Бліц-інфарм

На граніцы ўсё надзейна

У гэтым змаглі пераканацца 9-класнікі СШ № 3, якія ра-зам са сваімі класнымі кіраўнікамі Ірынай Істнай і Таццянай Даманскай наведалі 27 сакавіка знакамітую пагранзаставу імя А.М. Кіжаватава. Вучні не толькі пабывалі ў музеі, што прысвечаны подзвігу арганізатара абароны цытадэлі над Бугам Андрэя Кіжаватава (1907–1941), але й з дапамогай намесніка начальніка заставы па ідэалагічнай рабоце капітана Вячаслава Гарбацюка акунуліся ва ўмовы службы сучасных ахоўнікаў мяжы, даведаліся пра трывалыя сувязі “кіжаватаўцаў” са сваякамі легендарнага Героя (тыя жывуць зараз у Расіі і пры нагодзе нават перадалі ў дар на заставу нямецкую аўчарку). Акрамя таго, жабінкаўскія школьнікі наведалі Цэнтр падрыхтоўкі спецыялістаў пагранічнага кантролю — структурнае падраздзяленне Інстытута памежнай службы Беларусі. Як расказаў намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце падпалкоўнік Андрэй Асапрылка, іх цэнтр рыхтуе спецыялістаў для ўсёй краіны. Нездарма сюды перыядычна прыязджае кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, сам, дарэчы, у мінулым памежнік, які ў 1975–1977 гадах служыў у Брэсце.

Стыпендыя – за спартыўныя заслугі

Яна Цупа — “залатая рыбка” Жабінкаўшчыны. Яна вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры, рыхтуецца да абароны дыпломнага праекта.
Яе імя, як выдатнай спартсменкі, неаднойчы гучала на спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню. Майстар спорту ўключана ў нацыянальную каманду Рэспублікі Беларусь па акадэмічнай грэблі. Яна Цупа — шматразовая чэмпіёнка Беларусі, удала выступіла на этапе кубка свету. Спіс перамог можна працягваць, але… Верыцца, што будуць новыя і новыя важкія дасягненні таленавітай дзяўчыны з Жабінкі.
На малой радзіме спартыўныя заслугі Яны Цупы высока ацэнены і з боку раённай улады: з сакавіка бягучага года раённы Савет дэпутатаў назначыў ёй штомесячную стыпендыю.

Раён наведала госця з Англіі

У сакавіку на Жабінкаўшчыне пабывала госця з Англіі Элісан Стэнарт. Жанчына — кіраўнік аднаго з філіялаў дабрачыннага фонду “Жыццё дзецям Чарнобыля”, які штогод прымае на аздараўленне хлопчыкаў і дзяўчынак з Азят, Ракітніцы і Старога Сяла. Спадарыня Элісан наведала сем’і дзяцей, якія былі ў Англіі летась і пазалетась, сустрэлася з тымі, што сёлета паедуць на адпачынак у далёкую краіну. Для госці былі арганізаваны і культурныя мерапрыемствы: паездка ў Белавежскую пушчу, экскурсіі ў раённы гісторыка-краязнаўчы музей і мемарыяльны комплекс “Драмлёва”. Найбольш жанчыну ўразіла жахлівая гісторыя пра лёс нашай спаленай вёскі і яе жыхароў.

Канікулы з карысцю

На вясновых канікулах юныя жыхары Рагозна разам са старастай вёскі Кацярынай Ланчук наводзілі чысціню і парадак у родных наваколлях. Дзіцячы “працоўны дэсант” за некалькі гадзін назбіраў ажно 8 (!) мяхоў смецця ля азярца і могілак. Юра Магырка, Андрэй Касінюк, Мікалай Кандрацюк, браты Курыны: Максім, Ягор і самы малодшы — пяцігадовы Яраслаў — былі задаволены вынікамі сваёй працы і паабяцалі, што ніколі цяпер не кінуць паперчыну ад марожанага ці цукерак міма урны для смецця! Напрацаваўшыся, дзетвара з задавальненнем пачаставалася бярозавым сокам і цукеркамі, падрыхтаванымі для іх старастай.

Дзявятая перамога

Каманда маладзёжнага брацтва пры храме Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў Жабінцы зноў праявіла сябе ў міжнароднай анлайн-гульні. На гэты раз інтэлектуальнае спаборніцтва называлася “Духоўная вясна” і было прысвечана тэме Вялікага посту. Жабінкаўцы ўжо ў адзінаццаты раз паўдзельнічалі ў інтэрнэт-гульні і ў дзявяты сталі яе пераможцамі! Першае месца яны падзялілі з камандай з Брэста.