Беражыце ровары!

 

З надыходам цеплыні павялічваюцца крадзяжы веласіпедаў. Прыкладам, летась у раёне было 18 такіх злачынстваў. Найчасцей прычына крадзяжоў – бесклапотнасць саміх уласнікаў, нярэдка ахвярамі зламыснікаў становяцца пажылыя людзі. Большасць крадзяжоў адбываецца з пад’ездаў, альбо ровары, пакінутыя без нагляду, знікаюць у невядомым напрамку проста на вуліцы.

Вось некаторыя меры, якія дазволяць захаваць свайго двухколага сябра. Найперш, забяспечце веласіпед блакіроўкай для колаў, не пакідайце яго без нагляду ў грамадскіх месцах і прымацоўвайце замком. Яшчэ парады: не давайце карыстацца роварам незнаёмым і перапішыце назву, мадэль і нумар рамы веласіпеда. Гэта дапаможа ў яго пошуку і ідэнтыфікацыі.

Што рабіць, калі двухколы сябар усё ж знік? Адразу званіце ў міліцыю на нумар 102, поўнасцю апішыце свой веласіпед і патлумачце, дзе і пры якіх абставінах адбыўся яго крадзеж. Калі гэтыя меры не ігнараваць, можна маёмасць сваю захаваць!

Віталь ГАДЛЕЎСКІ, начальнік Жабінкаўскага РАУС