Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.
Вельмі многія жабінкаўцы змагаліся і гінулі далёка ад роднай старонкі. Дасюль іх магілы захоўваюцца ў тых краінах, за вызваленне якіх нашы землякі аддалі свае жыцці. У Расіі, амаль за тысячы кіламетраў адзін ад аднаго, знайшлі свой апошні прытулак браты Марозкі з вёскі Селішчы Хмелеўскага сельсавета.
ПРА СТАРЭЙШАГА — Ігната Андрэевіча МАРОЗКУ (1918–1942) — раённая кніга “Памяць” паведамляе лаканічна і няправільна: “прапаў без вестак”. Насамрэч, дзякуючы дакументам, што захоўваюцца ў Цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі ў Падольску, весткі адшукаліся.
Наш праект называецца “Ніхто не забыты, нішто не забыта!”. Нагадаем, гэтыя словы паэтэса Вольга Бяргольц прысвяціла ленінградцам — ахвярам блакады горада на Няве. Даследчыкі скрупулёзна падлічылі: з верасня 1941-га па студзень 1944 года ў Ленінградзе ад голаду і холаду памерлі 632 253 чалавекі. У іх ліку — і радавы 480-га асобнага стралковага палка Ігнат Марозка.
Ён быў прызваны ў Рабоча-Сялянскую Чырвоную Армію Жабінкаўскім райваенкаматам яшчэ да Вялікай Айчыннай. Таму сустрэў вайну з самых першых яе дзён у шэрагах абаронцаў Ленінграда.
Першы год блакады выдаўся самым страшным. Асабліва зіма сорак другога, калі штомесяц памірала па 130 тысяч чалавек. Сярод іх аказаўся і наш зямляк. Як многіх, яго забілі голад і хваробы. 2 лютага баец быў дастаўлены ў шпіталь з дыягназам: знясіленне, энтэракаліт (адначасовае запаленне тонкай і тоўстай кішак), бронхапнеўманія. 8 лютага 1942 года Марозкі не стала. Свой апошні прытулак ён знайшоў сярод сотні тысяч блакаднікаў, пахаваных на Серафімаўскіх могілках.
Услед за старэйшым на вайну пайшоў і малодшы брат Рыгор Андрэевіч МАРОЗКА (1926–1945). Родныя Селішчы ён пакінуў назаўжды амаль адразу пасля вызвалення, прызваны ў дзеючую армію Жабінкаўскім РВК. Месцам службы гвардыі сяржанта Марозкі стаў 248-ы гвардзейскі стралковы полк 83-й гвардзейскай стралковай Гарадоцкай Чырванасцяжнай ордэна Суворава дывізіі. Яна не толькі бліскуча праявіла сябе падчас вызвалення Беларусі, але й прайшла з баямі праз усю Усходнюю Прусію, дзе адчайныя бітвы вяліся літаральна за кожны населены пункт.
23 студзеня 1945 года ад немцаў быў ачышчаны пасёлак Велау, а на наступны дзень наш зямляк Рыгор Марозка загінуў у баі за невялічкую суседнюю вёску, дзе і быў пахаваны ў брацкай магіле.
Пасля вайны, калі Усходняя Прусія стала Калі-нінградскай вобласцю, а Велау — Знаменскам, астанкі шматлікіх чырвонаармейцаў, што склалі галовы на гэтай зямлі, былі перазахаваны ў згаданым пасёлку.
…Разважаючы над лёсамі братоў Марозкаў, міжволі лаўлю сябе на думцы: што лягчэй было для іх бацькі Андрэя Цімафеевіча — атрымаць пахавальны ліст па малодшым сыне або паведамленне пра старэйшага: “прапаў без вестак”, і доўга яшчэ спадзявацца, што аднойчы той вернецца ў родныя Селішчы?..
Пытанне ёсць — адказу не знайсці.
На здымку: помнік у цэнтры Хмелева ў памяць аб земляках, што не вярнуліся з вайны (апошнімі ў спісе
названы браты Марозкі).
