Бізнес павінен мець зразумелыя правілы для старту і росту

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА правёў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў у Палацы Незалежнасці.
У час нарады абмяркоўвалася ўдасканаленне прадпры-мальніцкай дзейнасці, развіццё аграэкатурызму, стварэнне інстытута па фінансавым кансультаванні насельніцтва, абыходжанне з радыеактыўнымі адходамі.

Якія навацыі чакаюць прадпрымальнікаў?

У Беларусі прапануецца ўдасканаліць заканадаўства аб прадпрымальніцкай дзейнасці. Савет Міністраў прапануе мадэрнізаваць фармат функцыянавання гэтага сегмента эканомікі, абапіраючыся на два фундаментальныя прынцыпы — прастату і справядлівасць. «Так павінна быць у любым нарматыўным прававым акце», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
«Мая галоўная ўмова — гэта празрыстасць і магчымасць кантролю прадпрымальніцкай дзейнасці. Бізнес павінен мець зразумелыя правілы для старту і росту, а дзяржава — добрасумленнага плацельшчыка падаткаў і партнёра ў рэалізацыі праграм развіцця. Тое, што ў нас тут конь не валяўся, гэта простым вокам бачна», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Адносна празрыстасці і кантролю прадпрымальніцкай дзейнасці Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ніякага націску на бізнес тут няма. «Правяраць плату падаткаў. І будзем правяраць», — сказаў ён.
Прэзідэнт адзначыў, што эвалюцыйным шляхам неабходна стварыць прадпрымальніцкае асяроддзе, якое будзе адпавядаць запатрабаванням беларускага грамадства.
Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка папрасіў звярнуць на работу інды-відуальных прадпрымальнікаў. «Трэба стварыць прадпрымальнікам стымул да трансфармацыі ў юрыдычную асобу. Гэта факт», — заявіў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, індывідуальны прадпрымальнік павінен быць па сваёй сутнасці індывідуальным: «Гэта фактычна рамеснік. Гэта чалавек, які робіць тое, што ніхто акрамя яго зрабіць не зможа. А ў нас што адбылося? Усе сталі прадпрымальнікамі — ад ваенна-прамысловага комплексу да вясельных і пахавальных рытуалаў».
У выніку Прэзідэнт чакае ад урада дакладна выбудаванай сістэмы прававых форм арганізацыі бізнесу і яго справядлівага падаткаабкладання.

Змяненні чакаюць уладальнікаў аграсядзіб

На нараду кіраўніка дзяржавы з кіраўніцтвам Савета Міністраў быў вынесены абноўлены праект указа па развіцці аграэкатурызму ў Беларусі.
«Некалі я згадзіўся і даў старт гэтаму працэсу. Каб людзі, якія жывуць у вёсцы ў цудоўных кутках нашай прыроды, змаглі паказаць гэты дар божы людзям. Тым больш іншаземцы прыязджаюць. Каб ім (уладальнікам аграсядзіб. — Заўвага БелТА) прадаставіць ільготы, каб яны маглі зарабіць, каб даць штуршок развіццю гэтых хутароў, «мядзведжых» куткоў і іншага, — сказаў Прэзідэнт. — Сфера вельмі значная ў плане мадэрнізацыі і развіцця сучаснай інфраструктуры ў вёсцы, стварэння рабочых месцаў, захавання і прымнажэння нашых нацыянальных культурных традыцый, выхавання беражлівага стаўлення да прыроды».
Аднак кіраўніку дзяржавы дакладваюць, што асобныя нормы ўказа, які рэгулюе сферу аграэкатурызму (ад 9 кастрычніка 2017 года № 365), выконваюцца фармальна. У якасці прыкладаў прыводзяцца канкрэтныя факты. Так, не выкаранены выпадкі, калі пад выглядам аграсядзіб на сістэмнай аснове працвітаюць гасцінічны і рэстаранны бізнесы, асабліва паблізу вялікіх гарадоў. Аднак падаткі плацяцца не як з гэтых відаў дзейнасці. Прэзідэнт запатрабаваў далажыць, што плануецца для ўпарадкавання дзейнасці нядобрасумленных уладальнікаў аграсядзіб, якія ператварылі іх выключна ў гасцінічныя комплексы.
Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, як прапановы, што абмяркоўваюцца, паўплываюць на сядзібы, размешчаныя далёка ад вялікіх гарадоў: «Яны перажылі няпросты каранавірусны час, працуюць сумленна і прадаўжаюць карпатліва год за годам развіваць свой патэнцыял. Адна справа каля буйных гарадоў на бойкіх месцах пад выглядам аграэкасядзіб арганізавалі гасцініцы і рэстараны, а іншая — гэтыя ж аграсядзібы, якія створаны ў «мядзведжых» кутках. Як у Адэсе гаварылі, дзве вялікія розніцы».
«І, што вельмі важна, як прапанаваныя змяненні будуць стымуляваць развіццё рэгіянальнай ініцыятывы і канкрэтных тэрыторый?» — паставіў пытанне беларускі лідар.

