акрамя “Камарова”), ёсць назвы прыпынкаў і расклад руху аўтобусаў. Паверхня пасадачных пляцовак вымашчана цвёрдым пакрыццём на шырыні не менш за два метры і даўжыні, якая адпавядае даўжыні прыпыначнай пляцоўкі. У той частцы, дзе адбываецца пасадка (высадка) пасажыраў, нанесена паласа, якая па шырыні такая ж, як зона іх пасадкі (высадкі), і па колеры кантрастуе з паверхняй асноўнага пакрыцця. Тактыльная плітка на ўсіх прыпынках адсутнічае. На мэце ў раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” і ў далейшым праводзіць мэтанакіраваную работу па стварэнні бяспечных умоў для пасажыраў з інваліднасцю па зроку.
