Білет на “Цягнік Памяці”

Білет на “Цягнік Памяці”

Набыць такі квіток – няпростая справа, бо давядзецца не толькі пабачыць свет, але і ўсім удзельнікам карыснага ды займальнага падарожжа расказаць пра родную Жабінку ды ўсю нашу непаўторную сінявокую Беларусь. У гэтыя дні такую цудоўную вандроўку на “Цягніку Памяці” ажыццяўляе прыгажуня і разумніца з горада-спадарожніка Аня Канючка (на здымку злева).

У сяброўстве з мінулым

Для вучаніцы першай гарадской школы кожны год пашырае кругагляд і становіцца новай прыступкай на паспяховым шляху, якім дзяўчына крочыць па жыцці. Сёлетні навучальны год не стаў выключэннем. Дзясяты клас Ганна Канючка скончыла на выдатна (увогуле, на працягу ўсяго навучання ў яе дзённіку толькі самыя лепшыя адзнакі). Акрамя вучобы, дзяўчына шмат часу прысвячае грамадскім справам, ахвотна ўдзельнічае ў розных спаборніцтвах. Нездарма выдатніца ўжо не раз трапляла на старонкі нашай раёнкі. І нагод для гэтага было багата.

На першае месца Аня ставіць час, калі адбылося ўрачыстае адкрыццё школьнага музейнага пакоя. З ім яна літаральна зраслася душою. Ганна Канючка – адна з найлепшых экскурсаводаў школы, а таму ведае без усялякага перабольшвання гісторыю кожнага экспаната. Можа падоўгу затрымлівацца каля стэндаў з расказамі пра мінулае роднай жабінкаўскай зямлі ад першабытных часоў да сучасных дзён. Найбольш прыцягальным – сапраўдным магнітам – стаў для аматаркі гісторыі перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Яна з захапленнем і гонарам распавядае аднакласнікам і малодшым школьнікам біяграфіі герояў-землякоў – удзельнікаў барацьбы з ворагам падчас ліхалецця 1941 – 1945 гадоў. У іх ліку – славутае імя земляка Міхаіла Чарнака – аднаго з заснавальнікаў партызанскага руху на Брэстчыне, чыё прозвішча атрымаў вядомы атрад, створаны ў Старасельскім лесе ў першыя дні вайны. З асаблівай пашанай юная экскурсавод гаворыць аб арганізатары абароны Брэсцкай крэпасці капітане Іване Зубачове. Зусім нездарма сярэдняя школа №1, у якой вучыцца Ганна Канючка, з гонарам носіць імя Івана Мікалаевіча. Дзяўчына згадвае, што сёлета даводзілася сустракаць не толькі айчынныя, але й замежныя дэлегацыі, прыкладам, гасцей з Башкартастана. А зусім нядаўна сярэднюю школу №1 імя І.М. Зубачова наведалі студэнты-гісторыкі з Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Яны з бачнай цікавасцю слухалі расповеды пра мінулае Жабінкі і Жабінкаўскага раёна (асабліва пра грозныя часы Вялікай Айчыннай вайны) ад юнай удзельніцы школьнага гуртка экскурсаводаў.

Шляхам даследчыка і прыгажосці

Дзяўчына перакананая: сапраўдныя гарызонты для яе адкрывае даследчая дзейнасць. Яна пакуль не вучоная з высокімі званнямі, аднак да навукі моцна цягнецца, калі са сваімі навуковымі кіраўнікамі і настаўнікамі фізікі ды матэматыкі Таццянай Карпук і Алінай Барысюк рыхтуецца да выступленняў. У мінулым навучальным годзе Ганна Канючка здолела годна прадставіць родную школу і ўвесь наш раён на абласной навукова-даследчай канферэнцыі па матэматыцы.

– Для мяне таксама вельмі важна нароўні з дакладнымі навукамі… чытатаць вершы, – гаворыць Аня, і ў гэтым для яе не існуе ніякіх супярэчнасцяў, бо: – Паэтычныя чытанні, а яшчэ вядзенне розных мерапрыемстваў, дазваляе пераадольвасць нейкую скаванасць, лішнюю сарамлівасць, паводзіць сябе больш эмацыйна, каб дарыць слухачам прыемную атмасферу і адчуваць, што можаш крышачку кіраваць іх пачуццямі і перажываннямі.