Знізіць цэны на драўніну для будаўніцтва жылля

У час нарады кіраўнік дзяржавы адзначыў, што адказныя службовыя асобы не заўсёды аператыўна рэагуюць на прэзідэнцкія даручэнні. У прыклад Аляксандр Лукашэнка прывёў сваю нядаўнюю прапанову прапрацаваць меры па патанненні лесу для будаўніцтва жылых дамоў. Пра неабходнасць такога рашэння ён заявіў 18 жніўня ў час наведвання Гродзенскага раёна.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў краіне гіне шмат лесу, дрэвы не паспяваюць знесці і ў далейшым перапрацоўваць. «А ў пачатку гэтага года атрымаць для будаўніцтва жылля, у сталярку, вокны, дзверы, плінтус, рэйку падлогі — гэта катастрофа. Гэта такія завоблачныя цэны, што ў людзей вочы на лоб лезуць. Пра гэта сказаў, і ва ўрадзе — месяц прайшоў — цішыня. Ужо павінны былі на стале ляжаць не проста прапановы, а каб губернатары пачыналі дзейнічаць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На думку Прэзідэнта, такая магчымасць у будаўніцтве жылля дазволіць замацаваць у вёсцы маладых спецыялістаў. «Давайце пачнём са спецыялістаў у вёсцы. Пабудуем дом. У нас жа ёсць лініі цэлыя — на працягу сутак дом. Прыедуць і паставяць на фундамент. Давайце шматдзетным. Каму трэба вычленім і зробім так, каб, бясплатна атрымаўшы гэту драўніну або за паўцаны, не перапрадавалі потым», — сказаў ён.
«Я проста прыводжу прыклад: калі ідэя падаецца Прэзідэнтам і яе трэба хутка рэалізоўваць — цішыня», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Ніякай радыяцыі не з’явіцца

«Мы фактычна з нуля стварылі ў краіне новую галіну з Беларускай АЭС. Не сёння — заўтра нам спатрэбіцца ўтылізаваць ядзерныя адходы — адпрацаванае паліва. Прадукт вельмі небяспечны (але вельмі каштоўны). Таму я ставіў задачу выбудаваць у Беларусі надзейную сістэму абыходжання з такімі адходамі, стварыць адпаведную інфраструктуру», — нагадаў Прэзідэнт.
Пытанне абмяркоўвалі яшчэ ў мінулым годзе. Тады вырашылі, што гэтым зоймецца так званы нацыянальны аператар. Ён возьме на сябе клопат па ўзвядзенні аб’ектаў абыходжання з радыеактыўнымі адходамі і будзе паўнацэнна кіраваць працэсам. «Тут мы прытрымліваемся, па-першае, устаноўленых, як вы кажаце, сусветных стандартаў. Па-другое, гэта бяспека і здароўе беларускай нацыі і нашых суседзяў, як вы прапісваеце. Праўда, суседзі не вельмі напружваюцца наконт здароўя нашых беларусаў, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Галоўнае маё патрабаванне — ніякай нагрузкі на бюджэт, ніякіх дадатковых міністэрстваў, ведамстваў пад грыфам «аператара».
Прэзідэнт запатрабаваў дакладна вызначыцца, як лепш за ўсё абыходзіцца з гэтымі адходамі і што гэта за аператар будзе ў выніку. «Беларусы павінны быць упэўнены, што ніякай радыяцыі на тэрыторыі краіны не з’явіцца. Гэта галоўнае!» — падкрэсліў ён.
БелТА