Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.
Прыемную навіну для аматараў чытання прынесла напрыканцы мінулага года дырэктар Жабінкаўскай ЦБС Галіна Дулевіч: у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя Максіма Горкага адбылася цырымонія перадачы факсімільнага выдання “Буквара языка славенска” (на здымку), створанага ў 1618 годзе. Гэта самая старажытная з вядомых у свеце кніг, на вокладцы якой красуецца знаёмае кожнаму са школьнай пары слова “Буквар”.
ЧАСАМ МЫ СВАРЫМСЯ на вучняў за тое, што яны не берагуць свае падручнікі. Аднак і сённяшнія школьнікі, і шкаляры, якія жылі чатыры сотні гадоў таму, былі ў нечым падобныя. Відаць, яны “зачыталі да дзірак” свае “Буквары”. Інакш цяжка патлумачыць, чаму так сталася, што да нашых дзён дайшлі толькі два(!) асобнікі гэтай невялічкай кніжыцы. Прычым першы, капенгагенскі экзэмпляр, няпоўны. Затое другі, лонданскі, — у ідэальным стане, бо захоўваўся ў колішнім замку вядомага рыцарскага ордэна тампліераў. Менавіта з гэтага асобніка, як расказаў на прэзентацыі ў Брэсце намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, і зроблена факсіміле, прымеркаванае да 400-годдзя старажытнага помніка пісьменства.
“Буквар” выйшаў у друкарні Віленскага праваслаўнага брацтва Святога Духа 24 ліпеня 1618 года, а перавыдадзены роўна праз 400 гадоў у Мінску.
Кніга кішэннага фармату мае 52 аркушы, утрымлівае царкоўнаславянскі алфавіт, прыклады складоў і простых слоў, з якіх пачынаецца навучанне, пералік знакаў прыпынку, лічбы (у кірілічнай традыцыі, калі яны абазначаліся літарамі), а таксама азы граматыкі і тэксты для чытання, уключаючы рэлігійныя малітвы, гімны, псалмы. Арыгінальнае і факсімільнае выданніе ўпрыгожана шляхецкім гербам “Брама”, якім карыстаўся князь Багдан Агінскі, мецэнат, што паспрыяў з’яўленню гэтага школьнага падручніка.
Дакладна вядома, якім чынам “Буквар языка славенска” патрапіў на Брытанскія астравы. У хуткасці, як кніга пабачыла свет, яе набыў вядомы лонданскі бібліяфіл і адвакат Роберт Эшлі (1565–1641). Пасля сэра Роберта не засталося спадчыннікаў, затое цудоўна захавалася ягоная калекцыя старадрукаў, сабраная па ўсёй Еўропе. Сярод 4000 кніг аказаўся і невялічкі “Буквар”, створаны на беларускіх землях.
Значна складаней адказаць на пытанне, хто стаў аўтарам гэтага першага ў Еўропе падручніка. Як мяркуюць даследчыкі, кніжыца магла быць складзена вядомым беларускім асветнікам, філолагам, пісьменнікам-палемі-стам, праваслаўным архіепі-скапам полацкім і епіскапам віцебскім ды мсціслаўскім Мялеціем Сматрыцкім (1577–1633). Справа ў тым, што менавіта ў той самы час у братчыкавым выдавецтве, дзе спярша аддрукавалі “Буквар”, з’явілася і знакамітая “Граматыка славенска” (1618–1619) — найвялікшы і самы вядомы філалагічны твор уладыкі Мялеція.
Ва ўнікальнае трохтомнае юбілейнае выданне “Буквара языка славенска”, акрамя тэкста ХVII стагоддзя, увахо-дзяць пераклад на сучасную беларускую мову і навуковыя артыкулы, прысвечаныя гэтаму помніку старажытнабеларускай літаратуры. Цяпер кожны можа на ўласныя вочы пабачыць першы “Буквар” у раённай бібліятэцы.
