Праз месяц сустрэнем Новы год. Спадзяемся: ён будзе шчаслівым і радасным. Каб таго шчасця ды радасці было паболей, не забывайцеся падпісацца на любімую раёнку. А рэдакцыя, са свайго боку, прапануе конкурс для падпісчыкаў.
А цяпер — крыху пра яго ўмовы. Яны вельмі простыя.
Па-першае, неабходна аформіць падпіску на “Сельскую праўду” на месяц, квартал ці паўгоддзе 2022 года.
Па-другое, спатрэбіцца заняцца простай матэматыкай.
Нашы чытачы ўжо заўважылі, што на працягу восені на першай старонцы газеты з’явілася новая рубрыка “Лічба нумара”. Таму ва ўдзельнікаў конкурсу надзвычай простая задача: патрэбна скласці ўсе лічбы нумара з 1.09. па 1.12.2021-га, а затым да Новага года атрыманую суму даслаць на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакаю: на конкурс “Будзем з “Сельскай праўдай” разам!”. Нагадваем нашы каардынаты: індэкс 225101 г. Жабінка, вул. Будзённага, 8 ці selsk_prav@tut.by.
Конкурс праводзіцца ў трох намінацыях, адпаведна сярод тых, хто аформіў падпіску на будучы год на 1, 3 і 6 месяцаў. Калі ў нейкай з намінацый будзе больш за адзін правільны адказ, пераможцу вызначыць жэрабя (па-руску — жребий).
Узнагароджванне пераможцаў адбудзецца на Стары Новы год. Займайцеся арыфметыкай і падпісвайцеся на “СП”! А галоўнае — не хварэйце і дзень пры дні шчаслівейце!!!
ПАСТСКРЫПТУМ.
Ледзь не забыліся: а лічба сённяшняга нумара — 0 (“нуль”). Скажаце: ён — нішто? Правільна, так і перакладаецца арабскае слова “нуль” — “нішто”. Але існуюць пераклады і з іншых моў, дзе 0 — гэта “шыфр” і нават “лічба”. Пастаўце перад ёй адзінку і раптам “нішто” ператворыцца ў “нешта”! Вось і сёлета ў раёне нарадзілася ўжо 193 хлопчыкі і дзяўчынкі. За імі, пакуль яшчэ “нулёвачкамі”, як гаворыцца, будучыня.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
