Застаецца трохі больш за тыдзень, як вы атрымаеце замест звыклай раёнкі камплект з двух друкаваных выданняў — абласнога і раённага. Пра гэта шмат гаварылі і, упэўнены, яшчэ будуць гаварыць. Напрыклад, зусім нядаўна адна псеўдажурналісцкая арганізацыя, выдала сенсацыю: “як даведалася служба маніторынгу” гэтага гуртка па інтарэсах, “тры дзяржаўныя раёнкі Брэсцкай вобласці з наступнага года губляюць самастойнасць”. Інфармацыя пададзена так, як быццам “служба маніторынгу” адкрыла страшную таямніцу, хаця сакрэту з будучага перафарматавання раённых газет Ганцавіцкага, Жабінкаўскага і Маларыцкага раёнаў мы не рабілі. А што да “страты самастойнасці” або нават “знікнення раёнкі”, у чарговы раз скажу: раённая газета застаецца. Дакладней, застанецца, калі будзе адчуваць падтрымку свайго чытача. Вам нішто не шкодзіць захаваць вернасць раёнцы: падпісная цана амаль не змяняецца. Але цяпер за той самы кошт вы маеце магчымасць атрымаць дзве газеты: “Зарю” на дваццаці чатырох старонках і “Сельскую праўду” на васьмі. Хтосьці адразу скажа: восем старонак на тыдзень — гэта не газета, сапраўды страта самастойнасці і знікненне выдання са шматгадовай традыцыяй. Але не спяшайцеся так казаць. Меркаваныя восем палос раённай газеты — гэта чысты, без дамешку, раённы кантэнт. Творчыя работнікі застаюцца ў рэдакцыях у былой колькасці. Інфармацыя, якая раней дублявалася ва ўсіх чатырох выданнях — ад афіцыйных паведамленняў да гараскопаў і тэлепраграмы — цяпер будзе размяшчацца толькі ў абласным выданні. Такім чынам, вы, як мінімум, нічога не губляеце ў плане інфармаванасці пра жыццё Жабінкаўшчыны. Абласное выданне, у сваю чаргу, дасць вам панараму жыцця не толькі вобласці, але краіны і замежжа, меркаванні аналітыкаў у самых розных сферах жыцця грамадства. Зменіцца фармат рэкламы і падачы аб’яў. У вас з’явіцца выбар: калі вы хочаце, каб вашу аб’яву або віншаванне бачылі не толькі ў раёне, вы можаце размясціць яе не на палосах “СП”, а ў абласным выданні. Модульная рэклама будзе друкавацца выключна на “зарёвских” старонках. Спадзяюся, прадпрымальнікам не трэба тлумачыць плюсы такога варыянта. Рэклама і аб’явы Жабінкаўскага раёна будуць прымацца ў аддзеле маркетынгу і рэкламы абласной газеты па тэлефонах: (80162)20-04-01, (80162)20-04-11, (80162)55-90-55, (8029) 798-04-11, (8029)249-04-11 (вайбер). Да вашых паслуг электронная пошта utro@brest.by. Акрамя таго, каб не згубіць у азначаных раёнах чытачоў поўнага камплекту “Зари”, мы плануем павялічыць пасыл суботняга нумара ў кіёскі “Белсаюздруку”. Мы разумеем, што ўсё адразу не будзе гладка. Перад намі, журналістамі аб’яднаных рэдакцый, стаіць нялёгкая задача як мага хутчэй злучыць новы калектыў, зладзіць дзейны механізм выхаду абноўленага выдання, як мага хутчэй знайсці яго твар. Улічваем таксама той нюанс, што шмат хто з людзей у прынцыпе не любіць змены, нават калі гэта змены ў лепшы бок. Але ж усё роўна верым, што з дапамогай нашых чытачоў усё ў нас атрымаецца. Бо вы вартыя таго, каб чытаць якасныя выданні. З павагай, Ігар ГЕТМАН, галоўны рэдактар брэсцкай абласной газеты “Заря”