Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.
Штуршком для пошуку можа стаць што заўгодна. На гэты раз быў раптоўны званок ад Алега Смаршчка з пытаннем, ці не ведаю імёнаў партызан, якія ўвекавечаны на будынку райвыканкама і на могілках на вуліцы Міру. Гэтае пытанне цікавіла мяне і раней, аднак адказу на яго не меў. Паспрабаваў пашукаць, і нечакана адкрылася наступная гісторыя.
СПАЧАТКУ — ДВА ЛІСТЫ з 1985 года. Яны прыйшлі амаль адначасова з Паўночнай Асеціі ў Старасельскую школу, дзе вучні і настаўнікі актыўна збіралі матэрыялы па гісторыі атрада імя Чарнака.
Першым напісаў былы палітрук партызанскай роты Салтан Данілавіч АГАЕЎ. Сын горнай зямлі, якому давялося ваяваць на Палессі, пачаў ліст словамі: “Ёсць незабыўныя словы: ніхто не забыты, нішто не забыта. Таму свяшчэнны абавязак жывых знаходзіць невядомых у перыяд Вялікай Айчыннай вайны”. А далей распавёў пра аперацыю, праведзеную ўлетку 1943 года.
Партызаны вырашылі ўзарваць Булькоўскі спіртзавод. Аднак нешта пайшло не так, як планавалася: завод узляцеў у паветра, але, вяртаючыся, народныя мсціўцы трапілі ў засаду. “З нашых былі забіты 3 ці 4 партызаны, якіх мы не змаглі забраць, — працягваў расповед Агаеў. — Былі чуткі, што трупы забітых звозілі ў Жабінку і (там яны) віселі тыднямі на шыбеніцы”.
Салтану Данілавічу згадалася сустрэча з земляком — Махарбекам Купеевым, якога вельмі цікавіў лёс брата — Пятра Сахамавіча КУПЕЕВА (1924–1943).
У атрадзе юнака звалі проста Пецем. Ён удзельнічаў у многіх дзёрзкіх аперацыях, прынамсі, у разгроме гарнізонаў у Азятах і Старым Сяле. Той жа Салтан Агаеў і Таймураз Савельевіч ГАЗАЕЎ згадвалі Пятра “жыццярадасным, вясёлым, смелым хлопцам”.
У сваім лісце ў Старое Сяло Махарбек Купееў са слоў сведкаў падрабязна апісвае бой, у якім загінуў брат: “Аперацыя была паспяхова выканана. Партызаны вярталіся ў лес той жа дарогаю, па якой прыйшлі ў вёску. Напера-дзе рухаліся Іван Мясцовы, Кузіеў, сябры: Цагараеў Саламан і Купееў Пётр, быў яшчэ адзін, але яго не памятаюць. Раптам яны натыкнуліся на засаду паліцаяў, прагрымелі стрэлы, тыя, хто ішлі наперадзе, упалі. Астатнія скокнулі ў роў, здолелі спіхнуць туды і кантужанага Цагараева. Па словах Агаева С. і Газаева Т., яны бачылі, як упаў наш брат, чулі, як ён прасіў дапамогі, ды падысці да раненага Пятра не змаглі. Хаваліся нейкі час у рове, затым рушылі ў лес. Праз тры дні партызаны вярнуліся ў вёску, каб даведацца пра лёс таварышаў. Тут яны пабачылі павешаных фашыстамі Кузіева і Івана Мясцовага (так яго звалі ў атрадзе). Купеева Пятра, нашага брата, сярод іх не было. Газаеў Таймураз сцвярджае, што той загінуў і быў пахаваны вяскоўцамі”.
Напрыканцы Махарбек Сахамавіч выказваў спа-дзяванне: “Можа, ёсць брацкая магіла, мо нехта з вяскоўцаў нешта памятае. Вас вельмі просяць дапамагчы ў пошуках брата пяць сясцёр і два браты Купеевы. Чакаем адказу”. Тады, амаль 35 гадоў назад, адказу яны не дачакаліся. Цяпер, здаецца, абставіны змяніліся.
Залетась на гарадскіх могілках у Жабінцы быў перапахаваны невядомы баец, забіты каля Булькова. З вялікай доляй верагоднасці можна дапусціць, што гэты невядомы і ёсць Пётр Купееў. Калі так, то ён знайшоў належнае месца для апошняга спачыну — побач са сваімі баявымі таварышамі, увекавечанымі паблізу, у магіле, на якой пералічаны імёны партызан Ватульчанкі І.В. (магчыма, гэта і ёсць той самы Іван Мясцовы?), Кулава А.К.,
Кудзіева (Кузіева) О. і Пе-ліна Н.А. Падобная шыльда месціцца і на райвыканкаме.
Пакуль вядомы абставіны жыцця толькі Ахтыміра Каурбекавіча КУЛАВА (1914–1943). На Каўказе некаторыя дасюль лічаць яго памагатым немцаў, а ў Жабінцы ведаюць як актыўнага партызана-чарнакоўца. Вайна адна — памяць розная. Таму крыху пазней раскажам, чаму так шмат асецінскіх імёнаў было ў атрадзе Чарнака.
На здымку: 3 мая 2017 года. Праз лічаныя хвіліны скрыня з астанкамі невядомага будзе прыдадзена зямлі на жабінкаўскіх могілках. Ці не звалі яго пры жыцці Пятром КУПЕЕВЫМ?
