Будзе павышацца “Статус 0”

Менавіта такую назву далі сваёй рок-групе маладыя людзі, што ў захапленні ад року. Любоў да музыкі аб’яднала Ілью МЯЛЬЧАРЫКА, Алега ГУРСКАГА і Ганну ГАРАНІНУ. Алег вучыцца на машынабудаўнічым факультэце Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, ён сола-гітарыст, салістка Ганна — студэнтка гістарычнага факультэта БрДУ імя Пушкіна, а барабаншчык Ілья ўжо працуе. Група нарадзілася зусім нядаўна, аднак паспела пакарыць сэрцы многіх аматараў року.
— Чаму “Статус0”? — тлумачыць Алег, — бо гэта старт нашага творчага шляху. А з развіццём здольнасцяў статус групы будзе павышацца!
Дарэчы, жабінкаўская рок-група заявіла пра сябе на нядаўнім маладзёжным форуме горада Брэста і Жабінкаўскага раёна, калі сола-гітарыст расказваў пра сябе і сяброў. Там іх і заўважыла кіраўніцтва нашага раёна. Старшыня райвыканкама Вадзім КРАЎЧУК прапанаваў выступіць у любімым горадзе з канцэртам. Сказана — зроблена! Напярэдадні 8 Сакавіка маладыя людзі арганізавалі музычны падарунак работнікам райвыканкама. Думаецца, жабінкаўцы хутка змогуць пачуць і ацаніць выступленні апантаных рокам маладых людзей.
Святлана КІСЛАЯ