“БІТВА РОЗУМАЎ”, або Як нашы людзі “срэбнага веку” атрымалі “серабро”

У першы кастрычніцкі дзень Рэспубліка Беларусь у 30-ы раз адзначае Дзень пажылых людзей. Святочная дата ўсталявана ў 1992 годзе ў знак пашаны і павагі да тых, чые вопыт і гады — сапраўднае багацце. У нашай краіне жыве каля паўтара мільёна чалавек ва ўзросце 65+, і многія з іх вядуць вельмі актыўны лад жыцця. Для таго каб ім было лягчэй рэалізавацца, з мінулага года працуе дзяржаўная праграма “Актыўнае даўгалецце — 2030”.

Нашы ветэраны сапраўды могуць пахваліцца і даўгалеццем, і актыўнасцю. Гэта яны зноў даказалі 27 верасня ў Бярозе, дзе ладзіўся абласны інтэлектуальны турнір “Бітва розумаў”. Спаборніцтва праходзіла напярэдадні Дня пажылых людзей і было прымеркавана да Года гістарычнай памяці. Нават сама назва жабінкаўскай каманды, якую ўзначальваў Анатоль Аляксандравіч СТАРЫЦКІ, сведчыла, наколькі яны “Аптымісты” па жыцці. Разам са сваім капітанам паспрачацца за ўзнагароды яшчэ з шасцю камандамі Брэстчыны ў “Бітве розумаў” выйшлі безумоўна паважаныя людзі раёна — Аляксандра Георгіеўна ВАРАБ’ЁВА і Вера Пятроўна МАНДРЭНКА, Анастасія Васільеўна ТАРАСЕВІЧ і Святлана Мікалаеўна АТАПКОВА.
Ужо першы тур паказаў: выслоўе “Галоўнае не перамога, а ўдзел” — дакладна не задавальняе жабінкаўскіх “Аптымістаў”. Бо яны прыехалі ў Бярозу па “золата”, “серабро”, у горшым выпадку — за “бронзай”. Яны змагаліся — і ў іх усё атрымалася! Пытанні былі вельмі няпростыя, але з імі наша славутая пяцёрка справілася, калі не на выдатна, дык на моцнае “добра”. Перад апошнім турам каманда з Жабінкі знаходзілася на трэцім радку. Аднак яе прадстаўнікі праявілі сапраўды байцоўскі характар і значныя веды, каб падчас інтэлектуальнага штурму ўзняцца вышэй на адну прыступку.
Агульны вынік быў такі. Першае месца атрымалі гаспадары-бярозаўцы (нездарма кажуць: дома і сцены дапамагаюць), “серабро” — у жабінкаўскіх эрудытаў “срэбнага веку”, на трэцім выніковым радку апынуліся пінчукі.
Каштоўны прыз і дыплом за другое месца ў гульні “Бітва розумаў” Анатоль Аляксандравіч як капітан каманды атрымаў з рук прадстаўніка Бярозаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.
У поўнай меры поспех каманды падзяляе загадчык аддзялення Жабінкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ганна БАРЫСЮК, якая была не толькі куратарам “Аптымістаў”, але й зацятым балельшчыкам зладжанай каманды.
Са свайго боку, мы таксама далучаемся да віншавальных слоў, якія ўжо сказаны ў адрас прызёраў. Зычым усім людзям паважанага ўзросту святочнага настрою, моцнага здароўя і, вядома, аптымізму!
Анатоль БЕНЗЯРУК
На здымку: каманда “Аптымістаў” за хвіліну да мазгавога штурму, які прынёс ім “серабро”.