У выніку, прызнаецца наша суразмоўніца, у яе самой знікае боязь сцэны, а на змену гэтаму прыходзіць сяброўскае стаўленне да ўсялякай аўдыторыі.

Нездарма дзяўчына выдатна выступіла на раённым і абласным этапах конкурсу прыгажосці “Міс Вясна”. У сярэдзіне мая з горада над Бугам дзяўчына-Вясна з Жабінкі вярнулася з прэстыжнай узнагародай – дыпломам другой віцэ-міс прэстыжнага спаборніцтва.

Запаветны білет

Аднак існавала яшчэ адна мара, якая здавалася амаль недасягальнай. Ганне вельмі хацелася стаць пасажыркай “Цягніка Памяці”, які вось ужо пяты год падарожнічае па славутых мясцінах Беларусі і Расіі. Канкурэнцыя існавала нежартоўная. Уявіце сабе: для беларускіх юнакоў і дзяўчат мелася ўсяго сорак білетаў, а заявак з усіх куткоў краіны было пададзена крыху менш, чым жыхароў у нашым горадзе-спадарожніку: ажно 12 тысяч! Зразумела, апынуцца сярод найлепшых здавалася няпростай задачай.

Пасля раённага адборачнага этапа было вельмі хвалююча ў Брэсце, куды з’ехаліся на спаборніцтва школьнікі першага рэгіёна.

– У мяне было выступленне ў душэўнай, творчай форме, – успамінае Аня. – Гэтым яно адрознівалася ад прэзентацый іншых удзельнікаў, якія імкнуліся больш строга расказаць пра свае поспехі. Аднак, як высветлілася, журы кранулі мае словы і яркая прэзентацыя. Былі растаўлены мальберты, а на іх – партрэты людзей, якіх закранула вайна. Я расказвала пра розніцу паміж пакаленнямі – тымі, з ваенных часоў, і намі, сучаснымі. Асобна змяшчаліся фотаздымкі ўдзельнікаў ліхалецця – жанчын, пісьменнікаў, юных піянераў, святароў. Лёсы кожнага з іх былі апалены той бядой. І мне хацелася перадаць іх думкі, пакуты, запаветы, якія яны дасылалі ў будучыню да нас, маладых. Усё гэта я перадавала ў форме ліста, напісанага да тых людзей, легендарных і непаўторных для мяне.

На рэспубліканскі ўзровень трапілі 105 школьнікаў. Патрабавалася прайсці яшчэ адзін адбор. Са сталіцы Ганна Канючка вярнулася, нават прыблізна не ведаючы пра рашэнне суддзяў. Мінула два месяцы ў чаканні. Канечне, было спадзяванне. Аднак пакрысе яно таяла, калі раптам… Вечарам 20 мая Аня гасцявала ў старэйшай сястры, трымала на руках маленькую пляменніцу Сцешу, калі зазваніў тэлефон. Усхваляваная завуч Таццяна Казей сказала:

– Аня! Здаецца, ты прайшла на “Цягнік Памяці”.

Дзяўчына адчула, як у хваляванні забілася сэрца, ногі сталі ватовымі. Адна толькі думка займала: як бы дзіця ад такой навіны не выпусціць з рук. Яна такая, Аня, перш-наперш пра іншых думае…

Цяпер у яе новая адказная справа: рухацца ўслед за мараю ў вагоне “Цягніка Памяці”. Маршрут падарожжа па дзвюх блізкіх краінах Беларусі і Расіі невыпадкова стартаваў 22 чэрвеня, калі адзначаліся 85-я ўгодкі пачатку самая крывавай і разбуральнай вайны. Экскурсія па Брэсту пачалася загадзя. Надзвычай важна, што ўдзельнікі міжнароднага праекта на дыялогавай пляцоўцы сустрэліся са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталляй Качанавай. Юнакі і дзяўчаты сталі таксама сведкамі мітынгу ў крэпасці і рэканструкцыі абароны легендарнай цытадэлі.

“Цягнік Памяці” рухаецца па Расіі і Беларусі, каб завяршыць свой маршрут у горадзе-героі Мінску, калі родная сталіца будзе адзначаць галоўнае свята краіны – Дзень Незалежнасці. І на працягу ўсяго падарожжа Ганна Канючка паабяцала выканаць галоўнае заданне: усім новым сябрам расказаць пра родную і непаўторную Жабінку.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота з асабістага архіва Ганны КАНЮЧКІ