Алёна НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Сёлета ў школах рэспублікі адкрыліся аграрныя класы, заняткі ў іх носяць факультатыўны характар. Старшакласнікі знаёмяцца з аграпрафесіямі, іх важнай роллю для эканомікі дзяржавы. На Брэстчыне такіх 22. Ёсць аграклас і ў нашым раёне: у гэтым навучальным годзе ён з’явіўся ў Крыўлянскай адзінаццацігодцы.
Як расказала яго кіраўнік — настаўнік хіміі і біялогіі Марыя Кульгаўчук, аграклас створаны на базе дзясятага класа, у ім займаюцца чатыры вучні. Факультатыўны курс “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” разлічаны на два гады. Заняткі праходзяць адзін раз на тыдзень па суботах. Яны складаюцца з дзвюх частак: тэарэтычнай і практычнай. Першая ў асноўным мае форму лекцый з праглядам прэзентацый і відэафільмаў па тэме. Матэрыялы да іх падрыхтаваныя выкладчыкамі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Практычная частка заняткаў абапіраецца на тэарэтычныя веды і дазваляе замацаваць іх.
Так, на працягу першай чвэрці вучні агракласа вывучалі расліны, а потым, да прыкладу, прыносілі на ўрокі розныя гатункі бульбы і яблыкаў, праводзілі іх дэгустацыю, давалі характарыстыку. Пры вывучэнні эфіраалейных культур параўноўвалі пажыўныя якасці льнянога, аліўкавага, рапсавага і іншых відаў алею. У будучым падчас практычных заняткаў вучні будуць наведваць бліжэйшыя сельгаспрадпрыемствы — ААТ “Арэпічы”, “Вазнясенскі” і “Мацеевічы”. У планах таксама сустрэчы з кіраўнікамі і спецыялістамі гаспадарак.
На працягу другой чвэрці вучні агракласа будуць вывучаць жывёл, далей — знаёміцца з сельскагаспадарчай тэхнікай, апрацоўкай глебы, унясеннем угнаенняў, іншымі тэмамі. Марыя Віктараўна імкнецца тлумачыць матэрыял даступна і цікава. У рабоце цесную ўзаемасувязь мае з выкладчыкамі Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, іншымі калегамі — кіраўнікамі агракласаў, з якімі раіцца па розных пытаннях.
Удасканальвацца ў плане выкладання факультатыва дапамагаюць навучальныя семінары, якія ладзяцца для кіраўнікоў аграрных класаў на базе Гродзенскага інстытута развіцця адукацыі. Такія ўжо адбыліся ў чэрвені — напярэдадні адкрыцця спецыялізаваных класаў — і на восеньскіх канікулах. Падчас іх удзельнікі не толькі папоўнілі свой выкладчыцкі багаж тэарэтычнымі ведамі, але і пазнаёміліся з лепшымі сельскагаспадарчымі прад-прыемствамі Гродзеншчыны, што спецыялізуюцца на раслінаводстве, у прыватнасці, садаводстве, і жывёлагадоўлі. Такія семінары будуць ладзіцца і далей. Як правіла, на іх прысутнічаюць прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання краіны, што сведчыць аб важнасці пачатай справы.
На восеньскіх канікулах навучэнцы агракласа ра-зам з адзінаццацікласнікамі ездзілі на экскурсію ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Падчас яе наведалі розныя факультэты: ветэрынарнай медыцыны, інжынерна-тэхналагічны, іншыя, пабывалі на лекцыях і практычных занятках. Плануецца, што ў далейшым універсітэт будуць наведваць і іншыя аграрныя класы рэспублікі, каб бліжэй знаёміцца з яго вучэбнай базай, магчымасцямі і перспектывамі.
Падчас гутаркі навучэнцы агракласа Крыўлянскай школы падзяліліся сваімі ўражаннямі ад заняткаў у ім і планамі наконт будучых прафесій. Дзесяцікласнікі прызналіся, што з задавальненнем наведваюць факультатыў і вучыцца ў агракласе ім вельмі падабаецца.
Вадзім Шынкарук намераны пакараць Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання і асвойваць там тэхналогію мяса і мясных прадуктаў або кансервавання.
Вікторыя Петрусевіч назвала дзве спецыяльнасці: эканаміст і тэхнолаг захоў-вання і перапрацоўкі расліннай або жывёльнай сыравіны — і дзве навучальныя ўстановы: Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна і аграрны ў Гродне. Пажывем — пабачым, які бок шаляў усё ж пераважыць.
Дзмітрый Дзянішчыч марыць аб спецыяльнасці электрыка ці аўтаэлектрыка. Юнак упэўнены, што дзесьці далёка ад дома вучыцца не паедзе, чым бліжэй, тым лепш.
А вось Яна Руткевіч без ваганняў назвала Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, дзе плануе атрымаць спецыяльнасць эканаміста. Яе старэйшыя брат і сястра — студэнты гэтай установы. Так, Андрэй — будучы інжынер-механік, Тамара — аграном.
Да слова, з выпускнікоў Крыўлянскай школы ў Горках навучаюцца Вераніка Паўловіч і Дзмітрый Будзько. З сёлетняга выпуску Гродзенскі аграрны ўніверсітэт абраў Улад Батура. Пра гэта расказаў дырэктар установы Аляксандр Казюра. У размове ён падкрэсліў, што вучні Крыўлянскай школы заўсёды паступалі ў сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы краіны, а пасля атрымання дыплома вярталіся працаваць на малую радзіму. З гонарам Аляксандр Іванавіч назваў прозвішчы былых выпускнікоў, якія цяпер рупяцца на розных пасадах у сельгаспрадпрыемствах раёна. Ён звярнуў увагу, што аграрны клас — выдатная магчымасць для вучняў не толькі пазнаёміцца з аграпрафесіямі, але й паступіць.
Так, выпускнікі агракласаў будуць залічвацца ў сельскагаспадарчыя ВНУ без уступных іспытаў і без сертыфікатаў ЦТ па сярэднім бале атэстата і выніках субяседавання. У такіх навучальных установах павінны навучацца падрыхтаваныя і матываваныя студэнты, якія знаёмы з жыццём на сяле і вытворчасцю, на гэта і накіраваны аграрныя класы.
Главные новости
