Два тыдні, як на Брэстчыне дзейнічае абавязковы масачны рэжым. У жабінкаўскіх крамах, паштовых і банкаўскіх аддзяленнях, адміністрацыйных будынках, на прадпрыемствах і ў арганізацыях вісяць аб’явы “Без маскі не ўваходзіць!”. Як рэагуюць жабінкаўцы на гэту просьбу-патрабаванне і ці адбіўся масачны рэжым на рабоце сферы паслуг, паназірала ў першым аддзяленні паштовай сувязі Жабінкі і ў Цэнтры банкаўскіх паслуг № 109 Беларусбанка.
На дзвярах пры ўваходзе ў паштовае аддзяленне дзве аб’явы. У першай гаворыцца аб тым, што з мэтай выканання прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на недапушчэнне распаўсюджвання вірусных інфекцый, каля аперацыйнага акна рэкамендуецца знаходзіцца па адным чалавеку і захоўваць дыстанцыю 1,5-2 метра ў чаканні абслугоўвання. Другая ўтрымлівае зварот да кліентаў, каб дзеля сваёй жа бяспекі яны ўваходзілі ў кліенцкую залу ў ахоўнай масцы. “Мы клапоцімся пра ваша здароўе”, — гаворыцца ў аб’яве. Пагадзіцеся, любы клопат прыемны.
На пошце шматлюдна, але ўсе да аднаго наведвальнікі ў масках і захоўваюць дыстанцыю, пазначаную на падлозе жоўтымі рыскамі. Маладыя мамы разглядаюць навагоднія падарункі, выбар якіх тут даволі багаты, мужчыны атрымліваюць пасылкі, аплачваюць паслугі.
Усе аператары ў масках і пальчатках, што й казаць, дысцыплінаванасць паштовых работнікаў заўсёды на вышыні. У зоне доступу кліентаў — антысептыкі, маскі ёсць у продажы.
— Нагадваць нашым наведвальнікам, каб надзелі маску, нават не даводзіцца, — распавядае намеснік начальніка першага аддзялення паштовай сувязі Ларыса Юхімук. — Мы ж імкнёмся абараніць здароўе і нашых кліентаў, і нашых работнікаў. Маскі і пальчаткі выдаюцца ў службовым парадку, за кошт прадпрыемства. Маскі мяняем кожныя дзве гадзіны, пальчаткі — па меры неабходнасці. На кожным працоўным месцы ёсць антысептыкі. Усе супрацоўнікі азнаёмлены з нарматыўнымі дакументамі Міні-
стэрства аховы здароўя, Міні-стэрства сувязі і інфарматызацыі і пастановай Брэсцкага аблвыканкама па папярэджанні распаўсюдж-вання вострых рэспіраторных інфекцый, у тым ліку каранавіруса. Калі кліент без маскі, аператар прапануе яе надзець ці набыць у нас, як той казаў, не адыходзячы ад касы. За мінулы тыдзень з боку нашых жыхароў не было ніводнага выпадку адмовы выконваць масачны рэжым.
Запэўнілі нас і ў тым, што работнікі “Белпошты”, якія дастаўляюць паштовыя адпраўленні па адрасах, таксама забяспечаны антысептыкамі, пальчаткамі, маскамі. З мэтай антывіруснай бяспекі кліентаў пры дастаўцы пенсій і дзяржаўных дапамог на дом выдача грашовай наяўнасці ажыццяўляецца ў індывідуальных полі-этыленавых пакетах.
— Рашэнне пра ўвядзенне масачнага рэжыму абсалютна правільнае, — кажа аператар паштовай сувязі Вольга Гаўрылковіч. — Зараз нам прасцей абгрунтаваць для некаторых грамадзян нашы просьбы выконваць гэту меру прафілактыкі. А яна патрэбная, каб была меншая верагоднасць заразіцца ў месцах, дзе праходзяць сотні людзей.
Далей накіроўваюся ў ААТ “Акцыянерны ашчадны банк “Беларусбанк”. Наведвальнікаў тут разы ў два больш, чым на пошце. Усе ў масках, некаторыя ў пальчатках. Мужчына ажыццявіў плацеж з дапамогай інфакіёска і тут жа апрацаваў рукі антысептыкам, што стаіць побач. А як жа абараняюць сябе работнікі банка?
— Для спецыялістаў мы заказалі ахоўныя экраны, — расказаў загадчык сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу ЦБП № 109 ААТ “ААБ Беларусбанк” Сяргей Платонаў. — Яны працуюць у масках, усюды стаяць антысептыкі. У касах прадугледжаны техперапынкі, падчас якіх апрацоўваецца клавіятура камп’ютараў, некалькі разоў у дзень мыюцца памяшканні і праз кожныя дзве гадзіны праводзіцца санапрацоўка.
Сяргей Васільевіч адзначыў, што за дзень у банк прыходзяць сотні кліентаў і галоўным чынам яны дысцыплінаваныя: выконваюць патрабаванні дыстанцыравання і выкары-стоўваюць маскі.
“Прытрымлівайцеся гэтых няхітрых правілаў, будзьце здаровыя, беражыце сябе і сваіх блізкіх!” — пажадаў на заканчэнне Сяргей Платонаў.
Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара
На здымках: у першым аддзяленні паштовай сувязі; у ЦБП № 109 ААТ “ААБ Беларусбанк”.

